viasna on patreon

Рэха Дня волі: крыміналкі не будзе, VIN-код у парадку, вінаватых у затрыманні праваабаронцы няма

2018 2018-07-18T12:40:50+0300 2018-07-18T12:53:23+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/mackevich5.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Алег Мацкевіч. Фота: ПЦ "Вясна".

Алег Мацкевіч. Фота: ПЦ "Вясна".

Барысаўскі праваабаронца Алег Мацкевіч атрымаў ліст з мясцовага РУУС за подпісам начальніка ўпраўлення Д. Лінніка. У ім паведамляецца, што па выніках праведзенай праверкі па факце сапраўднасці ідэнтыфікацыйнага (VIN-код) нумару аўтамабіля, якім кіраваў праваабаронца ў дзень затрымання 25 сакавіка 2018 года, прынята рашэнне аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы з прычыны адсутнасці грамадска небяспечнага дзеяння і складу злачынства, прадугледжанага ч. 1 арт. 381 КК Рэспублікі Беларусь. Да ліста з РУУС прыкладзена копія пастановы аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы.

Пры гэтым на ранейшую просьбу А. Мацкевіча правесці праверку законнасці і абгрунтаванасці затрымання 25 сакавіка 2018 г. адказу ён не атрымаў. З гэтай прычыны праваабаронца накіраваў скаргі начальніку УУС Мінскага аблвыканкаму і ў пракуратуру Мінскай вобласці, ў якіх просіць адказаць, чыя канкрэтна заява паслужыла падставай для яго затрымання 25 сакавіка, якія меліся прычыны ў заяўніка лічыць, што А. Мацкевіч можа парушаць закон, якія захады прымаліся органам крымінальнага пераследу ў адпаведнасці з нормамі КПК з мэтай забяспечыць абарону правоў і свабодаў праваабаронцы дзеля захавання парадку, прадугледжанага законам, правесці праверку дзейнасці службовых асобаў Барысаўскага РУУС і Барысаўскага раённага аддзелу Следчага камітэту Рэспублікі Беларусь на адпаведнасць КПК Рэспублікі Беларусь.

Нагадаем, праваабаронца Алег Мацкевіч быў затрыманы ў Барысаве супрацоўнікамі ДАІ 25 сакавіка падчас паездкі ў Мінск на аўтамабілі, на якім ехаў з дачкой. Па словах супрацоўнікаў ДАІ яны мелі падазрэнні ў тым, што VIN-код аўтамабіля перароблены. Пазней Мацкевіч падаў скаргі пракурору Барысаўскага раёну і начальніку Барысаўскага раённага аддзелу Следчага камітэту Рэспублікі Беларусь. У скаргах ён прасіў правесці праверку законнасці і абгрунтаванасці свайго затрымання цягам амаль 6 гадзінаў у будынку Барысаўскага РУУС з мэтай “зверыць сапраўднасць VIN-коду аўтамабіля”.

Па выніках праверкі тэхнічнага стану аўтамабіля супрацоўнікі ДАІ у той дзень заявілі, што агляд машыны неабходна правесці эксперту і следчаму, якія былі выкліканы ў РУУС. Пасля іх прыезду ў адносінах да правабаронцы праводзіліся працэсуальныя дзеянні ў адпаведнасці з нормамі КПК Рэспублікі Беларусь. Былі праведзены агляд аўтамабіля экспертам і прадстаўніком Следчага камітэту, складзены пратакол агляду месца здарэння, складзены пратакол атрымання тлумачэнняў, узята распіска-абавязанне не змяняць аўтамабіль з прычыны неабходнасці правесці тэхнічную экспертызу.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства