Алесь Бяляцкі: Сістэмныя рэпрэсіі у адносінах да грамадскіх актывістаў будуць працягвацца Дапоўнена
13 верасня ў межах нарады АБСЕ па выкананні абавязацельстваў у галіне чалавечага вымярэння прайшоў круглы стол «Беларусь - рэпрэсіі за фасадам «лібералізацыі», падрыхтаваны Беларускім Домам у Варшаве.
У дыскусіі прынялі ўдзел старшыня праваабарончага цэнтра "Вясна" Алесь Бяляцкі, кіраўнік Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец, заслужаны прафесар універсітэта Альберты (Канада) Дэвід Марплз, прэзідэнт польскага Фонду міжнароднай салідарнасці Мацей Фалькоўскі, член праўлення Усходне-Еўрапейскага дэмакратычнага цэнтра Павел Казанэцкі.
Падчас мерапрыемства Алесь Беляцкі распавёў, што ў Беларусі сітуацыя з правамі чалавека толькі пагаршаецца, а ўлады працягваюць рэпрэсіўную палітыку, накіраваную на грамадзянскую супольнасць.
“Грамадзяне пераследуюцца за ўдзел у грамадскім і палітычным жыцці. Такі пераслед выяўляецца ў прэвентыўных затрыманнях напярэдадні мірных сходаў, адміністрацыйным пераследзе за ўдзел у сходах у выглядзе вялікіх штрафаў і адміністрацыйных арыштаў”, - падкрэсліў ён.
Праваабаронца ўзгадаў колькасць затрыманых за ўдзел у мірных сходах за 2017 і 2018 гг., асабліва на “Дзень волі” – 700 і 112 чалавек суадносна, а таксама пра палітычна матываваныя крымінальныя справы, па якіх ў 2017 годзе праходзіла 40 челавек, а ў 2018 годзе - не менш за 9 чалавек.
Таксама Алесь Бяляцкі падчас выступу нагадаў і пра праблему смяротнага пакарання ў Беларусі:
“Ніяк не вырашаецца пытанне аб мараторыі або адмене смяротнага пакарання. У гэтым годзе тры чалавекі былі расстраляныя. Зараз чатыры чалавекі сядзяць у камерах смяротнікаў і чакаюць расстрэлу”.
Па меркаванні кіраўніка “Вясны”, у наступным годзе сістэмныя рэпрэсіі ў адносінах да грамадскіх і палітычных актывістаў працягнуцца, улічваючы і тое, што ў 2020 годзе ў краіне чакаюцца две выбарчыя кампаніі – прэзідэнцкая і парламенцкая, падчас якіх узровень рэпрэсій толькі павялічваецца.
Нагадаем, 12 верасня адбыўся сайд-івэнт па тэме «Бягучая сітуацыя з грамадзянскімі і палітычнымі правамі ў Беларусі: інфармацыя з першых рук», у якім удзельнічалі прадстаўнікі Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH), Асамблеі дэмакратычных НДА Беларусі ў супрацоўніцтве з Праваабарончым цэнтрам "Вясна", Цэнтрам прававой трансфармацыі і Беларускай асацыяцыяй журналістаў.
Нарада па чалавечым вымярэнні (HDIM) дзяржаў-удзельніц АБСЕ з'яўляецца найбуйнейшай канферэнцыяй па правах чалавека і дэмакратыі ў Еўропе. Яна арганізуецца кожны год Бюро АБСЕ па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека (БДІПЧ) у якасці платформы для 57 дзяржаў-удзельніц АБСЕ, партнёраў АБСЕ па супрацоўніцтве, структур АБСЕ, грамадзянскай супольнасці, міжнародных арганізацый і іншых зацікаўленых суб'ектаў для кантролю за выкананнем абавязацельстваў АБСЕ ў галіне чалавечага вымярэння, абмеркавання звязаных з гэтым праблем, абмену перадавым вопытам і рэкамендацыямі па далейшым удасканаленні.
У гэтым годзе HDIM праходзіць з 10 па 21 верасня ў Варшаве. Апроч фундамэнтальных правоў чалавека на канферэнцыі закранаюцца тэмы свабоды сродкаў масавай інфармацыі, правоў эмігрантаў, змагання з праявамі расізму, ксенафобіі і ўсіх відаў дыскрымінацыі.