viasna on patreon

Затрыманыя актывісты: "Было мноства пагрозаў і абразаў у наш адрас"

2018 2018-10-26T16:02:59+0300 2018-10-26T16:37:15+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/img_20180902_064730.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Праваабарончаму цэнтру "Вясна" стаў вядомы чарговы выпадак бесчалавечнага, жорсткага і зневажальнага чалавечую годнасць абыходжання з боку супрацоўнікаў органаў унутраных спраў. На гэты раз гісторыя міліцэйскага самавольства адбылася ў Гродне з экалагічным актывістам і яго сябрамі.

Так, увечары яшчэ першага верасня маладыя людзі сталі сведкамі пажару ў лесе ў г. Гродна. Параіўшыся, яны выклікалі службу МНС. Аднак, першымі на месца здарэння прыбыў міліцэйскі патруль. Маладыя людзі паказалі на месца пажару, як пазней высветлілася гарэў экскаватар.

Міліцыя запісала дадзеныя тэлефанаваўшага Аляксандра, усіх астатніх адпусцілі, не правяраючы дакументы. Аднак, у шэсць раніцы наступнага дня супрацоўнікі міліцыі прыбылі па месцы прапіскі чалавека, які тэлефанаваў, дзе затрымалі і даставілі ў АУС Ленінскага раёна г. Гродна для правядзення апытання пецярых чалавек. Сярод затрыманых апынулася двое замежных грамадзян - Украіны і Расійскай Федэрацыі.

«Нас завялі ў будынак АУС з чорнага ўваходу, загадалі чакаць. Даволі доўга высвятлялася, хто ж будзе весці апытанні. Нас вадзілі і раскідвалі па кабінетах, кагосьці пакідалі чакаць у калідоры.

Пасля гэтай досыць доўгай замінкі пачалося апытанне. Мяне апытваў старэйшы лейтэнант Марэцкі Артур Вітальевіч. Прадстаўляцца ён не палічыў патрэбным, імя і званне мне сталі вядомыя толькі па дыпломах, што віселі ў яго кабінеце», - адзначае адзін з затрыманых Аляксандр.

За час апытання хлопца ў кабінет раз-пораз заходзілі іншыя супрацоўнікі, якія кідалі ў яго бок розныя рэплікі, пагражалі праблемамі ва ўніверсітэце, задавалі асабістыя пытанні і пытанні, якія не адносяцца да пажару ў лесе. Таксама Аляксандра схілялі да агавору сяброў.

Яшчэ аднаго хлопца - экаактывіста - адвялі ў другое крыло будынка, у яго адабралі тэлефон, забаранялі перасоўвацца, ніякіх папер аб канфіскацыі не складалі. Замест гэтага супрацоўнікі міліцыі пагражалі яму суткамі, утрымлівалі ў калідоры каля шасці гадзін, не даючы звязацца ні з роднымі, ні з адвакатам, перарываючы спробы дайсці да начальства або дзяжурнай часткі.

Адна з затрыманых - грамадзянка Украіны - пазней расказала, што пры апытанні супрацоўнікі міліцыі паводзілі сябе груба: задавалі пытанні інтымнага характару, распытвалі пра заробак, татуіроўкі і стаўленне да вайны ва Украіне, прама вінавацілі ў хлусні.

"На яе словы, што хочацца піць, заявілі, што найбліжэйшыя дзевяць гадзінаў яна дакладна не ўбачыць ні вады, ні сяброў. Далей заводзілі гаворку пра тое, што яна лёгка стане падазраванай, і, як грамадзянка Украіны, правядзе тут не адзін месяц. Адзін з супрацоўнікаў, неаднаразова выходзіў з кабінета, падчас кожнага вяртання балюча пстрыкаў яе па вуху. Словы пра тое, што гэта непрыемна, ігнараваліся", - адзначаецца ў лісце да ПЦ "Вясна".

Падобнае абыходжанне было і з грамадзянінам Расійскай Федэрацыі, у якога адабралі тэлефон і дакументы, абвінавачвалі ў падпале экскаватара і пагражалі пасадзіць.

Маладых людзей цягалі з кабінета ў кабінет, задавалі адны і тыя ж пытанні. Пры гэтым ніхто з супрацоўнікаў не прадстаўляўся, на іх не было ні бэйджаў, ні жэтонаў.

Каля трох гадзін дня Аляксандру ўсё ж вярнулі тэлефон, і ён змог патэлефанаваць родным. Пасля гэтага ва ўсіх затрыманых сілком узялі біялагічныя ўзоры: адбіткі пальцаў, сліну і зрэзы пазногцяў.

«Працэдуры доўжыліся доўга, пальцы адкатвалі няўмела. Далей патрабавалі зрэзаць пазногці велізарнымі тупымі канцылярскімі нажніцамі. Змывы з далоняў, вата са сліной, кавалачкі пазногцяў краналіся рознымі рукамі, датыкаліся адзін з адным, змешваючы ўзоры розных людзей, што рабіла гэтыя працэдуры бессэнсоўнымі», - апісвае тое, што адбываецца Аляксандр.

Пасля гэтага затрыманым вярнулі рэчы, тэлефоны і пашпарты. Замежных грамадзян павезлі «правяраць на паліграф», іх вызвалілі толькі пасля 19 гадзінаў.

«За ўвесь час нікому не выдалі ніводнай паперы аб канфіскацыі асабістых рэчаў ці пра тое, на якіх падставах нас утрымліваюць, і ў якім статусе мы знаходзімся. Таксама было мноства пагрозаў і абразаў у наш адрас. Паперы з апытаннямі і аб здачы адбіткаў без прозвішчаў супрацоўнікаў, якія праводзілі гэтыя працэдуры, і не называючы нашых статусаў прымушалі падпісваць пад пагрозамі», - гаворыцца ў лісце.

Юрыст ПЦ "Вясна" Павел Сапелка лічыць, што ў дадзеным выпадку наўмыснае здзяйсненне службовымі асобамі дзеянняў, якія відавочна выходзяць за межы правоў і паўнамоцтваў, прадастаўленых ім па службе, спалучаныя з гвалтам і абразай пацярпелых, пацягнула прычыненне істотнай шкоды правам і законным інтарэсам затрыманых грамадзян.


У сацыяльных сетках праваабаронцы запусцілі флэшмоб #БезПраваНаРасправу і заклікаюць надаць агалоску выпадкі, у якіх супрацоўнікі органаў МУС дзейнічалі з перавышэннем сваіх паўнамоцтваў. Пра такія выпадкі можна паведамляць у Праваабарончы цэнтр "Вясна" па тэлефоне: +375 29 8413981 або праз пошту: viasna@spring96.org 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства