viasna on patreon

Актывіст атрымаў штраф за ўстаноўку крыжоў у Курапатах

2018 2018-11-15T12:51:49+0300 2018-11-15T12:56:05+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/kuropaty_yerch_tutby.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Крыжы ў Курапатах. Фота Tut.by

Крыжы ў Курапатах. Фота Tut.by

Як стала вядома Праваабарончаму цэнтру “Вясна”, актывіст Валер Рабцаў атрымаў пастанову аб накладанні на яго штрафу за ўстаноўку крыжоў ва ўрочышчы Курапаты.

Адміністрацыйная камісія пры Мінскім райвыканкаме прызнала Рабцава вінаватым у здзяйсненні правапарушэння па артыкуле 19.3 КаАП (Парушэнне парадку і (або) умоў выканання работ на гісторыка-культурных каштоўнасцях) і пакарала яго штрафам у памеры 15 базавых велічынь (367,5 рублёў). На паседжанні камісіі актывіст не прысутнічаў.

Падставай для прыцягнення да адказнасці стала тое, што 19 кастрычніка Валер Рабцаў усталёўваў у Курапатах крыжы без папярэдняга ўзгаднення з Міністэрствам культуры і мясцовым выканаўчым органам.

Нагадаем, што гэта не першая рэакцыя ўладаў на добраахвотна ўсталяваныя актывістамі крыжы на месцы масавага пахавання ахвяраў палітычных рэпрэсій. Так, напрыканцы кастрычніка КУП “Мінскаблдарбуд” накіраваў Валеру Рабцаву, Сяргею Чайко, Зміцеру Дашкевічу, Ягору Лаўрухіну і Сяргею Масюку прэтэнзіі з патрабаваннем у тэрмін да 31 кастрычніка дэмантаваць 13 крыжоў. За невыкананне патрабаванняў “Мінскаблдарбуд” пагражаў самастойна дэмантаваць крыжы з далейшым выстаўленнем вялікага рахунку. Але пакуль што сваё абяцанне не выканаў. 

Да таго ж, у дачыненні да актывістаў былі вынесеныя пастановы  аб адміністрацыйным правапарушэнні па арт. 18.35 КаАП (пашкоджанне або забруджванне аўтамабільнай дарогі ці іншага дарожнага збудавання). Абаронцаў Курапатаў аштрафавалі за тое, што яны групай асобаў “у паласе адводу аўтамабільнай дарогі Н-9031 Каладзішчы-Заслаў’е выконвалі работы па самавольнай усталёўцы крыжоў у колькасці 13 штук без неабходных узгадненняў”.

Валер Рабцаў ужо абскардзіў пастанову па арт. 18.35 КаАП і накіраваў адказ на прэтэнзію ад “Мінскаблдарбуда” (зараз чакае адказы), а таксама плануе абскардзіць і новы штраф.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства