viasna on patreon

Актывістка дамагаецца кампенсацыі за канфіскацыю запрашальнікаў на “Дзяды”. Суды супраць

2018 2018-09-04T13:56:29+0300 2018-09-04T14:10:03+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/gucava-ala.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Актывістка КХП-БНФ Ала Гуцава

Актывістка КХП-БНФ Ала Гуцава

Актывістка Кансерватыўна-хрысціянскай партыі БНФ Ала Гуцава працягвае дамагацца аднаўлення сваіх парушаных правоў. Яна мае намер спагнаць кампенсацыю маральнай і матэрыяльнай шкоды з Галоўнага ўпраўлення ўнутраных спраў Мінгарвыканкама, чые супрацоўнікі ў лістападзе мінулага года незаконна затрымалі актывістку і канфіскавалі ў яе запрашальнікі на дазволенае ўладамі мерапрыемства.

Трэцяга лістапада 2017 года недалёка ад ст. м. “Магілёўская” жанчына раздавала ўлёткі з запрашэннем на акцыю ўшанавання памяці продкаў “Дзяды”, якую за некалькі дзён да гэтага дазволіў Мінгарвыканкам і якая павінна было адбыцца пятага лістапада. Неўзабаве да яе падыйшлі міліцыянты Кірыленка В.Н. і Данільчык С.В. і запрасілі прайсці ў пакой міліцыі для разбіральніцтва. Ала Гуцава патлумачыла, што раздавала запрашальнікі на санкцыянаванае мерапрыемства, і нават паказала копію адпаведнага рашэння гарадскіх уладаў. Аднак гэта не спыніла міліцыянтаў і яны склалі на жанчыну пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні па ч. 1 арт. 23.34 КаАП ("парушэнне правілаў парадку арганізацыі і правядзення масавага мерапрыемства") ды сканфіскавалі каля тысячы запрашальнікаў.

Праз тыдзень справу ад адміністрацыйным правапарушэнні спынілі, а запрашальнікі на акцыю вярнулі, аднак ніякіх тлумачэнняў наконт таго, якія менавіта абставіны міліцыянты палічылі прыкметамі правапарушэння і што было нагодай для затрымання, ніхто так і не даў. Ад адказу ўхілілася і пракуратура Завадскога раёна, у якую Гуцава паскардзілася адразу пасля здарэння. Там не ўбачылі падстаў для правядзення праверкі і палічылі, што “парушэння правоў А. Гуцавай не адбылося”.

Тады актывістка КХП-БНФ вырашыла звярнуцца ў суд Завадскога раёна Мінска з патрабаваннем кампенсацыі ад ГУУС Мінгарвыканкама матэрыяльнай і маральнай шкоды, нанесенай яго супрацоўнікамі Кірыленкам В.Н. і Данільчыкам С.В. Таксама Ала Гуцава прасіла суд прызнаць дзеянні па яе затрыманню і выняццю ўлётак незаконнымі і абавязаць ГУУС прынесці афіцыйныя прабачэнні.

Паводле жанчыны, матэрыяльная шкода ёй была нанесена праз выманне ўлетак-запрашальнікаў. Іх вярнулі ўжо пасля правядзення мерапрыемства, то бок тады, калі яны страцілі сваю актуальнасць, а значыць яны фактычна былі надрукаваныя дарэмна. Маральныя і фізічныя пакуты яна звязвае з тым, што яе, як чалавека сталага ўзросту, затрыманне вымусіла моцна хвалявацца. Да таго ж інфармацыя пра яе затрыманне з’явілася ў СМІ, што негатыўна паўплывала на стаўленне да яе некаторых людзей.

Аднак суд адмовіў Гуцавай у задавальненні яе патрабаванняў наконт матэрыяльнай і маральнай шкоды. Што датычыцца вызначэння законнасці ці незаконнасці дзеянняў міліцыянтаў, то суд палічыў, што гэта не ў яго кампетэнцыях. Жанчына абскардзіла рашэнне раённага суда ў Мінскім гарадскім судзе, аднак і гэтая інстанцыя не задаволіла патрабаванняў Гуцавай.

Зараз Ала Гуцава накіравала наглядную скаргу на імя старшыні Мінгарсуда з просьбай ізноў пераглядзець справу. Калі рашэнне не будзе зменена, яна плануе пайсці далей – да Вярхоўнага суда і да КПЧ ААН.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства