Суд па “справе прафсаюзаў”: суддзя бярэ тайм-аут Дапоўнена
Разгляд крымінальнай справы старшыні Беларускага незалежнага прафсаюза работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) Генадзя Фядыніча і галоўнага бухгалтара прафсаюза РЭП Ігара Комліка працягваецца 13 жніўня ў судзе Савецкага раёна Мінска. Ім прад’яўленае абвінавачванне па ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (ухіленне ад выплаты сум падаткаў, збораў у асабліва буйным памеры). Працэс вядзе суддзя Марына Фёдарава.
Маніторынг судовага паседжання працягваюць ажыццяўляюць праваабаронцы і назіральнікі ад прафсаюзных арганізацый.
Падрабязна аб тым, што адбывалася на судзе ў першы дзень.
Падрабязна аб тым, што адбывалася на судзе ў другі дзень.
Суд па “справе прафсаюзаў”: допыт сведак і праслухоўванне тэлефонаў.
Суд па “справе прафсаюзаў”: што не сказаў супрацоўнік ДФР?
Суд па “справе прафсаюзаў”: непераканаўчая доказная база і палова тома ананімак
Суд па "справе прафсаюзаў": што пачуем у панядзелак?
Суд па “справе прафсаюзаў”: пра афіцыйныя запыты Літве, Швецыі, Даніі
Суд па “справе прафсаюзаў”: паўторны выклік сведкаў і таямнічы буран
Суд па “справе прафсаюзаў”: допыт Генадзя Фядыніча і Ігара Комліка
Пракурор па "справе прафсаюзаў": "Спагнаць з Фядыніча і Комліка 22 867.10 рублёў"
На судовым паседжанні ў панядзелак прысутнічае больш за 20 чалавек. Сярод іх — актывісты прафсаюзу РЭП, грамадскія актывісты. Падтрымаць лідэраў прафсаюзу РЭП з Гомеля прыехаў старшыня АГП Васіль Палякоў.
Прысутнічаюць таксама праваабаронцы Алесь Бяляцкі і Зміцер Салаўёў.
Суд працягвае вывучэнне рэчавых доказаў: дыскі, флэшкі, на якіх змешчана розная інфармацыя пра ўнёскі, арэнду і гд.
Знайшлі прыходы грашовых сродкаў ад Федыніча і Комліка на сумы больш за 1 млн рублёў за 2011 г (гэта зусім мізэрная на той час сума).
- Унёскі збіраліся амаль уручную. Я быў упаўнаважаным раз у месяц па чэку ў "Белінвестбанку" здымаць грошы на заробкі, - каментуе Фядыніч.
Пракурор Вадзім Казей пералічвае чэкі.
Абаронца папрасіла пракаментаваць "сяброўскія ўнёскі”.
- Частка грошай здымалася і па ведамасцях выплачваліся ўнёскі штатным работнікам. Гэта ўсё адлюстроўваўлася ў бухгалтарскай праграме 1с. Гэтым займалася бухгалтэрыя.
Нечакана суддзя Фёдарава абвясціла перапынак да 10 гадзін раніцы 15 жніўня.
Генадзь Фядыніч быў затрыманы 2 жніўня 2017 года. На яго кватэры і па месцы працы адбыліся ператрусы, канфіскаваныя носьбіты інфармацыі, дакументы. На офіс арганізацыі накладзены арышт. Пазней Фядыніч быў адпушчаны пад падпіску аб нявыездзе за межы краіны.
Крымінальная справа таксама ўзбуджаная ў дачыненні да Ігара Комліка, галоўнага бухгалтара прафсаюза РЭП. Супрацоўнікі Дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь правялі ператрусы дома ў Ігара Комліка, Генадзя Фядыніча і Наталлі Пічужкінай, а таксама ў офісе прафсаюза РЭП і цэнтральным офісе Беларускага незалежнага прафсаюза ў Салігорску. Канфіскаваныя камп’ютарная тэхніка і фінансавыя дакументы.
Паводле афіцыйнай інфармацыі Камітэта дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь у ходзе праверкі ў межах узбуджанай крымінальнай справы ўстаноўлена, што «старшыня і галоўны бухгалтар прафсаюзнай арганізацыі з мэтай асабістага ўзбагачэння адкрылі ад імя прафсаюза рахункі ў замежных банках, на якія пастаянна паступалі буйныя сумы грашовых сродкаў».
Ігар Комлік утрымліваўся пад вартай з 2 жніўня 2017 году па 2 кастрычніка 2017 году. Яго таксама вызвалілі з СІЗА пад падпіску аб нявыездзе.
Па інфармацыі, якую распаўсюдзіў Следчы камітэт, Генадзь Фядыніч і Ігар Комлік мелі рахунак у Літве, у 2011 годзе ад нерэзідэнтаў Беларусі на яго паступалі грошы ў замежнай валюце агульным памерам 140 тысяч еўра.
Паводле разліку Дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю, сума нявыплачаных падаткаў склала 22.867,1 рубля.
Генадзю Фядынічу і Ігару Комліку пагражае абмежаванне волі на тэрмін да 5 гадоў або пазбаўленне волі на тэрмін ад 3 да 7 гадоў з магчымай канфіскацыяй маёмасці.
Што вядома па “Справе прафсаюзаў”?
- Следства доўжылася амаль год. Яго працягвалі некалькі разоў: 13 снежня 2017 года, 2 лютага і 2 траўня 2018 года. Мяняўся і павялічваўся склад следчай групы.
- За гэты час былі дапытаныя больш за 800 сябраў незалежнага прафсаюза РЭП.
- Крымінальная справа налічвае 11 тамоў.
- 8 траўня Генадзю Фядынічу і Ігару Комліку прад'яўленае канчатковае абвінавачанне ва ўхіленні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры (частка 2 артыкула 243 Крымінальнага кодэкса РБ).
У падтрымку лідэраў прафсаюза РЭП выступілі з сумеснай заявай шэраг беларускіх праваабарончых арганізацый, Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў, іншыя міжнародныя і нацыянальныя арганізацыі.
Варта адзначыць, што аналагічная крымінальная справа была ўзбуджаная ў 2011 годзе ў дачыненні да старшыні Праваабарончага цэнтра "Вясна" Алеся Бяляцкага, што адназначна было расцэнена праваабарончай і міжнароднай супольнасцю як пераслед за яго шматгадовую праваабарончую дзейнасць.