Мінгарсуд адмовіў валанцёру "Вясны" ў кампенсацыі маральнай шкоды за незаконнае затрыманне
Шостага жніўня ў Мінскім гарадскім судзе адбыўся разгляд касацыйнай скаргі валанцёра “Вясны” Юрыя Мяцельскага на рашэнне Маскоўскага раённага суда. У ліпені гэты суд адмовіў Юрыю ў яго пазове да Міністэрства фінансаў з патрабаваннем маёмаснай і маральнай кампенсацыі за незаконнае затрыманне ў навагоднюю ноч.
Судовая калегія Мінгарсуда пад старшынствам Аксаны Будоўскай даволі хутка разгледзела скаргу валанцёра "Вясны" і вырашыла пакінуць рашэнне Маскоўскага суда без зменаў, а саму скаргу - без задавальнення.
Нагадаем, у навагоднюю ноч Юрыя Мяцельскага затрымалі ў Слуцку, калі ён з сябрам знаходзіўся на тэрасе мясцовага Дома культуры. Аднаго з супрацоўнікаў АМАПа раззлавала, што падчас праверкі дакументаў Юрыя і яго сябра, валанцёр "Вясны" папрасіў самога супрацоўніка прад'явіць дакументы. Гэта і стала прычынай затрымання, хоць потым Юрыя і абвінавацілі ў нецэнзурнай лаянцы ў грамадскім месцы. Хлопца адвезлі ў выцвярэзнік для аналізу крыві на алкаголь, а далей у РАУС, дзе пад псіхалагічным і фізічным ціскам вымусілі падпісаць пратакол па арт. 17.1 КаАП (дробнае хуліганства). Пасля гэтага яго змясцілі ў ізалятар, у якім ён прабыў да трэцяга студзеня. 22 лютага 2018 г. судом Слуцкага раёна Мінскай вобласці адміністрацыйны працэс у дачыненні да Юрыя Мяцельскага па арт. 17.1 КаАП быў спынены за недаказанасцю яго віны.
Пасля гэтых падзей Юрый прыняў рашэнне звярнуцца ў суд, каб спагнаць грашовую суму у якасці кампенсацыі маральнай шкоды, прычыненай незаконнымі дзеяннямі органа, які вёў адміністрацыйны працэс, і ў якасці кампенсацыі выдаткаў на аказанне юрыдычнай дапамогі.
Справа разглядалась у судзе Маскоўскага раёна. Адказнікам выступіла Міністэрства фінансаў. Яго пазіцыя зводзілася да таго, што кампенсаваць маральную шкода магчыма толькі ў выпадку, калі судом будзе прызнана незаконнасць дзеянняў асобаў, якія прычынілі пакуты. Да таго ж, на думку прадстаўнікоў мінфіна, адміністрацыйна затрыманым маральная кампенсацыя ўвогуле не выплочваецца. І гэтую пазіцыю цалкам падтрымала суддзя Маскоўскага суда Алена Чарняк, цалкам адмовіўшы валанцёру “Вясны” ў пазоўных патрабаваннях.