viasna on patreon

“Фільм, які ўключае мазгі”. У Віцебску паказалі “Паралелі” Віктара Корзуна

2018 2018-09-14T08:18:04+0300 2018-09-14T08:18:04+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/vitebsk-paraleli-2.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
У Віцебску паказалі “Паралелі” Віктара Корзуна

У Віцебску паказалі “Паралелі” Віктара Корзуна

Дакументальную стужку “Паралелі. Такое рознае падабенства” прэзэнтавалі ў Віцебску рэжысер Віктар Корзун і вядомая беларуская спявачка Кася Камоцкая – прадусарка праекту. “Гэты фільм уключае мазгі”, – прызналася падчас абмеркаваньня кінастужкі адна з глядачак журналісту "Віцебскай Вясны".

Фільм пачынаецца і заканчваецца цытатай з Фолкнера: “Мінулае ня мёртвае. Яно нават не мінулае”. А ўсярэдзіне – дзве гісторыі, раздзеленыя часавым прамежкам у 63 гады. Адну распавядае сябра Глыбоцкай групы Саюзу Беларускіх Патрыётаў Марыя Бабіч (Бялевіч), якая ў 1947 годзе была асуджаная на 10 гадоў лягероў. Другую – дзяўчына Аляксандра, якая ў 2010 годзе атрымала 10 сутак за Плошчу.

Абедзьве гэтыя гісторыі, як чырвонай ніткай, прашытыя вобразам Сталіна, які раз-пораз усплывае ў кадрах кінахронікі. Час нібы спыняецца. Становіцца страшна.

Як прызнаўся пасьля прагляду аўтар стужкі Віктар Корзун, кіно стваралася не зусім натуральным чынам – “не ад задумкі да рэалізацыі”. Ідэю падказаў сам матэрыял.

Пачынаючы яшчэ з 1990-х, рэжысер здымае своеасаблівы архіў “Галасоў стагоддзя”. І калі ў 2011-м былі запісаныя інтэрвію з гераінямі, аўтар быў уражаны, наколькі іх гісторыі “паралельныя”, наколькі падобныя.

“Нават не падобныя – яны рыфмуюцца. Таму фільм сам прасіўся, каб яго зняць”, – гаворыць Віктар Корзун.

Самае гарачае (і балючае) пытанне, якое ставіць перад гледачамі стужка: што рабіць, каб гэтыя жахлівыя паралелі рэпрэсій не цягнуліся ў будучыню? Магчыма, падказка ёсьць у самім фільме. Абедзьвюх гераінь у самым канцы запытваюць, ці трэба судзіць людзей, вінаватых у рэпрэсіях, і ці варта асуджаць камунізм як бесчалавечную ідэалёгію. У фільме гучыць – паралельна – станоўчы адказ: так, абавязкова.

“Але пытанне застаецца адкрытым, – лічыць прадусарка фільму Кася Камоцкая. –   Бо як дзяржава, так і ўсё грамадзтва ня тое што не гатовыя да асуджэння таталітарнай сыстэмы, а проста нават не ўздымаюць гэтае пытанне”.

Удзельнікі дыскусіі, якая ўзнікла пасьля прагляду стужкі, згаджаюцца са спявачкай. “Ну як мы можам асудзіць камунізм, калі сам кіраўнік дзяржавы трымае партбілет пад падушкай?” – гучыць з залі.

“Асудзіць практыку палітычнага таталітарызму? Але як яго асудзіць, калі гэтая практыка працягваецца дагэтуль?” – выказвае меркаванне яшчэ адзін глядач.

Хтосьці – з горкай іроніяй у голасе – гаворыць пра тое, што калі беларусам загадаюць асудзіць зверху, то ўсё атрымаецца найлепшым чынам – асудзім што заўгодна…

У Віцебску паказалі “Паралелі” Віктара Корзуна

Але ўсе сыходзяцца на думцы, што гістарычныя паралелі рэпрэсій перарвуцца толькі тады, калі самому грамадзтву будзе “не паралельна”, што зь ім адбываецца тут і цяпер. А для гэтага трэба яго інфармаваць і будзіць. Менавіта тое і робіць фільм Віктара Корзуна “Паралелі. Такое рознае падабенства”.

 Віктар Корзун абяцае, што фільм неўзабаве можна будзе паглядзець у інтэрнэце

“Цяпер такі момант, калі пара ўжо ўсім уключаць мазгі. І гэты фільм уключае мазгі”, – кажа адна глядачка.

Прэзэнтацыя фільму ў Віцебску адбылася пры падтрымцы ПЦ “Вясна”. Апроч Віцебску, фільм пабачылі ўжо жыхары Гомля, Рэчыцы, Бабруйску, Маладэчна і Полацку. Напрыканцы рэжысер паабяцаў, што неўзабаве кіно з'явіцца ў вольным доступе ў інтэрнэце.

Імпрэза ў Віцебску, якая прайшла ў арт-пабе “Торвальд”, скончылася невялікім канцэртам Касі Камоцкай.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства