viasna on patreon

Замкнутае кола вязня Барановіча

2018 2018-10-18T13:46:52+0300 2018-10-18T14:57:24+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/8195546c3bcef5fc22c3613b16d71a7f.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Святаслаў Барановіч у судзе. Фота: TUT.by

Святаслаў Барановіч у судзе. Фота: TUT.by

У мінулую пятніцу на тэрыторыі папраўчай калоніі №1 у Наваполацку распачаўся новы суд над Святаславам Барановічам, асуджаным за ўжыванне гвалту ў дачыненні да супрацоўніка міліцыі. У судзе вырашаецца пытанне аб змене рэжыму ўтрымання для Барановіча на больш жорсткі. Пасля суда праваабаронцы “Вясны” звязаліся з сястрой Святаслава Наталляй і пагутарылі з ёй пра шматлікія дысцыплінарныя спагнанні і жорсткія ўмовы ўтрымання - пра ўсё тое, што адбывалася з яе братам з моманту паступлення ў калонію.

Тое, што Святаслава Барановіча трэцяга чэрвеня прывезлі адбываць пакаранне ў папраўчую калонію №1, яго сястра Наталля даведалася амаль адразу ад начальніка калоніі. Аднак напрацягу наступных паўтара месяцаў ад яго не было аніякіх звестак - ні лістоў, ні тэлефонных званкоў. Таму Наталля вырашыла звярнуцца ў Дэпартамент выканання пакаранняў (ДВП).

13 ліпеня яна прынесла туды заяву на імя начальніка, у якой прасіла паведаміць ёй пра месцазнахожанне свайго брата, яго стан здароўя і прычыну, па якой ён пазбаўлены сувязі з сям’ёй. Але яе заяву проста не прынялі.

“Ну можа ён не хоча з вамі кантактаваць– вось што мне адказалі ў дэпартаменце”, - распавядае Наталля.

Першы і адзіны ліст ад брата Наталля атрымала 21 ліпеня, і больш вестак ад яго не прыходзіла. Напачатку жніўня яна адправіла Святаславу пасылку, але яна вярнулася назад. Тады сваякі патэлефанавалі начальніку калоніі, а той паведаміў, што “Святаслаў знаходзіцца ў карцэры і што да 19 верасня ён пазбаўлены ўсялякіх пасылак”.  

Напачатку верасня сваякі ізноў тэлефанавалі начальніку калоніі, каб даведацца пра лёс Святаслава. Ім адказалі, што ў верасні Барановіча на тры месяцы змясцілі ў памяшканне камернага тыпу (ПКТ). Выйдзе ён адтуль не раней за снежань, і таму не мае сэнсу яму штосьці дасылаць. Пры гэтым начальнік дадаў, што той быццам бы сам вінаваты, бо “не мыецца, не голіцца, не ўтрымлівае сябе ў належным санітарным стане, а таксама адмаўляецца рабіць уборку і выконваць правілы ўнутранага распарадку”.

Пра тое, што Святаславу пагражае суд па змене рэжыму на больш жорсткі, яго сястра даведалася толькі, калі пятага кастрычніка той запатрабаваў адваката.

12 кастрычніка адбылося першае судовае паседжанне. Адвакат хадайнічала аб пераносе паседжання ў звычайны суд, каб на ім маглі прысутнічаць сваякі, але суддзя адхіліла гэтае хадайніцтва, спаслаўшыся на тое, што суд на тэрыторыі калоніі лічыцца адкрытым. У выніку ён праходзіў у калоніі.

На паседжанні Барановіч заявіў, што з дапамогай адваката будзе абскарджваць накладзеныя на яго дысцыплінарныя спагнанні, якія і сталі падставамі для накіравання яго ў турму. Таму судовае слуханне адкладзена, пакуль будуць праходзіць  абскарджванні спагнанняў.

Пасля гэтага суда сястра Барановіча атрымала ад адваката больш падрабязную інфармацыю пра тое, што адбывалася са Святаславам апошнія чатыры месяцы.

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Так, сёмага чэрвеня, усяго праз чатыры дні пасля прыбыцця ў калонію, Барановіча паставілі на прафілактычны ўлік як “асобу, схільную да захопу закладнікаў і хуліганскіх праяваў”. На чым заснаваная такая выснова - незразумела, бо, напрыклад, у СІЗА Барановіч атрымаў даволі станоўчую характарыстыку, “як чалавек марудлівы, са спакойным характарам”. І літаральна праз некалькі гадзін пасля пастаноўкі на ўлік Барановіч атрымлівае свае першыя дзесяць сутак ШІЗА – за тое, што  не паспеў прышыць спецыяльную бірку, якая паказвае, што ён стаіць на гэтым самым уліку.

Але праз дзесяць сутак з ШІЗА ён не выходзіць, а выходзіць толькі праз 40. Бо ўжо ў самім штрафным ізалятары атрымлівае яшчэ тры спагнанні: за тое, што быцца бы не пагаліўся, спаў удзень і за непрыбранае памяшканне.

18 ліпеня ён вяртаецца назад у атрад, але ўжо 30-ага ізноў трапляе ў штрафны ізалятар - з-за “неадпаведнасці вопісу асабістых рэчаў”. Восьмага верасня Барановіча на тры месяцы змяшчаюць у памяшканне камернага тыпу (ПКТ).

З таго моманту ён увесь час знаходзіцць альбо ў ПКТ, альбо ў ШІЗА. Там ён амаль не выходзіць на прагулкі, не мае пасцельнай бялізны, яму забаронена рабіць пакупкі, пісаць і атрымліваць лісты і пасылкі. Акрамя таго, Барановіч кажа пра недастатковае харчаванне: порцыі ежы ў ШІЗА, па яго словах, меншыя чым у атрадзе.

Таксама вядома, што Святаслаў Барановіч пастаўлены на прафілактычны ўлік як "асоба, схільная да экстрэмізму і іншай дэструктыўнай дзейнасці", і як "злосны парушальнік рэжыму, які адмоўна ўплывае на іншых зняволеных". Пры гэтым іншых зняволеных ён агулам бачыў толькі два тыдні. Менавіта столькі часу ён паспеў пабыць у атрадзе за чатыры з паловай месяцы свайго знаходжання ў калоніі.  А ўвесь астатні час, у ШІЗА і ў ПКТ, ён амаль заўсёды знаходзіцца адзін.

Зараз сястра Святаслава Барановіча падрыхтавала новы зварот у Дэпартамент выканання пакаранняў з просьбай паспрыяць спыненню перадузятага стаўлення да яе брата. А ў хуткім часе мусяць адбыцца суды па абскарджванні накладзеных на Барановіча дысцыплінарных спагнанняў.


15 сакавіка 2017 году, калі ў Мінску праходзіў «Марш недармаедаў», адбылася спроба  затрымаць частку мітынгоўцаў у масках пад час іх пасадкі ў тралейбус супрацоўнікамі міліцыі ў цывільным. Усчалася бойка. Пазней следства, прагледзеўшы відэазапісы бойкі, ўстанавіла, што менавіта Святаслаў Барановіч некалькі разоў ударыў міліцыянта па галаве на прыпынку тралейбуса каля плошчы Бангалор.

Барановіч быў затрыманы напачатку кастрычніка і змешчаны пад варту ў СІЗА №1 Мінска. Яму было прад’яўлена абвінавачванне ва ўжыванні гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутранных спраў (арт. 364 Крымінальнага кодэксу). 15 лютага 2018 года ў судзе Маскоўскага раёна Мінска распачаўся судовы працэс па гэтай крымінальнай справе. Падчас працэсу Барановіч прызнаў сваю віну.

Пракурор Сергіенка папрасіла для актывіста чатыры гады зняволення. Яго чыстасардэчнае прызнанне яна назвала змякчальнай акалічнасцю, а ранейшую судзімасць за Плошчу-2010 — абцяжарвальнай. 12 сакавіка Барановіча асудзілі на на 3 гады пазбаўлення волі. Ён абскардзіў прысуд, але калегія Мінгарсуда пакінула скаргу без задавальнення. 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства