viasna on patreon

Адзіны беларускі палітвязень не пакідае сценаў штрафнога ізалятара

2018 2018-11-13T15:13:45+0300 2018-11-13T15:16:03+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/zhamchuzny_sud-2.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Міхаіл Жамчужны ў судзе.

Міхаіл Жамчужны ў судзе.

Адзіны на сёння беларускі палітвязень Міхаіл Жамчужны, пасля выхаду з памяшкання камернага тыпу (ПКТ), куды яго змясцілі на месяц за шматлікія парушэнні рэжыму, працягвае атрымліваць спагнанні ад адміністрацыі папраўчай калоніі №9, што ў Горках.

У дзень выхаду з ПКТ 20 кастрычніка  за адмову кіравацца ў атрад ён атрымаў 9 сутак штрафнога ізалятару, па выхадзе з ШІЗА ізноў атрымаў 9 сутак, затым адразу 8 сутак. Ізноў жа за адмову ісці ў атрад. Такім чынам, палітвязень практычна не пакідае сценаў штрафнога ізалятару, што моцна ўплывае на ягонае здароўе.

Нагадаем, праблемы ў Міхаіла Жамчужнага пачаліся пасля яго пераводу ў Горацкую калонію, дзе з патурання адміністрацыі для яго былі створаныя невыносныя ў сілу сваёй жорсткасці і зневажальнага характару ўмовы для адбыцця пакарання, арганізавана кампанія яго траўлі, звязаная з ўсталяваннем у асяроддзі зняволеных нефармальных адносін.

Апроч гэтага, яшчэ ў ПКТ ён быў пазбаўлены кароткатэрміновага спаткання за адмову ад прыбірання камеры.

Як стала вядома праваабаронцам, з прыходам новага начальніка калоніі, у жыцці Міхаіла Жамчужнага нічога істотна не памянялася: спагнанні выносяцца, як і раней, аднак меней праблем стала з напісаннем тлумачэнняў па вынесеных спагнаннях, з ім праводзяцца асабістыя гутаркі, даюць распісвацца ў дакументах.

Па падліках Жамчужнага, за каляндарны год, з 1 кастрычніка 2017 года па кастрычнік 2018-га, ён адбыў у ШІЗА 270 сутак. Як бачна, гэтая практыка працягваецца і зараз, пасля выхаду палітвязня з памяшкання камернага тыпу.


Заснавальнік “Платформ Інавэйшн” Міхаіл Жамчужны ў ліпені 2015 года быў асуджаны Віцебскім абласным судом на 6 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму. 23 кастрычніка судовая калегія па крымінальных справах Вярхоўнага суда разгледзела касацыйную скаргу і прызначыла Жамчужнаму больш строгае пакаранне – шэсць з паловай гадоў пазбаўлення волі.

Ён быў прызнаны вінаватым у здзяйсненні злачынстваў, прадугледжаных арт. 376 (часткі 1 і 2), ч.5 арт. 16, арт. 375 (частка 1) і арт. 431 (часткі 1 і 2): падбухторванні да наўмыснага разгалошвання звестак, якія складаюць службовую таямніцу; незаконным набыцці і збыце спецыяльнага тэхнічнага сродку, прызначанага для сакрэтнага атрымання інфармацыі, у тым ліку — паўторна; дачы хабару і дачы хабару паўторна.

Беларускімі праваабаронцамі Міхаіл Жамчужны прызнаны палітычным зняволеным.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства