Суд па “справе прафсаюзаў”: пра афіцыйныя запыты Рэспублікі Беларусь Літве, Швецыі, Даніі Фота Дапоўнена
Праваабаронцы 7 жніўня працягваюць маніторынг судовага працэсу старшыні Беларускага незалежнага прафсаюза РЭП Генадзя Фядыніча і галоўнага бухгалтара прафсаюза РЭП Ігара Комліка,якіх абвінавачваюць у здзяйсненні крымінальнага злачынства па ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (ухіленне ад выплаты сум падаткаў, збораў у асабліва буйным памеры). Справа слухаецца ў судзе Савецкага раёна Мінска. Суддзя – Марына Фёдарава.
За папярэднія дні працэсу суд паспеў заслухаць сутнасць абвінавачвання, дапытаць сведак і практычна завяршыў вывучэнне пісьмовых матэрыялаў справы. Аднак у панядзелак на працэс выклікалі дадатковых сведак.
Праваабаронца “Вясны” Валянцін Стэфановіч, які ад першага дня ўважліва сочыць за працэсам над лідэрамі прафсаюза РЭП Генадзем Фядынічам і Ігарам Комлікам, бачыць у “справе прафсаюзаў” водгалас глабальнай праблемы, звязанай найперш з доступам няўрадавых арганізацый да фінансавання сваёй дзейнасці.
Падрабязна аб тым, што адбывалася на судзе ў першы дзень.
Падрабязна аб тым, што адбывалася на судзе ў другі дзень.
Суд па “справе прафсаюзаў”: допыт сведак і праслухоўванне тэлефонаў.
Суд па “справе прафсаюзаў”: што не сказаў супрацоўнік ДФР?
Суд па “справе прафсаюзаў”: непераканаўчая доказная база і палова тома ананімак
Суд па "справе прафсаюзаў": што пачуем у панядзелак?
Сёння на судовае паседжанне прыйшло каля 30-ці чалавек. Сярод іх намеснік старшыні БКДП Сяргей Антусевіч, старшыня ПЦ “Вясна” Алесь Бяляцкі, былыя палітзняволеныя Мікола Дзядок, Валеры Шчукін.
Суддзя паведамляе, што неабходна вывучыць 11 том справы. Але абаронца хадайнічае, каб пасля вывучэння пісьмовых доказаў дапытаць яшчэ некаторых сведак. Суддзя задавальняе хадайніцтва.
Але пакуль пракурорка зачытвае некаторыя матэрыялы з 8 тома, бо пару дзён таму абаронцы хадайнічалі аб агалошванні некаторых матэрыялаў.
Праваахоўныя органы прасілі правесці па Дамове аб прававой дапамозе і прававых адносінах па грамадзянскіх сямейных, крымінальных справах паміж Літоўскай Рэспублікай і Рэспублікай Беларусь некаторыя следчыя дзеянні, кшталту выявіць закрытыя і адкрытыя рахункі ў Літоўскім банку, дапытаць супрацоўнікаў SEB, высвятліць наяўнасць дамоваў паміж літоўскім банкам і РЭП, адкуль паступілі грошы, ці выдаваліся наяўныя грошамі Фядынічу і Комліку, як распараджаліся асобы, крыніцы, асноўныя прызначэнні плацёжак. Каля 20 пытанняў і даручэнняў.
Вынікае, што даручэнні даваліся некалькім літоўскім банкам (ці філіям). Фігуруюць розныя назвы. Запытваліся ў літоўскага боку таксама пра звесткі пра філіялы і прадстаўнічыя органы РЭП у Літве, пра маёмасць, якая зарэгістравана на Фядыніча і Комліка.
Адказ Літвы быў лаканічным: "Устанавіць дадзеныя не ўяўлялася магчымым".
Даручэнні дасылаліся таксама і ўладам Швецыі. Зачытваюць іх.
Беларусь таксама прасіла на падставе прынцыпу ўзаемнасці правесці выемку ўсіх плацёжных дакументаў у найбуйнешага шведскага прафсаюза IF Metall, а таксама правесці допыт іх супрацоўнікаў і г.д Прасілі высветліць, ці прысутнічалі прадстаўнікі прафсаюза РЭП на семінарах прафсаюза, а таксама пра сумесныя праекты з шведскім прафсаюзам.
Федыніч і Комлік час ад часу ўдакладняюць у абвінаваўцы некаторыя моманты па зачытанай ёй інфармацыі. Агалошваюць наступнае даручэнне ад 22 снежня 2017 года, на гэты раз Дацкаму каралеўству. Зноў просяць ажыццявіць выемку дакументаў ў прафсаюза 3F, пытаюцца пра інфармацыю пра міжнародныя праекты і гд.
Генадзь Фядыніч заявіў хадайніцтва суду, каб абвінаваўца зачытаў адказы Швецыі і Даніі.
Абаронцы падтрымалі хадайніцтва абвінавачанага. Абаронцы таксама заявілі хадайніцтва аб агалошвані дадзеных аб сумах перакладах, якія пайшлі на пераклад гэтых лістоў-паручэнняў.
На паслугі перакладчыкаў-супрацоўнікаў Беларускай гандлёва-прамысловай палаты было выдаткавана: на літоўскую мову: 720 руб. 46 капеек, на шведскую мову: 281 руб 71 капеек і на дацкую мову: 366 руб 16 капеек. Нагадаем, што афіцыйныя адказы ў межах даручэнняў так і не былі атрыманы ад ніводнай дзяржавы.
Суддзя ўдакладніла аб хадайніцтве Фядыніча аб агалошвані адказаў шведскай і дацкай дзяржавы беларускаму боку. Папрасіла назваць дакладныя лісты справы. Фядыніч мяркуе, што дакументы ў 8 томе справы. Суддзя адказвае, што такіх папераў няма, на што Фядыніч кідае рэпліку:"значыць іх ўвогуле няма".
Абвешчаны перапынак на 15 хвілін.
Пракурорка прыступіла нарэшце да вывучэння 11 тома справы.
Агалошваюцца афіцыйныя адказы Нацбанка Рэспублікі Беларусь аб тым, што дэпазітарыі-рахункі прафсаюзам РЭП не адкрывалася, зделкі с каштоўнымі металамі не ажыццяўляліся, каштоўных папераў не зафіксавана.
Папера з Дзяржінспекцыі: "Барысевіч (цешча Фядыніча) не рэгістравала транспартны сродак".
Пералічваюцца матэрыялы праверкі Яніны Барысевіч на наяўнасць рахункаў, электронных гаманцоў, укладаў, депазітаў, сэйфаў у розных банках. Матэрыялаў на яе ў справе каля 40-ці лістоў. Нічога не знойдзена.
Праверцы падлягалі ўсе банкі Беларусі.
Агучваюцца матэрыялы праверкі сям’і Ігара Комліка.
Пракурорка: "Маецца аўтамабіль МАЗ..."
Комлік: "Высокі Суд, я хачу патлумачыць. Гэта не аўтамабіль, які каштуе вялікіх грошай, гэта ўсяго толькі аўтапрычэп 1999 г. які быў набыты за смешныя грошы. Это паказвае отношение следствия к делу!"
Пракурорка: "Тым не менш, гэта фігуруе ў матэрыялах справы”.
Пракурорка зачытала дадзеныя з банка адміністрацыйных правапарушэнняў, згодна з якім Ігар Комлік быў прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці апошні раз 24 верасня 2017 г.
Комлік зрабіў заўвагу: "Высокі Суд, у гэты час я знаходзіўся ў CІЗА. У матэрыялах справы ёсць адпаведныя дакументы!"
Пракурорка: "Ня ведаю, хто вашым прозвішчам прадстаўляецца, гэта вашая справа”.
Зала абураецца
На адным з рахункаў Комліка ў беларускім банку на стан на 11 верасня 2017 года знойдзеныя грошы: "36 руб. 13 капеек".
Пракурорка зачытвае характарыстыкі і дадзеныя пра сям'ю і цешчу Комліка. У справе яе амаладзілі на 8 гадоў.
Комлік: "Высокі Суд, звярніце ўвагу! Пра цешчу, з якой я жыву душа ў душу, якая нарадзілася 1932 годзе ў Магілёўскай вобласьці... А пракурор няправільна называе! Мне нават фальсіфікавалі цешчу!"
Зачытваюць характарыстыку і дадзеныя аб выплаце заробкаў і пенсіі юрыста РЭП Юрыя Белякова. Далей – аб аб заробках абвінавачаных.
Абаронца хадайнічае аб агалошванні рапарта следчага аб вывучэнні вынікаў аператыўна-пошукавай дзейнасці. Так, падчас АПД былі праслуханыя тэлефонныя размовы, вывучана перапіска і гд. Вынік: адсутнічаюць дадзеныя для ўзбуджэння крымінальнай справы.
Ігар Комлік хадайнічае: "Высокі суд, прашу зачытаць матэрыялы справы, дзе супраць мяне і супраць РЭП былі раней дапушчаныя парушэнні заканадаўства. У 2004 годзе ўжо была РЭП нанесеная шкода амаль на 100 тысяч долараў".
Абвінаваўца супраць. Абаронца падтрымлівае. Суддзя дазволіла Комліку зачытаць.
У судзе абвешчаны перапынак да 14-10.
Пасля абедзеннага перапынку Ігар Комлік зачытвае старонку з 11 тома, дзе змешчана хадайніцтва кіраўніку Следчай групы Захараву Д.А. Комлік лічыць справу абсурднай і не утрымліваючай доказаў. Падае сустрэчны пазоў.
Комлік у хадайніцтве распавядае пра гісторыю прафсаюза ад пачатку 2000-ых гадоў, піша пра супрацьстаянне прафсаюза і адміністрацыі прадпрыемства КБТ МАМО яшчэ ў 2004 годзе. Распавядае, што адміністрацыя Ленінскага раёна Мінска дамаглася тады, каб прафсаюз выключылі са складу прадпрыемства і пералічвае пералічвае шмат парушэнняў, здзейсненых адміністрацыяй у той час. Кажа, што з-за гэтых дзеянняў застаўся без працы і праз усё гэта панёс матэрыяльную шкоду, якую ацэньвае ў суму прыкладна 14 000 у.е. Дадае суму ўпушчаных магчымасцяў - 24 000 у.е. Гэтая шкода - больш за 50 000 у.е. нашмат вышэй за шкоду, якую ім прыпісваюць зараз. Таму патрабуе спыніць справу.
Суддзя вырашае, ці трэба дапытаць сведак, якія не з’явіліся на паседжанне: Патапаву, Пічужкіну, Баярскую, Зіміна. Абаронцы і абвінавачванне лічаць, што іх трэба паўторна выклікаць у суд.
Фядыніч таксама падтрымлівае пазіцыю выклікаць сведкаў у суд. суддзя Фёдарава прымае рашэнне забяспечыць яўку сведкаў у суд і абвяшчае перапынак да 8 жніўня.
Генадзь Фядыніч быў затрыманы 2 жніўня 2017 года. На яго кватэры і па месцы працы адбыліся ператрусы, канфіскаваныя носьбіты інфармацыі, дакументы. На офіс арганізацыі накладзены арышт. Пазней Фядыніч быў адпушчаны пад падпіску аб нявыездзе за межы краіны.
Крымінальная справа таксама ўзбуджаная ў дачыненні да Ігара Комліка, галоўнага бухгалтара прафсаюза РЭП. Супрацоўнікі Дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь правялі ператрусы дома ў Ігара Комліка, Генадзя Фядыніча і Наталлі Пічужкінай, а таксама ў офісе прафсаюза РЭП і цэнтральным офісе Беларускага незалежнага прафсаюза ў Салігорску. Канфіскаваныя камп’ютарная тэхніка і фінансавыя дакументы.
Паводле афіцыйнай інфармацыі Камітэта дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь у ходзе праверкі ў межах узбуджанай крымінальнай справы ўстаноўлена, што «старшыня і галоўны бухгалтар прафсаюзнай арганізацыі з мэтай асабістага ўзбагачэння адкрылі ад імя прафсаюза рахункі ў замежных банках, на якія пастаянна паступалі буйныя сумы грашовых сродкаў».
Ігар Комлік утрымліваўся пад вартай з 2 жніўня 2017 году па 2 кастрычніка 2017 году. Яго таксама вызвалілі з СІЗА пад падпіску аб нявыездзе.
Па інфармацыі, якую распаўсюдзіў Следчы камітэт, Генадзь Фядыніч і Ігар Комлік мелі рахунак у Літве, у 2011 годзе ад нерэзідэнтаў Беларусі на яго паступалі грошы ў замежнай валюце агульным памерам 140 тысяч еўра.
Паводле разліку Дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю, сума нявыплачаных падаткаў склала 22.867,1 рубля.
Генадзю Фядынічу і Ігару Комліку пагражае абмежаванне волі на тэрмін да 5 гадоў або пазбаўленне волі на тэрмін ад 3 да 7 гадоў з магчымай канфіскацыяй маёмасці.
Што вядома па “Справе прафсаюзаў”?
- Следства доўжылася амаль год. Яго працягвалі некалькі разоў: 13 снежня 2017 года, 2 лютага і 2 траўня 2018 года. Мяняўся і павялічваўся склад следчай групы.
- За гэты час былі дапытаныя больш за 800 сябраў незалежнага прафсаюза РЭП.
- Крымінальная справа налічвае 11 тамоў.
- 8 траўня Генадзю Фядынічу і Ігару Комліку прад'яўленае канчатковае абвінавачанне ва ўхіленні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры (частка 2 артыкула 243 Крымінальнага кодэкса РБ).
У падтрымку лідэраў прафсаюза РЭП выступілі з сумеснай заявай шэраг беларускіх праваабарончых арганізацый, Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў, іншыя міжнародныя і нацыянальныя арганізацыі.
Варта адзначыць, што аналагічная крымінальная справа была ўзбуджаная ў 2011 годзе ў дачыненні да старшыні Праваабарончага цэнтра "Вясна" Алеся Бяляцкага, што адназначна было расцэнена праваабарончай і міжнароднай супольнасцю як пераслед за яго шматгадовую праваабарончую дзейнасць.