У Курапатах затрыманы дэмакратычны актывіст Дзяніс Урбановіч
Ва ўрочышчы Курапаты - месцы масавых пахаванняў ахвяр сталінскіх рэпрэсій - 7 лістапада каля 15 гадзін быў затрыманы апазіцыйны актывіст Дзяніс Урбановіч. Пра гэта БелаПАН паведаміў актывіст Зміцер Казакевіч.
Урбановіча затрымалі каля рэстарана "Паедзем паямо», пратэсты супраць працы якога доўжацца з 31 траўня і павезлі ў Бараўлянскі аддзел міліцыі Мінскага РАУС.
Па словах Казакевіча, міліцыя абвінавачвае Урбановіча па артыкуле 23.34 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях - удзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве ўвечары 29 кастрычніка.
Як паведамлялася, у Курапатах 29 кастрычніка прайшла акцыя «Ноч расстраляных паэтаў» з удзелам прыкладна 70 чалавек. Акцыя прайшла ў заходняй частцы ўрочышча, а не на цэнтральным ўзгорку (так званай Галгофе), так як там вяліся падрыхтоўчыя працы для ўстаноўкі мемарыяла. У падземным пераходзе ля выхаду ў бок Курапатаў была ўсталяваная імправізаваная сцэна, на якой выступалі і чыталі вершы рэпрэсаваных паэтаў госці.
На паэтычнай акцыі прысутнічалі намеснік старшыні Партыі БНФ Аляксей Янукевіч, сустаршыня аргкамітэта партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Павел Севярынец, ганаровы старшыня аб'яднання "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны» Алег Трусаў, палітолаг Аляксандр Фядута, культуролаг Сяргей Харэўскі і іншыя.