Журналістцы пагражаюць прымусовай дастаўкай у суд
Журналістка-фрылансер Тамара Шчапёткіна ў суботу, 1 верасня, атрымала паведамленне з Баранавіцкага РАУС пра тое, што 4 верасня павінна з'явіцца ў суд за матэрыял “Музей-сядзіба Адама Міцкевіча ў Завоссі” на “Радыё Рацыя”. Супрацоўнікі міліцыі пазначылі, што ў выпадку, калі журналістка не з'явіцца ў суд Баранавіцкага раёна добраахвотна, то яе даставяць прымусова.
Яе вінавяць у здзяйсненні адміністрацыйнага правапарушэння, прадугледжанага ч.2 арт. 22.9 КаАП Рэспублікі Беларусь (незаконны выраб і (або) распаўсюджванне прадукцыі сродкаў масавай інфармацыі).
“Я лічу, што пратакол сфальсіфікаваны. Час суда ў паведамленні не пазначаны. І ў які час ісці? Такі пратакол за гэты матэрыял складаюць ужо другі раз,” - адзначае журналістка.
Гэта ўжо пяты пратакол за журналісцкую дзейнасць складзены на Тамару Шчапёткіну ў жніўні.