Цяжка такое нават уявіць: складзены пратакол за стварэнне дакументальнага фільма
У Беларусі ўпершыню міліцыя склала пратакол за стварэнне дакументальнага фільма.
У Гомлі ў дачыненні да журналісткі – фрылансэркі Марыі Булавінскай – Ляпінай быў складзены адміністрацыйны пратакол (ч.2 арт. 22.9 КоАп РБ) “Незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ”. Пратакол склаў супрацоўнік АУС адміністрацыі Цэнтральнага раёну А. Гусеў.
Па інфармацыі "Гомельскай Вясны", журналістку вінавацяць у стварэнні дакументальнага фільма“Бяздомны горад" пра знішчэнне драўлянай забудовы ў Гомлі, які быў зняты па замове тэлеканала Белсат. Журналістка выступала як аўтарка і рэжысёрка фільма.
“Наколькі я ведаю, гэта першы выпадак, калі пратакол складзены за відэа ў такім фармаце, - каментуе Марыя Булавінская – Ляпіна. - Звычайна ўлады рэагуюць на вострыя сацыяльныя рэпартажы навіннага фармату, але тут іх зацікавіла тэма культурная, тэма захавання архітэктурнай спадчыны. Але рэакцыя гэта заканамерная – у фільме задакументавана найноўшая гісторыя вынішчэння ў Гомлі драўлянай архітэктуры. Як калісьці горад з самай яскравай разьбянай традыцыяй быў цалкам пазбаўлены вялікіх прэзентабельных сядзібаў у гістарычным цэнтры Гомеля. У фільме праілюстраваныя высілкі гараджанаў па захаванні старых дамоў. Лічу, што ўлады ініцыявалі судовы працэс менавіта ўбачыўшы за сабою славу «Герастратаў» – людзей, якія пазбавілі стары горад суцэльнага пласта ўнікальнай архітэктуры”.
За апошні тыдзень гэта ўжо трэці адміністрацыйны пратакол у дачыненні гомельскіх журналістаў – фрылансэраў, якія супрацоўнічаюць з тэлеканалам Белсат. Паведамленні пра складанне пратаколу атрымалі ўжо Кастусь Жукоўскі і Андрэй Мядзведзеў.