viasna on patreon

Вобшукі і затрыманні незалежных журналістаў па “справе БелТА” працягваюцца Дапоўнена

2018 2018-08-08T11:36:51+0300 2018-08-08T18:11:10+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/peratrus_tutby.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Супрацоўнікі Следчага камітэта з канфіскаванай тэхнікай каля офісу TUT.BY. Фота Уладзя Грыдзіна

Супрацоўнікі Следчага камітэта з канфіскаванай тэхнікай каля офісу TUT.BY. Фота Уладзя Грыдзіна

Вобшук у галоўным офісе TUT.BY па статусе на восем гадзін раніцы 8 жніўня скончаны, паведамляецца на сайце кампаніі. Цяпер Следчы камітэт яшчэ праводзіць ператрусы ў іншых падраздзяленнях кампаніі.

Увечары 7 жніўня некаторых з затрыманых журналістаў адпусцілі. Як паведамляе БАЖ, пасля допытаў у Следчым камітэце на волі апынуліся кіраўніца аддзелу «Грамадства» TUT.BY Ульяна Бабаед, рэдактар фінансавага аддзелу TUT.BY Дзмітрый Бобрык, генеральная дырэктарка TUT.BY Людміла Чэкіна, а таксама былая рэдактарка аддзелу «Грамадзтва» TUT.BY Яўгенія Беразюк.

Выпускаючага рэдактара БелаПАН Андрэя Сераду, які быў затрыманы пасля вобшуку на офісе БелаПАН, таксама вызвалілі пасля допыту ў СК. Ён пад падпіскай аб неразгалошванні. 

Дагэтуль за кратамі застаюцца галоўная рэдактарка TUT.BY Марына Золатава, выпускаючая рэдактарка TUT.BY Ганна Калтыгіна, рэдактарка TUT.BY Галіна Уласік і карэспандэнт БелаПАН Таццяна Каравянкова. Усіх журналістак падазраюць у “несанкцыянаваным доступе да камп’ютарнай інфармацыі, здзейсненым з іншай асабістай зацікаўленасці, які пацягнуў прычыненне істотнай шкоды”, іх затрымалі на трое сутак і утрымліваюць у ІЧУ Мінска.

Вядома, што Таццяну Каравянкову дапытвалі ў следчым камітэце, прадаставіўшы ёй дзяжурнага адваката. Яна адмовілася даваць паказанні, бо ў яе ёсць дамова з іншым адвакатам, якога не дапусцілі да ўдзелу ў следчых дзеяннях. Таксама ёсць інфармацыя, што 8 жніўня ў мінскай кватэры журналісткі адбыўся вобшук. У доме яе бацькоў ператрус правялі раніцай 7 жніўня.

Дагэтуль невядомы статус і дакладнае месцазнаходжання рэдактаркі навукова-папулярнага аддзелу TUT.BY Ганны Ермачонак.

Увечары 7 жніўня па тэлеканалах і на сайце газеты "СБ. Беларусь сегодня" былі абнародаваныя матэрыялы аператыўнай "праслушкі" супрацоўнікаў tut.by. 

Раніцай 8 жніўня да сям’і журналістаў Паўлюка і Вольгі Быкоўскіх прыйшлі з вобшукам супрацоўнікі Следчага камітэта. Пра гэта яны паведамілі на сваіх старонках у фэйсбуку.

Як пазней паведаміў журналіст, вобшук ў яго кватэры правялі па «справе БелТА», але ён ужо шмат гадоў не цікавіўся стужкай навінаў БелТА і не мае ніякага дачынення да справы. Следчыя патлумачылі яму, што прыйшлі рабіць праверку па адрасе, а не да яго асабіста, і што маюць пастанову пракурора. Статусу падазраванага Быкоўскі на гэты момант не мае.

Цікава, што ўчора ў 15 гадзін Паўлюк Быкоўскі разам з юрыстам БАЖ Алегам Агеевым даваў ацэнку і выказваў сваё меркаванне наконт узбуджанай справы па ч. 2 арт. 349 Крымінальнага кодэкса супраць незалежных журналістаў.

Каля 10 гадзін раніцы RFRM напісаў, што іх карэспандэнт стаў сведкай затрымання журналіста Аляксея Жукава, які раней працаваў у газеце “Беларусы і рынак”. Яго разам з жонкай Арынай Семычкінай забралі з дому ў Бараўлянах супрацоўнікі СК.

Радыё Свабода паведамляе пра затрыманне па "справе БелТА" чатырох супрацоўнікаў партала Realt.by - журналістаў Ігара Хмары, Марыі Сарокі, Алены Маслоўскай і галоўнага рэдактара Уладзіслава Кулецкага. Яны чакаюць допыту ў Следчым камітэце. Таксама забралі тэхніку гэтых журналістаў.

Пасля вобшуку затрыманы Паўлюк Быкоўскі. Пра гэта на сваёй старонцы ў фэйсбуку паведаміла жонка журналіста - Вольга Быкоўская.

Яны забралі ўсё і Пашу (с) набiраю з плеера, бо не засталося аніякай тэхнікі.

Вольга Быкоўская

Допыт журналісткі БелаПАН Таццяны Каравянковай, які мусіў адбыцца сёння а 14 гадзіне ў СК, перанеслі на чацвер без тлумачэння прычынаў, паведамляе прэс-служба БАЖ. Адвакат, з якім у Каравянковай аформленая дамова, пакуль з ёй не сустракаўся.

На 16.30 заснавальнік TUT.BY Юры Зісер выкліканы ў Следчы камітэт на допыт. 

Следчыя з ператрусам прыйшлі ў газету «Культура», пра гэта ў сваім фэйсбуку паведамляе журналістка Дар'я Амяльковіч.

Ну, что, коллеги. И "Культура"тоже. В нашей тихой редакции идёт обыск на предмет того же.

Дар'я Амяльковіч

Як паведамляе рэдакцыя #RFRM, журналіста Аляксея Жукава затрымалі на трое сутак, а яго жонку адпусцілі. Арына Семычкіна праходзіць па справе як сведка і дала падпіску пра неразгалошванне.

Paulyuk Bykowski афіцыйна затрыманы -- на 3 сутак і зараз мае статус падазраванага.

Зміцер Лукашук

"Сёння праводзяцца следчыя дзеянні з удзелам службовых асобаў рэдакцыйна-выдавецкай установы «Культура і мастацтва», ТАА «РыэлтБай», ТАА« АйТіВі». Акрамя таго, па падазрэнні ў здзяйсненні аналагічных супрацьпраўных дзеянняў затрыманыя Аляксей Жукаў і Павел Быкоўскі", - паведамляе сайт Следчага камітэта.


Міжнародная арганізацыя «Рэпарцёры без межаў» асудзіла ператрусы, праведзеныя 7 жніўня супрацоўнікамі Следчага камітэта ў офісах "вядучых незалежных СМІ» ў Мінску - інфармацыйнай кампаніі БелаПАН і партала TUT.BY, што «паралізавала іх працу на некалькі гадзін».

Таксама ў абарону незалежных журналістаў выступіў з заявай Савет Еўропы. Ён заклікае «беларускія следчыя органы забяспечыць хуткае і празрыстае расследаванне».

«Мы таксама заклікаем вызваліць усіх арыштаваных журналістаў. Свабода сродкаў масавай інфармацыі з'яўляецца адным з найважнейшых правоў чалавека ў дэмакратычным грамадстве. Яго варта паважаць паўсюль у Еўропе», - гаворыцца ў паведамленні.

Беларуская асацыяцыя журналістаў, Праваабарончы цэнтр "Вясна" і Беларускi ПЭН-Цэнтр выступілі з сумеснай заявай, у якой раскрытыкавалі празмерныя дзеянні праваахоўных органаў і заклікалі ўлады спыніць пераслед незалежных журналістаў. 

Заснавальнік партала tut.by Юрый Зісер назваў "справу БЕЛТА" палітычнай. Пра гэта ён напісаў у сваім акаўнце ў Фэйсбуку, адзначае Еўрарадыё.

У сваім допісе Зісер паведаміў, што з офіса tut.by следчыя забралі з дзясятак сістэмных блокаў камп'ютараў. На яго думку, спецслужбы правяраюць і капіююць сабе ўсю ўнутраную інфармацыю кампаніі, у тым ліку карпарацыйную пошту, бухгалтэрыю і г.д. Такім чынам, яны атрымаюць звесткі не толькі пра ТАА "ТУТ БАЙ МЕДЫА", але і пра ўсе кампаніі, якія маюць дачыненне да Зісера. 

Старшыня ПЦ "Вясна" Алесь Бяляцкі лічыць, што "ідзе мэтанакіраваная палітыка абмежавання інфармацыйнага поля ў Беларусі з тым, каб трымаць беларускіх грамадзян у атмасферы страху, няпэўнасці і дэзінфармацыі".

Прадстаўнік АБСЕ па пытаннях свабоды сродкаў масавай інфармацыі Арлем Дэзір таксама выступіў у абарону незалежных СМІ. 

"Занадта непрапарцыйныя меры, што прымаюцца праваахоўнымі органамі ў дачыненні да двух незалежных медыя, выклікаюць сур'ёзную заклапочанасць наконт незалежных СМІ ў Беларусі, — сказаў спадар Дэзір. — Я заклікаю ўлады неадкладна вызваліць усіх затрыманых журналістаў і гарантаваць, што сродкі масавай інфармацыі могуць працягваць сваю працу без перашкодаў".

На хвалю ператрусаў і затрыманняў журналістаў у Беларусі адрэагавалі вядучыя СМІ ўсяго свету.

Грамадскае аб'яднанне "Экадом" выказала салідарнасць з рэдакцыямі і затрыманымі журналістамі.

"Мы цэнім наша шматгадовае супрацоўніцтва і якаснае асвятленне экалагічных тэм, якія, на жаль, часта здаюцца нязручнымі дзяржаўных СМІ. Такія СМІ, як Беларускі партал TUT.BY, БелаПАН і Realt.by заўсёды былі прыкладам прафесійнага, аб'ектыўнага і адважнага асвятлення падзей і абмеркавання важных для грамадства тэм.

Мы лічым, што дзеянні праваахоўных органаў - гэта грубае парушэннем свабоды выказвання і ўмяшальніцтва ў дзейнасць СМІ", - адзначаецца ў заяве "Экадома".

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства