Ярмошына: Дата правядзення прэзідэнцкіх і парламенцкіх выбараў пакуль не вызначана
Дата чарговых прэзідэнцкіх і парламенцкіх выбараў у Беларусі, пакуль невядомая, паведаміла БелаПАН старшыня Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў Лідзія Ярмошына.
2 красавіка Ярмошына, адказваючы ў парламенце на пытанні журналістаў аб тэрмінах правядзення прэзідэнцкіх і парламенцкіх выбараў, заявіла:
«Я казала, што буду ставіць пытанне восенню гэтага года, таму да восені я не гатовая адказаць ні на адно вашае пытанне, па меншай меры, па тэрмінах выбараў». Паводле яе слоў, калі будзе вырашана датэрмінова праводзіць наступныя прэзідэнцкія выбары, гэтае пытанне будзе вырашаць парламент, калі парламенцкія - прэзідэнт. «Але пакуль, калі казаць пра перыяд гэтага года, гэта ўсяго толькі папярэднія палітычныя кансультацыі», - сказала кіраўнік ЦВК.
18 жніўня Аляксандр Лукашэнка ў ходзе прызначэння новага ўрада заявіў, што прэзідэнцкія выбары будуць праведзены «строга па Канстытуцыі». Ён адзначыў, што некаторыя каментары ў СМІ і інтэрнэце намякаюць на датэрміновыя выбары.
«Я, калі прачытаў, сам падумаў, а калі ў нас выбары прэзідэнцкія? Аказваецца, у нас у 2020 годзе толькі тэрмін. Гэта яшчэ паўтэрміну. Які папулізм пад выбары? Гэта камусьці хочацца, каб выбары былі заўтра ці паслязаўтра. Але я ўжо на гэтае пытанне адказваў. Выбары прэзідэнцкія мы правядзем строга па Канстытуцыі нашай краіны. У нас няма ніякай неабходнасці сёння ці заўтра праводзіць прэзідэнцкія выбары і пад гэта развіваць нейкі папулізм. Лухта несусветная!»- заявіў ён.
Ярмошына сёння паведаміла БелаПАН, што вырашыла адкласці абмеркаванне гэтага пытання на вясну наступнага года.
«Няма патрэбы пачынаць палітычны сезон датэрмінова. Таму, думаю, я нават не буду дакладваць. Хутчэй за ўсё, кіраўнік дзяржавы паведаміць [аб магчымай даце выбараў] у чарговым пасланні (у гэтым годзе Лукашэнка выступіў са штогадовым пасланнем беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу 24 красавіка. - БелаПАН.). А пакуль што размовы пра выбары не вядуцца», - сказала яна.
Па словах Ярмошынай, пакуль не ясна, якія выбары будуць першымі, а якія - другімі і ці будзе наогул перанос адной з выбарчых кампаній.
«Гіпатэтычна ўсё можа быць, паколькі гэта не супярэчыць заканадаўству. Усё залежыць ад таго, як палітычнае кіраўніцтва вызначае мэтазгоднасць сумяшчэння альбо разводу выбараў», - адзначыла кіраўнік ЦВК.