Бяляцкі пра “справу прафсаюзаў”: “Гэта палітычная расправа над прафсаюзнымі лідарамі” Відэа
Старшыня Праваабарончага цэнтра “Вясна” Алесь Бяляцкі ўважліва сочыць за падзеямі вакол “справы прафсаюзаў”, часта наведвае судовыя паседжанні, дзе разглядаецца крымінальная справа лідэраў прафсаюза РЭП Генадзя Фядыніча і Ігара Комліка.
Праваабаронца перакананы, што рашэнне суда Савецкага раёна Мінска, якое абвесцяць 24 жніўня, не будзе аб’ектыўным і справядлівым. Па ягоных словах, гэта “фактычна палітычная расправа над прафсаюзнымі лідарамі.”
“Той вырак, які прапануе суду пракурор, пераўтварае Фядыніча і Комліка ў закілзаных коней, якія ходзяць з путамі на нагах. Бо што такое “хатняя хімія”? Гэта жорсткі рэжым, кантроль і назіранне за асуджанымі напрацягу ўсяго тэрміну. Такія ўмовы пазбаўляюць магчымасці праводзіць нармальную грамадскую працу, падтрымліваць кантакты са сваімі партнёрамі за мяжой і абмяжоўвае іх грамадскую актыўнасць”, адзначае праваабаронца.
Варта адзначыць, што аналагічная крымінальная справа была ўзбуджаная ў 2011 годзе ў дачыненні і да самога Алеся Бяляцкага, што адназначна было расцэнена праваабарончай і міжнароднай супольнасцю як пераслед за яго шматгадовую праваабарончую дзейнасць.