viasna on patreon

Пракуратура: Няма звестак аб пагрозе прымянення гвалтоўных уздзеянняў пры арганізацыі суботнікаў

2018 2018-11-02T09:23:59+0300 2018-11-02T10:33:46+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/subotniki-2.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Ілюстрацыйнае фота: "Маладэчанскія навіны"

Ілюстрацыйнае фота: "Маладэчанскія навіны"

Штовосень Беларусь ліхаманіць ад бітвы за ўраджай. Так-так, не ад ўборкі ўраджаю на палетках, а менавіта ад БІТВЫ. І тут дзеля “перамогі”, для ўладаў падыходзяць усе сродкі: у “апошні і рашучы бой” кідаюць усе наяўныя рэзервы – школьнікаў, студэнтаў, настаўнікаў, работнікаў бюджэтных установаў і нават армію. Шматлікія выпадкі прымусовай працы – у цэнтры ўвагі праваабаронцаў, гэтыя факты абскарджваюцца і становяцца галоснымі.

Ёсць і іншая эпахальная задача, пастаўленая сёлета мясцовым кіраўнікам: навядзенне парадку на зямлі: прыборка смецця, пасадка дрэваў, добраўпарадкаванне тэрыторый прадпрыемстваў і арганізацый, прыборка жывёлагадоўчых фермаў ды машынных двароў.

Зразумела, што прымусовая праца, ды яшчэ і без належнага афармлення працоўных адносінаў, парушае працоўнае заканадаўства. Таму улады нярэдка прыбягаюць да розных хітрыкаў, напрыклад, да суботнікаў.

Але ці падабаецца гэта людзям? Вось вытрымкі са зваротаў ў рэдакцыю people.onliner.by з Мінскага раёна:

«Увесь кастрычнік нас прымушаюць задарма працаваць па выходных, - скардзяцца аўтары. - Добра б адну-дзве суботы ў месяц... Але кожны тыдзень - гэта занадта»…

 «Больш няма сілаў маўчаць, - паведамляе іншы ананім. - На працы прыйшла папера аб арганізацыі суботнікаў у кастрычніку. Людзі павінны выходзіць на суботнік ўсе чатыры суботы месяца (6, 13, 20, 27 кастрычніка). Потым трэба даваць справаздачу ў некалькі інстанцый аб праведзенай працы. Людзі абураныя, у работнікаў ёсць сем'і, дзеці, у многіх свае падворкі, дзе таксама трэба працаваць. Як можна прымусіць людзей выйсці на працу?»

Праваабаронца "Вясны" Валянцін Стэфановіч звярнуўся ў Пракуратуру Мінскай вобласці, каб тая правяла праверку і ўстанавіла факты незаконнага прыцягнення работнікаў да прымусовай працы, устанавіла адказных за выдачу такіх распараджэнняў і прыцягнула іх да адказнасці, устаноўленай законам. Дык пракуратура нават і хітрыць не стала, паведаміўшы ў адказе, што падстаў для праверкі і прыняцця мер пракурорскага рэагавання не маецца.

У верасні, з мэтаю ажыццяўлення прац па навядзенні парадку на зямлі, добраўпарадкаванню і азеляненню тэрыторый, старшыня Мінскага аблвыканкама прапанаваў райвыканкамам арганізаваць і правесці ў рамках месячніка суботнікі з удзелам устаноў, прадпрыемстваў, арганізацый і насельніцтва.

“Удзел у правядзенні ўказаных мерапрыемстваў з’яўляецца дабраахвотным, што падцвярджаецца характарам фармуліроўкі распараджэння – прапанова.” – адказвае абласная пракуратура праваабаронцу.

Маўляў, аніякай прымусовай працы быць не можа, усё на дабраахвотнай аснове.

Аднак далей тон распараджэнняў, якія ў сваю чаргу рассылалі райвыканкамы установам і арганізацыям, істотна мяняецца:

Напрыклад: «Кіраўнікі ўстаноў адукацыі павінны арганізаваць і правесці 6 кастрычніка, 13 кастрычніка, 20 кастрычніка, 27 кастрычніка 2018 года суботнікі. Справаздачы аб праведзенай на суботніках працы накіроўваюцца… не пазней за 8 кастрычніка, 15 кастрычніка, 22 кастрычніка, 29 кастрычніка 2018 года адпаведна».

Мінскі райвыканкам сфармуляваў заданне так: "старшыням сельскіх выканкамаў арганізаваць і правесці суботнікі з удзелам усіх устаноў, прадпрыемстваў, арганізацый і насельніцтва. Аддзелу ідэалогіі і рэдакцыям газет - шырока асвятліць.  Старшыням сельсаветаў - даслаць справаздачы: якая арганізацыя колькі дала людзей, аб'ём работ".

Але абласная пракуратура заплюшчыла на гэта вочы і, нібыта нейкую мантру, адказвае праваабаронцу:

“У вашым паведамленні няма канкрэтных звестак аб пагрозе прымянення гвалтоўных уздзеянняў да працаўнікоў Мінскай вобласці пры іх прыцягненнні да суботнікаў, гэтак жа як і прыцягнення непаўнагадовых для выканання сельскагаспадарчых прац.

І сапраўды, людзей жа не цягнулі на ланцугу прыбіраць навоз на ферме і не дубасілі дрынам.

 

Цягам кастрычніка, 6 кастрычніка, 13 кастрычніка, 20 кастрычніка, 27 кастрычніка - практычна ўсе выходныя - працаўнікі Міншчыны дабраахвотна і задарма выходзілі  працаваць?

Але паспрабуй - ня выйдзі, калі ты бюджэтнік? Асабліва пры дзяржаўнай службе. Можна ж і без прэміі застацца, і пад скарачэнне патрапіць, а то і ўвогуле партфель згубіць.

На жаль, гэта не першы выпадак, калі пракуратура самаўхіляецца ад правядзення праверак па фактах парушэння працоўнага заканадаўства, асабліва калі звароты тычацца выкарыстання прымусовай працы, надаючы тым самым “законнасць” незаконным распараджэнням абласных і раённых чыноўнікаў.

Нейкая бяззубая ў нас пракуратура.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства