viasna on patreon

Суд па "справе прафсаюзаў": што пачуем у панядзелак? Фота Дапоўнена

2018 2018-08-06T15:16:00+0300 2018-08-07T12:08:45+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/fedunich-komlik-33.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Генадзь Фядыніч і Ігар Комлік перад судом. Фота: ПЦ "Вясна".

Генадзь Фядыніч і Ігар Комлік перад судом. Фота: ПЦ "Вясна".

У панядзелак, 6 жніўня, у судзе Савецкага раёна Мінска працягваецца судовы працэс па абвінавачванні старшыні Беларускага незалежнага прафсаюза РЭП Генадзя Фядыніча і галоўнага бухгалтара прафсаюза РЭП Ігара Комліка  ва ўхіленні ад выплаты сум падаткаў, збораў у асабліва буйным памеры  (ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь).

Суддзя – Марына Фёдарава.

За папярэднія дні працэсу суд паспеў заслухаць сутнасць абвінавачвання, дапытаць сведак і практычна завяршыў вывучэнне пісьмовых матэрыялаў справы.

Падрабязна аб тым, што адбывалася на судзе ў першы дзень.  

Падрабязна аб тым, што адбывалася на судзе ў другі дзень.  

Суд па “справе прафсаюзаў”: допыт сведак і праслухоўванне тэлефонаў.

Суд па “справе прафсаюзаў”: што не сказаў супрацоўнік ДФР? 

Суд па “справе прафсаюзаў”: непераканаўчая доказная база і палова тома ананімак 

Праваабаронцы ў панядзелак працягваюць маніторынг рэзананснага судовага працэсу.   На паседжанне прыйшло прыкладна 25 чалавек. Сярод іх праваабаронцы Раіса Міхайлоўская, Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч, Аляксей Колчын, Наста Лойка, Валерый Шчукін, актывісты прафсаюзу з Баранавіч і Бабруйску.  Суддзя абвесціла, аб тым, што ў судзе працягнецца допыт сведак.

Праваабаронцы ў судзе па
Праваабаронцы "Вясны" ў судзе па "справе прафсаюзаў".

Пракурор дапытвае сябру прафсаюза РЭП Жану Запрыварыну. Агалошваюцца паказанні на папярэднім следстве.

Запрыварына распавядае, што працавала галоўным прававым інспектарам і атрымлівала выплаты па дацкім праекце з прафсаюзам 3F як юрыст.

Сведка нічога не ведае пра спонсарскую дапамогу і пра атрыманне грошай ад дацкага прафсаюза.

Абавязкаў Фядыніча і Комліка па праекце яна не ведае, узгадвае пра канфлікт з Фядынічам, паколькі ня ведала сваіх абавязкаў у межах гэтага праекта. Прызнаецца, што пісала ліст кіраўніку дацкага праекта, у якім пыталася пра свае функцыі і аб'ём узнагароджання. Ёй адказалі, што ўсё ў межах заканадаўства Рэспублікі Беларусь.

Звольнілася з прафсаюза РЭП ў 2015 годзе па ўласным жаданні.

Пракурор запытваецца, ці выязджала яна ў Літву?

fedunich-komlik-2.jpg
Пракурор Вадзім Казей. Фота ПЦ "Вясна".

"Так, выязджала" - кажа яна, гартаючы пашпарт. Распытваюць дакладна пра 2011 год.

Была 28 жніўня 2011 года. Мэту паездкі назваць не можа, не памятае таксама з кім была там. На пытанне, ці перавозіла з Літвы грошы кажа што двойчы перавозіла. Перавозіла ў еўра, думае, што прыкладна 2-3 тысячы. Нібыта грошы перадавалі на вакзале ў Вільнюсе, а потым Комлік з Фядынічам іх забіраў. Суму грошай сведка не памятае.. Ведала, што грошы гэтыя прызначаныя на патрэбы прафсаюза.

Пра даты атрымання грошай у межах праекта не памятае, хто яшчэ перавозіў грошы таксама не памятае.

Пракурор наводзіць сведку на адказ: "Гэта было ў 2011 годзе?" Абарона пярэчыць і суд пярэчанне прымае.

Сведку распытваюць адвакаты. Пытаюцца, ці дэкларавала атрыманыя сродкі? Адказвае, што не, паколькі лічыла, што ўсё ў межах закона. 

 -Чаму вы называеце гэтыя грошы ганарарам?

- Таму што гэта па праекце, а заробак ішоў асобна.

Аб тым, што грошы шлі  з праекту яна не ведала. Дакладна апісаць сутнасць канфлікта з Фядынічам не можа і таму просіць зачытаць яе перапіску з дацкім прафсаюзам.

Высвятляецца, што пад час следства следчы ёй падказваў даты яе перамяшчэння праз літоўскую мяжу на падставе дадзеных аператыўна-вышуковай дзейнасці.

Лісты ў дацкі прафсаюз Запрыварына пісала са сваёй скрыні на rambler. Перапіску следству прадставіла дабраахвотна.

На пытанне, ці былі паездкі ў Літву на семінары альбо ў асабістых мэтах, адказала, што "так, былі". І не толькі ў Літву, але і ў Польшу.

- Ці былі выпадкі выдачы сродкаў у якасці кампенсацыі за праезд на семінары?

- Не ведаю, - кажа сведка

Агалошваюць пратакол допыту пад час следства. Паказанні, дадзеныя на следстве, Запрыварына падтрымала ў поўным аб'ёме. Паказала на следстве, што звольнілася з-за пастаянных канфліктаў з Фядынічам.  Зараз яна неахвотна гэта падцвярджае. Яна кажа, што яе дапытвалі і ў 2017, і ў 2016 (!) годзе ў ДФР.

- У судзе вы кажаце, што грошы перавозілі 1-2 разы, а на следстве заяўлялі, што 15-20 разоў, а потым што 4. Дзе праўда?

Кажа, што паказанні давала на падстве дадзеных Памежнага камітэта аб перасячэнні мяжы.

- А як вы вылічвалі даты, у якія перавозілі грошы?

- На падставе дадзеных Мытнага камітэта.

- А там указана, што вы перавозілі грошы?  А чаму вы назвалі канкрэтныя прозвішчы тых, хто перасякаў мяжу?

- Таму, што ведаю, што яны ездзілі.

- Хто можа падцвердзіць, што вы перавозілі грошы?

- Кіраўнікі РЭП могуць.

Пад час допыту следчы называў даты і спосабы перасячэнняч мяжы. Калі быў цягнік, ці аўтамабіль, тады гэтыя даты ўказваліся як даты перавозкі грошай.

Наконт дацкага праекту сведка заяўляе, што не бачыла яго і не чытала, а ведала толькі са словаў кіраўніцтва прафсаюза.

Англійскай мовай свабодна не валодае, дакументы перакладала гугл-перакладчыкам і слоўнікам.

Усю перапіску захоўвала і запісвала на дыск, а потым дабраахвотна перадала яе следству. Але на момант допыту следству ўжо было вядома пра яе перапіску з датчанамі. Ліст гэты знаходзіцца ў матэрыялах справы.

Дапытваюць яшчэ адну сведку. Гэта Вольга Арцёмчык, якая працавала ў РЭП з 2006 па 2013 год сакратаром.

Сведка тлумачыць што выязджала ў Літву з Фядынічам і Комлікам на семінары. Грошы перавозіць праз мяжу яны не прапаноўвалі.

Генадзь Фядыніч і сведка Вольтна Арцёмчык. Фота: ПЦ
Генадзь Фядыніч і сведка Вольтна Арцёмчык. Фота: ПЦ "Вясна".

Да пратаколаў далучаныя выпіскі з датамі аб перасячэнні мяжы. Пракурор хадайнічае таксама аб далучэнні выпіскі аб перамяшчэнні праз мяжу жонкі Фядыніча - Алы Фядыніч. Абарона і абвінавачаныя  супраць, паколькі ў матэрыялах следства такога дакумента не было. Суд пагаджаецца далучыць да справы гэты дакумент.

Сведку распытваюць, чаму за мяжу ездзіла Ала Фядыніч, але тая нічога не памятае. Фядыніч пратэстуе супраць ціску на сведку, паколькі яе прымушаюць узгадаць тое, што не яна памятае.

Тлумачыць, што арганізатары семінараў выдавалі канверты з кампенсацыяй за пражыванне і праезд, не можа ўзгадаць у якой валюце былі сродкі. Затым гэтыя грошы Арцёмчык вяртала Фядынічу ці Комліку.

Пракурор просіць зачытаць матэрыялы справы. Абарона перапытвае, пра які перыяд ідзе гаворка. Пракурор тлумачыць, што за 2010 - 2012 гады.

- Чаму на семінары запрашалі  сакратара?

- Мяне заўсёды цікавіла прафсаюзная тэматыка, - адказвае Арцёмчык. - Гэта мне потым спатрэбілася ў жыцці.

Тлумачыць, што квіткі на семінар часам купляў Комлік, а потым гэтую суму кампенсаваў прымаючы бок. Грошы гэтыя па вяртанні аддаваліся назад. І тут сведка не бачыць нічога супрацьзаконнага.

Абарона выказвае пратэст супраць агучвання пратаколу допыту сведкі, паколькі паказанні ў судзе і на следстве ня маюць істотных разыходжанняў. Але суддзя задаволіла хадайніцтва пракурора.

Пракурор пытаецца, чаму пад час следства сведка казала, што грошы перадавалі Фядыніч і Комлік? Комлік супраць такога пытання, паколькі ўсё адно гэта кампенсацыя і няма розніцы, хто яе перадаваў. Сведка кажа, што ў розных выпадках магло быць па-рознаму і гэта зараз не ўзгадаць.

Пракурор нагадвае сведцы пра адказнасць за дачу ілжывых паказанняў.

- Ці падтрымліваеце паказанні, якія былі агучаныя ў судзе, у частцы перадачы кампенсацыі Комлікам і Фядынічам? - пытаецца абвінаваўца.

- Падтрымліваю, такія выпадкі былі, але былі і іншыя, калі на семінары я ездзіла адна, - кажа сведка.

Ігара Комліка сведка характарызуе толькі станоўча. Пра Фядыніча кажа як пра строгага, але справядлівага кіраўніка.

Наконт ціску пад час допыту ў ДФР, сведка кажа, што яе вельмі доўга дапытвала некалькі чалавек, якія часта мяняліся. Следчыя казалі шмат негатыўнай інфармацыі пра РЭП, сведка была вельмі стомленая і пратакол чытала няўважліва. У Следчым камітэце было значна спакойней.

Калі сведка хацела адзначыць важную ролю прафсаюза ў жыцці грамадства, пракурор спрабаваў зняць гэтае пытанне. але адвакаты настаялі на тым, што гэта важна для працэсу.

Адказваючы на пытанне адваката сведка Вольга Арцёмчык прызналася, што пад час працы ў прафсаюзе, былі спробы спецслужбаў завербаваць яе ў якасці агента. Аднак яна адмовілася ад такога супрацоўніцтва.

Дапытваюць сведку Леаніда Шчукіна, прафесійнага перакладчыка. Супрацоўнічаў з прафсаюзам РЭП з 2011 года.

Ён распавядае аб тым, што паміж ЕС і Рэспублікай Беларусь было пагадненне аб тым, што замежная дапамога павінна вызваляцца ад падаткаў. Прыгадвае аналагічную гісторыю з Беларускім Хельсінскім камітэтам і гаворыць аб тым, што з гэтых грошай падаткі выплачаныя па месцы выдачы, што атрымліваецца двайное падаткаабкладанне.

Шчукін кажа, што дапамога атрымлівалася ад дацкіх і шведскіх прафсаюзаў, з якімі РЭП заключыў адпаведныя пагадненні. Усе сродкі выдаткоўваліся па мэтавым прызначэнні, пра што сведчыць аўдытарская праверка.

Далей тлумачыць, што прымаў удзел у многіх перамовах з рознымі прафсаюзамі як перакладчык, і пачынае распавядаць падрабязнасці.

Ад паказанняў, дадзеных пад час следства ў частцы перавозу грашовых сродкаў з Літвы, цалкам адмаўляецца, заяўляе, што гэта правакацыя следчага ДФР Дзмітрыева. І пра тое, што грошы перавозілі іншыя, ён на следстве не казаў.

Пра рахунак у банку, а таксама пра перавозку грошай ён нічога дакладна не ведае.

Пасля абедзеннага перапынку ў судзе працягваецца допыт сведкі Шчукіна. Агалошваецца пратакол допыта дазнавальнікамі УДФР. 

У пратаколе пазначана, што семінары аплочваліся прынімаючым бокам. Таксама там указана, што Комлік і Фядыніч прасілі яго перавозіць грошы. Вазілі такія сумы, якія не дэкларуюцца на мяжы. Указвае на сістэмнасць паездак.

Суддзя чытае яго заяву, у якой ён адмаўляецца ад сваіх паказанняў. У ёй гаворыцца пра шантаж і ціск.

"іншыя асобы ўказвалі на мяне як на асобу, якая правозіла грошы. У мяне не было іншага выйсце. Мой канчатковы адказ: я не перавозіў ніякіх грошай!" - сказана ў заяве.

Комлік пратэстуе: "Высокі суд, пракурор зноў цісне на сведку! Усім вядома пра 37-мы год. Выкарыстоўваюцца тыя ж сродкі на сябраў РЭП, як і тады".

Пракурорка дапытвае Шчукіна і спрабуе высветліць, чаму паказанні так розняцца. Шчукін спасылаецца на падман следчага і на даўнасць падзеі (2011 г.).

Шчукін заяўляе, што ён ад РЭПа атрымліваў толькі беларускія грошы. Пракурорка пытаецца пра прычыну перамены паказанняў "Я знаходзіўся ў стане шоку падчас ператрусу дома і ў офісе".

Абаронца пытаецца, калі праводзіўся вобшук:

"7 жніўня з раніцы прыехалі "рабяты" да мяне дамоў, забралі ўсё і павезлі допыт, які праводзіў дазнавацель Дзмітрыеў. У мяне першы раз афіцыйна праводзілі вобшук. У быў мяне нярвовы шок", - адказвае сведка.

Пракурорка: "А прозвішчы прадстаўнікоў замежных прафсаюзаў вы самі называлі ці зноўку вам дазнавацель сказаў?"

Шчукін: "Я сам!»

Пытанне ад Фядыніча:

"Дык вы сцвярджаеце ці мяркуеце, што Фядыніч адкрыў рахунак у літоўскім банку?"

Шчукін: "Ды ўпасі Бог! Я меркаваў, адкуль я ведаў?!"

Фядыніч: "Вы сцвярджаеце ці мяркуеце, что Фядыніч ці Комлік прасілі іншых асоб перавезці грашовыя сродкі?

Шчукін: "Я не сцвярджаю і не мяркую! Я гэта рашуча адмаўляю!"

Абаронца спытала, адкуль Шчукін ведае пра па папярэднія паказанні сведкаў. На што Шчукін заявіў, што было шмат публікацый у інтэрнэце па гэтаму суду, і цяпер з зала суда пішуць, што тут адбываецца.

Генадзь Фядыніч і абаронца у судзе. Фота: ПЦ

Наступны сведка - Аляксандр Ярашук, старшыня Кангрэса беларускіх дэмакратычных прафсаюзаў. 

"Я казаў, што гэтая крымінальная справа не мае ніякіх прававых падстаў, бо Беларусь падпісала канвенцыю МАП, дзе сказана, што Беларусь не можа перашкаджаць свабодзе асацыяцый. Там сказана, што прафсаюзы могуць звяртацца за дапамагой у замежныя арганізацыі. Справа павінна быць спынена!" - заяўляе ён.

"Тое, што адбываецца ў прафсаюзе, гэта толькі справа РЭП і БКДП, а не крымінальная справа ніякая". 

Ярашук спасылаецца на заявы міжнародных арганізацый аб патрабаванні спынення крымінальнага пераследу Комліка і Фядыніча.

"Наша дзейнасць абсалютна легітымная і адбываецца згодна з прававымі актамі Беларусі" – заяўляе ён.

Пракурор пытаецца, ці кіруе і курыруе БКДП дзейнасці незалежных прафсаюзаў. Ярашук кажа аб іх самастойнасці ў асацыяцыі.

Кажа, што следчы незаконна пытаўся мяне пераканаць, што кіраўнікі РЭП не сплочвалі падаткі.

Пракурор пытаецца пра праекты РЭП з замежнымі прафсаюзамі. Кажа пра негатыўны досвед РЭП у рэалізацыі праектаў замежных партнёраў. Ведаў, што нейкі вынік павінны за гэтым ісці.

"Я ведаў пра пачатак праекта Дацкага прафсаюза 3F. Але я быў супраць такой манеры РЭП вядзення праекта. Я не ведаю ні пра аб'ёмы, ні пра колькасць. Якой бы неправільнай была форма вядзення праекта, я супраць крымінальнага пераследу лідараў прафсаюза РЭП", - заяўляе Ярашук.

Пракурор пытаецца сведку, ці павінна замежная дапамога адлюстроўваецца ў бухгалтарскіх дакументах.

Пракурор трэці раз пытаецца, ці павінен прафсаюз грашовую дапамогу, у тым ліку атрыманую з-за мяжы, адлюстроўваць у бухгалтэрскай справаздачнасці?

Ярашук: "Якія падаткі?"

З залы нехта выкрыкнуў: "Мы ж у Беларусі!"

Пракурор больш настойліва патрабуе адказаць на пытанне: "Сведка адкажыце: так, не, не ведаю!" Суддзя: "Сведка ўжо адказаў на пытанне абвінавачвання!"

Пракурорка пытаецца пра матэрыяльную дапамогу ад замежных прафсаюзаў.

Фядыніч пярэчыць, бо гэта так не называецца. Прафсаюз не можа атрымліваць такую дапамогу!

Комлік: "Пракурор не валодае пытаннямі прафсаюза!"

Суддзя яго прыпыніла: "Абвінавачаны, мы вас яшчэ не дапытаем!"

Падняўся шум у зале. Усе абураюцца на пытанні пракурораў, бо адныя і тыя ж пытанні па некалькі разоў.

Абаронца пытаецца пра заявы міжнародных арганізацый:

"Дарэчы, мы адзіная краіна на постсавецкай прасторы, у якой існуе такі парадак стварэння прафсаюзаў. Нават у такой "прагрэсіўнай дэмакратычнай краіне", як Расія, дазвольны парадак рэгістрацыі прафсаюзаў".

Расказвае пра ціск на прафсаюзы, нават і ў не залежнасці ад гэтай крымінальнай справы. Не кажучы ўжо пра гэты пераслед.

Ярашук распавядае як  падчас допыту яму прадстаўлялі нейкія "банкаўскія дакументы", у якіх былі выразаныя адрасы і іншыя моманты. Фядыніч спытаў пра ананімны ліст у адрас БКДП.  "Я ведаў, што ёсць праблемы с рэалізацыяй гэтых праектаў. Я бы на месцы Генадзя падумаў, ці трэба задаваць гэтае пытанне. Бо невядома адкуль яно ўзялося ў матэрыялах справы", - адказвае Ярашук. Фядыніч кажа, што лісты з'явіліся ў невядома кім створанай электроннай паштовай скрыні.  

Наступны сведка Пятроўскі Сяргей, прадстаўнік УДФР.

"Я праводзіў разлік падатку на прыбытак, паколькі ў адрас упраўлення паступілі лісты ад СК" - заяўляе ён

Пракурор пытаецца, чаму менавіта гэты падатак?

Пятроўскі распавядае: "У нас з'явілася інфармацыя, што Фядыніч незаконна адкрыў рахунак у літоўскім банку, што прыраўніваецца да прыбытку”.

Сведка распавядае, што сума нясплочаных падаткаў 228 млн 667 тысячаў.

 Абаронца пытаецца пра адукацыю: "Адукацыя эканамічная, юрыдычнай адукацыі не маю".

Пытанне ад абаронцы: "Які працэсуальны статус мае ліст следчага?"

Сведка сказаў, што УДФР выконвае паручэнні СК толькі ў межах узбуджанай крымінальнай справы.

Сведка: "Мая даведка стала падставай для ўзбуджэння крымінальнай справы. Ці я неправільна зразумеў?

Абаронца: "Скажыце, якая норма дае Вам права складаць даведкі-разлікі?"

Сведка: "Артыкул 13 Закона аб органах фінансавых расследаванняў"

Абаронца:

- Высокі Суд, можна я прад'яўлю сведцы раздрукоўку?

Суддзя:

"Дык зачытайце!"

Абаронца:

"Высокі суд, я не магу зачытаць тое, чаго няма!!!"

Абаронца прад'явіла раздрукоўку, той чытае хвілін 4. Не можа знайсці. Кажа, што існуе неканкрэтная норма. Паказаў на норму пра праверкі, базы дадзеных і гд. Абаронца: "Калі складаецца даведка, а не акт?"  

Але па сутнасці такая праверка не праводзілася. Абаронца просіць растлумачыць яго логіку, калі ён складаў даведку. Сведка  раздзяляе паняцці "бязвыплатная замежная дапамога" и "бязвыплатная  дапамога". Абаронца ставіць пытанне, наколькі ён кампетэнтны на ацэнку і прымяненне дзеючага заканадаўства.

Сведка: "Пытанне аб "спонсарскай дапамозе" было вырашана УДФР"

- Ці вядома Вам, што што рэдакцыя Падаткавага кодэкса ў 2011 г. мянялася некалькі разоў?

- Так, у студзені 2011 г. была прынята рэдакцыя..

 Але на пытанне абаронцы, чаму ён абраў менавіта гэтую рэдакцыю, калі ў 2011 г. прымалася 2 рэдакцыі, ён зацяжарваецца адказаць.

Пытанні аб сапраўднасці  выпіскі з літоўскага банка. Пракурор і абаронца задавалі пытанні, ці магла яна быць падробленай.

Комлік: "Ці можа ксеракопія дакумента вызываць сумнеў?"

Сведка адказаў, што яны не падвяргаюць сумневам дакументы, прадстаўленыя ім са Следчага камітэта.

Абвешчаны перапынак да 10 гадзін 7 жніўня.


Генадзь Фядыніч быў затрыманы 2 жніўня 2017 года. На яго кватэры і па месцы працы адбыліся ператрусы, канфіскаваныя носьбіты інфармацыі, дакументы. На офіс арганізацыі накладзены арышт.  Пазней Фядыніч быў адпушчаны пад падпіску аб нявыездзе за межы краіны.

Крымінальная справа таксама ўзбуджаная ў дачыненні да Ігара Комліка, галоўнага бухгалтара прафсаюза РЭП. Супрацоўнікі Дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь правялі ператрусы дома ў Ігара Комліка, Генадзя Фядыніча і Наталлі Пічужкінай, а таксама ў офісе прафсаюза РЭП і цэнтральным офісе Беларускага незалежнага прафсаюза ў Салігорску. Канфіскаваныя камп’ютарная тэхніка і фінансавыя дакументы.

Паводле афіцыйнай інфармацыі  Камітэта дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь у ходзе праверкі ў межах узбуджанай крымінальнай справы ўстаноўлена, што «старшыня і галоўны бухгалтар прафсаюзнай арганізацыі з мэтай асабістага ўзбагачэння адкрылі ад імя прафсаюза рахункі ў замежных банках, на якія пастаянна паступалі буйныя сумы грашовых сродкаў».

Ігар Комлік утрымліваўся пад вартай з 2 жніўня 2017 году па 2 кастрычніка 2017 году. Яго таксама вызвалілі з СІЗА пад падпіску аб нявыездзе.

Па інфармацыі, якую распаўсюдзіў Следчы камітэт, Генадзь Фядыніч і Ігар Комлік мелі рахунак у Літве, у 2011 годзе ад нерэзідэнтаў Беларусі на яго паступалі грошы ў замежнай валюце агульным памерам 140 тысяч еўра.

Паводле разліку Дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю, сума нявыплачаных падаткаў склала 22.867,1 рубля.

Генадзю Фядынічу і Ігару Комліку пагражае абмежаванне волі на тэрмін да 5 гадоў або пазбаўленне волі на тэрмін ад 3 да 7 гадоў з магчымай канфіскацыяй маёмасці.

        Што вядома па “Справе прафсаюзаў”? 

  • Следства доўжылася амаль год. Яго працягвалі некалькі разоў: 13 снежня 2017 года, 2 лютага і 2 траўня 2018 года. Мяняўся і павялічваўся склад следчай групы.
  • За гэты час былі дапытаныя больш за 800 сябраў незалежнага прафсаюза РЭП.
  • Крымінальная справа налічвае 11 тамоў.
  • 8 траўня Генадзю Фядынічу і Ігару Комліку прад'яўленае канчатковае абвінавачанне ва ўхіленні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры (частка 2 артыкула 243 Крымінальнага кодэкса РБ). 

У падтрымку лідэраў прафсаюза РЭП выступілі з сумеснай заявай шэраг беларускіх праваабарончых арганізацый,  Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў,  іншыя міжнародныя і нацыянальныя арганізацыі.

Варта адзначыць, што аналагічная крымінальная справа была ўзбуджаная ў 2011 годзе ў дачыненні да старшыні Праваабарончага цэнтра "Вясна" Алеся Бяляцкага, што адназначна было расцэнена праваабарончай і міжнароднай супольнасцю як пераслед за яго шматгадовую праваабарончую дзейнасць.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства