Траўля белсатаўцаў працягваецца: аштрафаваны Андрэй Толчын
Суддзя Буда-Кашалёўскага раёна Канстанцін Скорын палічыў журналіста вінаватым у парушэнні артыкула 22,9 частка 2 “Незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі сродкаў масавай інфармацыі”.
Па інфармацыі Беларускага Радыё Рацыя, Андрэй Толчын зняў сюжэт пра саўгас «Рагінь». У відэаматэрыяле распавядаецца пра тое, што ў былым саўгасе-мільянеры бракуе паліва на збор ураджаю. Сюжэт трансляваўся на спадарожнікавым тэлеканале «Белсат».
Андрэй Толчын гаворыць, што пры разглядзе справы былі дапушчаны юрыдычныя памылкі. У пратаколе міліцыянтаў было пазначана, што сюжэт здымалі прыкладна сёмага ці восьмага верасня. Аднак, як сцвярджае Толчын, сюжэт здымалі напрыканцы жніўня.
”Калі б у пратаколе была пазначана гэтая дата, то справу давялося б спыніць па прычыне сканчэння двухмесяцовага тэрміну, цягам якога можна прыцягваць да адказнасці”,- адзначае Андрэй Толчын.
1 лістапада ў судзе Буда-Кашалёўскага раёна будуць судзіць кіроўцу Андрэя Толчына Канстанціна Жукоўскага за той жа сюжэт пра саўгас “Рагінь”.