Праваабарончая праграма "Вясна" на Беларускім Радыё Рацыя Аўдыё
Кожны аўторак у 21:05 (паўтор у суботу ў 8:05) у эфіры незалежнай радыёстанцыі “Беларускае Радыё Рацыя” - праграма "Вясна", якая асвятляе падзеі, датычныя правоў чалавека ў Беларусі.
Анонс выпуска:
“Падзея”: Савет па правах чалавека ААН зноў працягнуў мандат спецыяльнага дакладчыка па Беларусі. Гэта адбылося падчас 38-ай сесіі Савета, калі большасцю галасоў “за” прадстаўнікі краін-удзельніц падтрымалі прыняццё рэзалюцыі "Становішча ў галіне правоў чалавека ў Беларусі". Зараз пазіцыю спецдакладчыка па Беларусі займае Міклаш Харасці, але ўжо с кастрычніка будзе абраны новы спецдакладчык. Пра супрацоўніцтва з Харасці ў папярэднія гады і перспектывы працы з новым дакладчыкам распавядае юрыст Праваабарончага цэнтру "Вясна" Валянцін Стэфановіч.
“Каментар”: Актывіст анархічнага руху і былы палітвязень Мікалай Дзядок распавядае пра падзеі 30 чэрвеня, калі сілавікі брутальна разагналі сустрэчу анархістаў у лесе пад горадам Крупкі. У нефармальнай сустрэчы актывістаў браў удзел і Мікалай, які пасля затрымання некалькі гадзін правёў пад дажджом у кайданках лежачы тварам у зямлю.
“Каментар эксперта”: Праваабаронца з Малдовы, стваральнік Кіруючых прынцыпаў АБСЕ па свабодзе мірных сходаў Сяргей Остаф распавядае пра праект беларускага альтернатыўнага закона аб мірных сходах. Ён адзначае асноўныя пазітыўныя моманты дакумента, які, на думку эксперта, у поўнай меры спрыяе рэалізацыі грамадзянамі свайго права на мірныя сходы.
У музычных паўзах – кампазіцыі ў выкананні гурта Vuraj.