viasna on patreon

Светлагорск:  вялікія штрафы журналістам-фрылансерам і "непавага да суда"

2018 2018-11-14T08:48:58+0300 2018-11-22T16:25:58+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/zukouski-kastus-gomel.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Фота Радыё Свабода

Фота Радыё Свабода

Па інфармацыі службы маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў", раённы суд Светлагорска 13 лістапада пакараў гомельскіх журналістаў-фрылансераў Андрэя Толчына і Кастуся Жукоўскага максімальным штрафам паводле часткі 2, артыкула 22.9 — абодвум па 50 базавых велічыняў (па 1 225 рублёў).

Падчас другога судовага пасяджэння здарыўся скандал.

Адміністрацыйныя пратаколы, складзеныя мясцовай міліцыяй, разглядаў суддзя Руслан Царук. Абвінавачванне стандартнае. Толчын і Жукоўскі прызнаныя вінаватымі ў незаконным вырабе прадукцыі СМІ без акрэдытацыі для польскага спадарожнікавага тэлеканала “Белсат” — нібыта фрылансеры выконвалі ў Светлагорску функцыі карэспандэнтаў замежнага СМІ.

“Безумоўна, існуе загад не даваць ход непадцэнзурнай інфармацыі, а тым больш візуальнай. Таму і пераследуюць фрылансераў, прыпісваючы ім розныя правапарушэнні. І робяць гэта людзі сістэмы ў чорным — у чорных судзейскіх мантыях, у чорнай уніформе з міліцэйскімі дручкамі, у чорных куртках з партатыўнымі відэакамерамі”, — пракаментаваў сітуацыю карэспандэнту Службы маніторынгу ГА “БАЖ” Андрэй Толчын.

На 15 верасня грамадскія актывісты Светлагорска заяўлялі мітынг супраць шкодных выкідаў завода па вытворчасці сульфатнай беленай цэлюлозы. Мітынг райвыканкам не дазволіў, патлумачыў, што ў гэты дзень у горадзе праводзіцца мерапрыемства БРСМ. 

Гараджане і некаторыя жыхары Якімавай Слабады вырашылі правесці флэш-моб у цэнтры горада. І акурат у гэты момант распачаліся рэпетыцыі да святкавання Дня горада. Аднак некалькі сотняў чалавек прыйшлі ў цэнтр у марлевых павязках і з зялёнымі паветранымі шарамі на знак пратэсту супраць смуродных выкідаў завода. Гэта і было знята на відэа.

Кастусь Жукоўскі, які нарадзіўся ў Светлагорскім раёне і дзе жывуць ягоныя сваякі, згадаў падчас судовага пасяджэння, што падчас флэш-мобу кабета распавядалапра “крывавы панос” у свайго дзіцяці.

“Калі завод будзе працягваць выкідваць шкодныя смярдзючыя рэчывы, то сапраўды дзеці будуць ср…ць крывёю”, — заявіў Жукоўскі.

Суддзя Царук палічыў дзеяслоў “ср…ць” непавагаю да суда. На гэта Жукоўскі неабачліва заўважыў, што суддзя не разумее беларускай мовы, бо гэта звычайнае беларускае слова, звычайны беларускі дзеяслоў. Руслан Царук загадаў сакратарцы скласці на Жукоўскага асобны пратакол паводле артыкула 24.1 КаАП — “Непавага да суда”.

У сваю чаргу Кастусь Жукоўскі напісаў у кнізе заўваг і прапаноў скаргу на суддзю Царука.

На 13 лістапада быў прызначаны суд супраць Жукоўскага і ў судзе Гомельскага раёна.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства