Гарадзенскі актывіст Аляксандр Лаўрэнцьеў накіраваў скаргу ў пракуратуру
Гарадзенскі грамадска-палітычны актывіст Аляксандр Лаўрэнцьеў накіраваў скаргу ў пракуратуру, паведамляе "Гарадзенская Вясна". Ён катэгарычна не згодзны з пастановай Кастрычніцкага раённага суда і пазнейшым рашэннем Гарадзенскага абласнога суда, які неаб'ектыўна разгледзеў касацыйную скаргу.
Напомнім, што трэцяга ліпеня ў Гародні актывісты АГП Мікалай Салянік (абласны кіраўнік гарадзенскай АГП) і Аляксандр Лаўрэнцьеў былі заблакаваныя міліцыяй у адной з кватэр гораду. Яны збіраліся правесці вулічную акцыю, пераапранутыя ў турэмныя робы прайсціся з адмысловым плакатам. Урэшце ў турэмных робах яны выйшлі, каб усё ж правесці свой перформанс з нагоды афіцыёзных святаў. На актывістаў тут жа накінуліся невядомыя ў цывільным, не прадстаўляліся, вельмі жорстка і брутальна скруцілі, кінулі ў бус і вывезлі ў невядомым накірунку.
Аляксандар Лаўрэнцьеў быў змешчаны ў ІЧУ, адкуль і патрапіў на лаву Кастрычніцкага раённага суда Гародні і быў асуджаны. За нібыта непадпарадкаванне міліцыі яго аштрафавалі на пяць базавых велічынь, яшчэ 15 базавых яму прысудзілі за правядзенне несанкцыянаванага пікету. Такую пастанову чацвёртага ліпеня прыняў суддзя Руслан Хіхол. На гэтую пастанову Лаўрэнцьеў падаў касацыйную скаргу ў абласны суд.
Сёмага жніўня Гарадзенскі абласны суд (суддзя Аляксандр Козел) не задаволіў касацыйную скаргу Аляксандра Лаўрэнцьева.