Суд па “справе прафсаюзаў”: допыт сведак і праслухоўванне тэлефонаў Дапоўнена
Суд Савецкага раёна Мінска 1 жніўня працягне разглядаць рэзанансную крымінальную справу старшыні Беларускага незалежнага прафсаюза работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) Генадзя Фядыніча і галоўнага бухгалтара прафсаюза РЭП Ігара Комліка. Ім прад’яўленае абвінавачванне па ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (ухіленне ад выплаты сум падаткаў, збораў у асабліва буйным памеры). Працэс вядзе суддзя Марына Фёдарава.
У першыя дні судовага паседжання ў судзе разглядаліся хадайніцтвы, зачытана абвінавачванне і адбыўся допыт сведак. Пры гэтым высветлілася, што адна са сведак – сакратарка прафсаюза РЭП Юля Юхнавец з'яўлялася агентам КДБ, на многіх следства аказвала маральны і псіхалагічны ціск.
Сёння ў суддзе працягнецца допыт сведак, а затым суд прыступіць да вывучэння пісьмовых доказаў па “справе прафсаюзаў”.
Падрабязна аб тым, што адбывалася на судзе ў першы дзень.
Падрабязна аб тым, што адбывалася на судзе ў другі дзень.
У зале - каля 30 чалавек. На сёння ў суд выкліканыя 4 сведкі. Пачынаецца допыт Ніны Барысевіч, жанчына вельмі сталага веку, 1937 года нараджэння. Гэта цешча Фядыніча. Яна дае паказанні нават не ўстаючы з лавы, чытае іх з паперы. Распавядае пра тое, што ў 2017 годзе Следчы камітэт па Мінскай вобласці наклаў арышт на яе лецішча. Кажа, што 1983 годзе прадалі дом у вёсцы за 6 тысяч савецкіх рублёў. За гэтыя грошы і пабудаваўся ў 1994 годзе новы дом. Яе муж памёр, а яна набыла ўчастак і пачала будаваць дом праз фірму, якая прывезла няякасныя матэрыялы.Будавалі сваімі рукамі 8 год і яшчэ сёння застаецца шмат працы.
Ніну Барысевіч правярала падатковая інспекцыя, прычым за 10 год - з 2007 па 2017 гады - і не ўстанавіла перавышэнняў даходаў над выдаткамі.
Наступны сведка - Юрый Сякерын. Абвінавачванне цікавіць факт пабудовы дома Фядыніча. Распавядае, шгто кансультаваў іх пры пабудове дома. Гэта былі 2010 і 2011 гады. З будаўніцтвам не звязаны. Ацэньваў якасць прац, якія рабілі нейкія людзі. Коштам будаўнічых работ не цікавіўся.
Дапытваюць новага сведку, Уладзіміра Кандратовіча. Ён сябра прафсаюза РЭП з 2006 па 2015 года. Плаціў унёскі па 1% ад сумы заробку. Пракурор распытвае пра працэдуру атрымання пасведчання сябра арганізацыі, пра аплату паездак на міжнародныя семінары. Сведка адказвае, што прымаючы бок аплочваў. Таксама і суткавыя, напрыклад, у Швецыі.
Генадзя Фядыніча сведка характарызуе выключна станоўча.
Выклікалі сведку Алега Падалінскага, які з'яўляецца сакратаром Кангрэса незалежных прафсаюзаў па міжнароднай працы.
Ён тлумачыць, што атрыманне дапамогі прафсаюзамі - нармальная практыка, якая замацаваная ў адпаведнай канвенцыі аб прафсаюзах. Патрабаванне сплаты падаткаў з дапамогі прафсаюзам не павінна падлягаць падаткаабкладанню. Такая практыка існуе ва ўсім свеце. РЭП, як адна з 4 арганізацый Кангрэса самастойна вядзе сваю дзейнасць. Кангрэс з-за мяжы сродкі не атрымліваў, але яму дапамагалі праводзіць семінары, Выдаткі аплочвалі партнеры.
Наступны сведка - сябра РЭП Жудай ці Судай (неразборліва). У прафсаюзе РЭП быў адзін месяц. Заяву аб выключэнні не пісаў, унёскі плаціў адзін месяц.
Суддзя прыступіла да вывучэння пісьмовых матэрыялаў справы. Пракурор пачала зачытваць першы том крымінальнай справы.
Генадзь Фядыніч просіць агучыць матэрыялы аператыўна - вышуковай дзейнасці.
З санкцыі пракурора Мінска УДФР КДК па Мінскай вобласці здзяйсняла праслухоўванне тэлефонаў Генадзя Фядыніча і Ігара Комліка. Усе размовы запісваліся. Аператыўна - вышуковая дзейнасць вялася з ліпеня 2017 года.
Пракурор Ліліяна Літвінюк зачытвае нумары файлаў па праслушцы і смс-паведамленнях. Зачытваюць асобныя смс-кі, аднак іх сэнс незразумелы.
Пракурор агучвае некаторыя тэлефонныя размовы Ігара Комліка. Таксама цяжка разабраць, пра што і з кім вядзецца размова. Гэтыя размовы практычна не тычацца прад’яўленага абвінавачвання і незразумела, чаму яны, па меркаванні следства, могуць уяўляць аператыўны інтарэс.
Тым часам у судзе актывізаваліся тэхнікі і камп'ютаршчыкі - будуць рыхтаваць тэхніку, каб слухаць і глядзець матэрыялы справы.
У судзе абвешчаны перапынак да 14 гадзін.
Пад час перапынку журналіст Белсата браў інтэрв'ю у праваабаронцаў, і тут адразу падышлі амапаўцы: "Што робіце, навошта здымаеце?" Андрэй Бандарэнка сказаў, што для прыватнага архіву. Пачакалі тактычна, калі завершыцца інтэрвію і сыйшлі.
Паседжанне працягваецца. Падтрымаць лідараў прафсаюзу РЭП прыехаў калега - прадстаўнік прафсаюзу з Кыргызстана.
Фядыніч заявіў хадайніцтва: "Звяртаюся да пракурора! Чытайце толькі тое, што адносіцца да справы! Бо атрымліваецца нейкае зацягванне працэсу".
Абаронца і Комлік падтрымалі хадайніцтва. Пракурор пярэчыць, што чытае толькі ўсё адносіцца да справы. Суддзя Фёдарава падтрымала хадайніцтва. Сказала пракурору, каб ён не зачытваў усе нумары лістоў і толькі тое, што непасрэдна адносіцца да справы.
Пракурор зачытвае ўсе тэлефонныя размовы з Комлікам і Пічужкінай, аж да размоваў пра стаматолага. Часам гучыць інфармацыя і пра семінары ў Беларусі. Па тэлефоне Фядыніч расказвае Пічужкінай пра сустрэчу ў Наваполацку, дзе быў ціск на заводах з-за ўдзелу ў акцыях пратэсту.
Абвінаваўца ўстанавіў на падставе гэтых размоў, што Комлік і Фядыніч нібыта могуць валодаць важнай інфармацыяй па справе.
Следчыя УДФР устанавілі, што паштовая скрыня profrep@gmail.com выкарыстоўвалася да здзяйснення процівапраўнай дзейнасці. Частка лістоў перакладзена на рускую мову.
На паштовай скрыні быў файл ад літоўскага банка SEВ. Абаронца спытала, якімі перыядамі датуюцца знойдзеныя файлы. На скрыні 2 файлы ад 27 сакавіка 2017 г. 1 файл ад 06.06.2017.
Знайшлі ў скрынях перапіску Пічужкінай з прафсаюзамі Дацкага каралеўства і Швецыі па рэалізуемых сумесных праектах, а таксама па іх фінансаванню. Пракурор зачытвае ангельскамоўныя лісты са скрыні. Ёсць ліст ад 3 студзеня 2007, дзе напісана, што прадстаўнік прафсаюза 3F збіраецца прыехаць у Беларусь, вядзецца гаворка пра бронь нумара ў гатэлі для прадстаўніка.
Некаторыя дадзеныя са скрыні закадзіраваныя. Некаторыя ў далейшым былі дэкадзіраваныя.
Заўважна, што пракурор не можа чытаць па-англійску. Ён зачытвае ліст ад прафсаюза IndustriALL, дзе распавядаецца пра стратэгічнае планаванне. Пракурор чытае ўсю стратэгію IndustriALL. Вывучылі толькі палову 1 тома.
Пракурор зрабіў высновы на падставе гэтага плана, што РЭП супрацоўнічае з замежнымі арганізацыямі, а значыць РЭП атрымлівае фінансаванне.
Фядыніч папрасіў суд адчыніць вокны і зрабіць перапынак. Суддзя сказала, што вокны адчынены, а падстаў для перапынку няма, аднак перапынак абвесціла.
Ёсць паказанні сведкаў, якія сведчылі аб тым, што перавозілі грошы і прасілі, каб перавозілі. Сведкі падцвярджаюць, што ажыццяўлялася абналічванне банкаўскіх рахункаў у Літве. Пракурор спасылаецца толькі на паказанні сведак, дзе кажа аб падцвярджэнні факта абналічвання літоўскага рахунка.
У адрас суддзі паступіла хадатайства дапрасіць НЕВІЗУАЛЬНА сведку - прадстаўніка УДФР Дзмітрыева. Абаронцы супраць, бо няма падставаў для гэтага.
Фядыніч кажа: "Што яны баяцца? Прафсаюза? Няхай прыходзіць у суд і мы яго паслухаем усе."
Так, выпіскі на скрыні на той (фэйкавай) былі. Але яны не ведаюць, адкуль там аказаліся выпіскі.
Суддзя выдалілася да вынясення пастановы аб допыце сведкі. Абвінавачаныя абураюцца, што хочуць невізуальна апытаць Дзмітрыева. За якую бяспеку ён хвалюецца?
Дзмітрыеў быў заяўлены як сведка першапачаткова, але невядома, чаму спатрэбілася дапытаць яго зараз.
Цытата пракурора, вытрымка з матэрыялаў справы: "Подпіс на дакументах падобны на працаўніка банка".
Суддзя прыняла рашэнне хадайніцтва аб допыце сведкі Дзмітрыева задаволіць, з забяспячэннем бяспекі з улікам той дзейнасці, якой ён займаецца. Заўтра будуць дапытваць Дзмітрыева. У якой форуме пакуль невядома.
Перапынак да 10 гадзін 2 жніўня.
Генадзь Фядыніч быў затрыманы 2 жніўня 2017 года. На яго кватэры і па месцы працы адбыліся ператрусы, канфіскаваныя носьбіты інфармацыі, дакументы. На офіс арганізацыі накладзены арышт. Пазней Фядыніч быў адпушчаны пад падпіску аб нявыездзе за межы краіны.
Крымінальная справа таксама ўзбуджаная ў дачыненні да Ігара Комліка, галоўнага бухгалтара прафсаюза РЭП. Супрацоўнікі Дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь правялі ператрусы дома ў Ігара Комліка, Генадзя Фядыніча і Наталлі Пічужкінай, а таксама ў офісе прафсаюза РЭП і цэнтральным офісе Беларускага незалежнага прафсаюза ў Салігорску. Канфіскаваныя камп’ютарная тэхніка і фінансавыя дакументы.
Паводле афіцыйнай інфармацыі Камітэта дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь у ходзе праверкі ў межах узбуджанай крымінальнай справы ўстаноўлена, што «старшыня і галоўны бухгалтар прафсаюзнай арганізацыі з мэтай асабістага ўзбагачэння адкрылі ад імя прафсаюза рахункі ў замежных банках, на якія пастаянна паступалі буйныя сумы грашовых сродкаў».
Ігар Комлік утрымліваўся пад вартай з 2 жніўня 2017 году па 2 кастрычніка 2017 году. Яго таксама вызвалілі з СІЗА пад падпіску аб нявыездзе.
Па інфармацыі, якую распаўсюдзіў Следчы камітэт, Генадзь Фядыніч і Ігар Комлік мелі рахунак у Літве, у 2011 годзе ад нерэзідэнтаў Беларусі на яго паступалі грошы ў замежнай валюце агульным памерам 140 тысяч еўра.
Паводле разліку Дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю, сума нявыплачаных падаткаў склала 22.867,1 рубля.
Генадзю Фядынічу і Ігару Комліку пагражае абмежаванне волі на тэрмін да 5 гадоў або пазбаўленне волі на тэрмін ад 3 да 7 гадоў з магчымай канфіскацыяй маёмасці.
Што вядома па “Справе прафсаюзаў”?
- Следства доўжылася амаль год. Яго працягвалі некалькі разоў: 13 снежня 2017 года, 2 лютага і 2 траўня 2018 года. Мяняўся і павялічваўся склад следчай групы.
- За гэты час былі дапытаныя больш за 800 сябраў незалежнага прафсаюза РЭП.
- Крымінальная справа налічвае 11 тамоў.
- 8 траўня Генадзю Фядынічу і Ігару Комліку прад'яўленае канчатковае абвінавачанне ва ўхіленні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры (частка 2 артыкула 243 Крымінальнага кодэкса РБ).
У падтрымку лідэраў прафсаюза РЭП выступілі з сумеснай заявай шэраг беларускіх праваабарончых арганізацый, Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў, іншыя міжнародныя і нацыянальныя арганізацыі.
Варта адзначыць, што аналагічная крымінальная справа была ўзбуджаная ў 2011 годзе ў дачыненні да старшыні Праваабарончага цэнтра "Вясна" Алеся Бяляцкага, што адназначна было расцэнена праваабарончай і міжнароднай супольнасцю як пераслед за яго шматгадовую праваабарончую дзейнасць.