viasna on patreon

Мінгарсуд: “Адкрытасць судовага паседжання вырашаецца з улікам умяшчальнасці залы”

2018 2018-08-23T10:55:42+0300 2018-08-23T10:56:56+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/sudovaja-zala-4.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Судовая зала. Фота: ПЦ "Вясна".

Судовая зала. Фота: ПЦ "Вясна".

Намеснік старшыні Мінскага гарадскога суда Уладзімір Грыгаровіч адрэагаваў на скаргу праваабаронцы Леаніда Судаленкі, які ў першы дзень суда над лідэрамі прафсаюза РЭП не змог трапіць у адкрытае судовае паседжанне.

«Па інфармацыі раённага суда удзельнікам крымінальнага працэсу вы не з'яўляецеся», - піша сталічны суд праваабаронцу, які з'яўляецца штатным супрацоўнікам прафсаюза РЭП (ён працуе прававым інспектарам працы ў Гомельскай вобласці).

Далей, як паведамляе “Гомельская Вясна”, чыноўнікі ад правасуддзя са спасылкай на Пленум Вярхоўнага суда, паведамляюць, што «пытанне допуску ўсіх жадаючых грамадзян у адкрытае судовае паседжанне вырашаецца судом з улікам умяшчальнасці залы судовага паседжання».

«Асобам, якiя не з'яўляюцца ўдзельнікамі працэсу, супрацоўнікі аховы МУС паведамілі пра немагчымасць допуску ў залу суда №1071 пасля запаўнення ў ім усіх месцаў», - лаканічна адказаў прафсаюзнаму юрысту першы намеснік старшыні Менгарсуда.

Нагадаем, у першы дзень суда над прафсаюзамі 30 ліпеня Леанід Судаленка на сваёй старонцы ў Фэйсбуку напісаў: «Для мяне суд таксама апынуўся закрытым. І не толькі для мяне. Многія прыехалі адмыслова з рэгіёнаў, у бітком набітую людзьмі судовую залю не прабілася гомельская група з 10 чалавек, у залу суда не дапусцілі нават першага кіраўніка Беларусі Станіслава Шушкевіча!».

Праваабаронца паведамляе, што 22 жніўня падаў супраць дзеянняў суддзі суда Савецкага раёна Мінска Марыны Фёдаравай ў суд скаргу, у якой паставіў пытанне аб абмежаванні суддзёй яго права на публічны разбор справы кампетэнтным, незалежным і непрадузятым судом.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства