viasna on patreon

Абсерваторыя па абароне праваабаронцаў асуджае ціск на Алеся Буракова

2018 2018-11-16T12:01:56+0300 2018-11-16T12:32:23+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/observatory_omct_fidh.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Абсерваторыя па абароне праваабаронцаў, партнёрская праграма FIDH і Сусветнай арганізацыі супраць катаванняў (OMCT), распаўсюдзіла тэрміновы зварот з нагоды пераследу сябра ПЦ “Вясна” Алеся Буракова, супраць якога 8 кастрычніка была распачатая праверка паводле арт. 193.1 Крымінальнага кодэкса (“удзел у дзейнасці незарэгістраванага грамадскага аб’яднання”).

Паводле інфармацыі, атрыманай Абсерваторыяй, супрацоўнік Кастрычніцкага РУУС г. Магілёва пагражаў Алесю Буракову, які з’яўляецца рэдактарам праваабарончага партала “Правы чалавека ў Магілёве”, адказнасцю ў выпадку, калі той будзе працягваць займацца праваабарончай журналістыкай.

Абсерваторыя нагадвае, што гэта другая спроба ўладаў аказаць ціск на праваабаронцу. У верасні 2018 года органы МУС праводзілі праверку ў дачыненні да Буракова, якая была звязаная з яго супрацай з сайтам mspring.online. Праверка была распачатая па скарзе ўладальнікаў завода “Омск Карбон Груп”, якія былі незадаволеныя крытычным артыкулам аб дзейнасці прадпрыемства, апублікаваным на рэгіянальным сайце ПЦ “Вясна”.

Абсерваторыя “асуджае пераслед Алеся Буракова, адзінай мэтай якога з’яўляецца пакаранне за яго законную дзейнасць у галіне правоў чалавека” і заклікае ўлады Беларусі “пакласці канец усім актам пераследу, у тым ліку на судовым узроўні, супраць яго і ўсіх праваабаронцаў краіны”.

Міжнародныя праваабаронцы таксама нагадваюць пра незаконнасць рашэння аб пазбаўленні ПЦ “Вясна” рэгістрацыі, а таксама пра неканстытуцыйны характар артыкула 193.1 і яго неадпаведнасць міжнародным нормам ў галіне правоў чалавека.

Абсерваторыя заклікае ўсіх неабыякавых людзей накіроўваць лісты ўладам Беларусі з патрабаваннем “забяспечыць пры любых абставінах павагу да правоў чалавека і асноўных свабодаў у адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі ў галіне правоў чалавека і міжнароднымі дакументамі, ратыфікаванымі Беларуссю, у прыватнасці Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах”.


Абсерваторыя па абароне праваабаронцаў (Абсерваторыя) была створана ў 1997 годзе FIDH і Сусветнай арганізацыяй супраць катаванняў (OMCT). Мэта праграмы — умяшальніцтва з мэтай прадухілення або ліквідацыі сітуацый рэпрэсій супраць праваабаронцаў. FIDH і OMCT з'яўляюцца сябрамі ProtectDefenders.eu, механізму па абароне праваабаронцаў Еўрапейскага саюза, які ажыццяўляецца міжнароднай грамадзянскай супольнасцю.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства