viasna on patreon

Вінярскі і Нікалайчык абскарджваюць прысуды за акцыю падтрымкі прафсаюза РЭП

2018 2018-09-05T12:24:39+0300 2018-09-05T12:24:39+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/fedunich-komlik-2018-08-24-15.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Пасля абвяшчэння прысуду Фядынічу і Комліку. Фота: ПЦ "Вясна".

Пасля абвяшчэння прысуду Фядынічу і Комліку. Фота: ПЦ "Вясна".

Мінскія актывісты Вольга Нікалайчык і Максім Вінярскі падалі касацыйныя скаргі на прысуды раённых судоў за акцыю салідарнасці з лідэрамі прафсаюза РЭП 24 жніўня каля Дома правасуддзя.

27 жніўня адзінаццаць актывістаў з розных гарадоў былі прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці судамі г. Мінск па арт. 23.34 КаАП Рэспублікі Беларусі (парушэнне парадку правядзення масавых мерапрыемстваў), а некаторыя таксама - па арт. 17.1 КаАП (дробнае хуліганства). Усіх аштрафавалі на буйныя сумы.

Так, актывіст “Еўрапейскай Беларусі” Максім Вінярскі атрымаў ад суда Маскоўскага раёна 50 базавых велічынь штрафа. Вольга Нікалайчык – таксама 50 базавых ад суддзі Першамайскага суда Інны Сідарок.

Акрамя Вінярскага і Нікалайчык, касацыйныя скаргі ў Мінскі гарадскі суд, па дадзеных "Гомельскай вясны", таксама падалі:

  • актывістка з райцэнтра Калінкавічы Тамара Зайцава — на пастанову суда Маскоўскага раёна г. Мінска, які аштрафаваў на 612,50 руб. (суддзя Юлія Варакса);
  • актывіст з Мазыра Уладзімір Неўмяржыцкі — на пастанову суда Маскоўскага раёна г. Мінска, які аштрафаваў на 980 руб. (суддзя Юлія Варакса);
  • актывісты з г. Мінска Мая Навумава і Леанід Кулакоў — на пастановы суда Першамайскага раёна г. Мінска, які аштрафаваў іх па 980 руб. кожнага (суддзі Юрый Гарбатоўскі і Іна Сідарок);
  • актывіст з г. Брэста Павел Мрочка — на пастанову суда Маскоўскага раёна г. Мінска, які аштрафаваў яго на 490 руб. (суддзя Віктар Казак);
  • актывіст з г. Барысаў Аляксандр Абрамовіч - на пастанову суду Маскоўскага раёну г. Мінска, які аштрафаваў яго на 1225 руб. (суддзя Таццяна Мотыль).

Нагадаем, 24 жніўня, пасля абвяшчэння прысуда па справе лідэраў прафсаюза РЭП Генадзя Фядыніча і Ігара Комліка каля будынку Дома правасуддзя, дзе праходзіў працэс, грамадскія актывісты зладзілі пікет у падтрымку незалежнага прафсаюза. Яны разгарнулі бел-чырвона-белыя сцягі, сцяг прафсаюза РЭП і “Еўрапейскай Беларусі”.

Прыкладна праз 10 хвілін да іх пад’ехаў чырвоны аўтобус з амапаўцамі, якія затрымалі актыўных пікетоўцаў. Агулам пасля суда па “справе прафсаюзаў” было затрымана 11 чалавек.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства