viasna on patreon

Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі. Лістапад 2018

2018 2018-12-03T12:36:09+0300 2018-12-03T12:52:07+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/vokladka_nov_2018.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Высновы:

  • у месцах пазбаўлення волі працягваў знаходзіцца палітвязень Міхаіл Жамчужны;
  • на працягу месяца былі спыненыя крымінальныя справы ў дачыненні да ўсіх фігурантаў г.зв. “справы БелТА”, якія раней абвінавачваліся па ч. 2 арт. 349 КК (несанкцыянаваны доступ да камп’ютарнай інфармацыі, здзейснены з іншай асабістай зацікаўленасці, які пацягнуў прычыненне істотнай шкоды). Крымінальныя справы былі спыненыя з прыцягненнем фігурантаў да адміністрацыйнай адказнасці. У той жа час галоўнай рэдактарцы партала TUT.BY Марыне Золатавай было прад'яўленае абвінавачванне па ч. 2 арт. 425 КК (бяздзейнасць службовай асобы), санкцыя якога прадугледжваюць пакаранне да пяці гадоў пазбаўлення волі;
  • на працягу месяца былі зафіксаваныя шматлікія факты ціску на незалежных журналістаў-фрылансераў і блогераў, факты затрыманняў і адміністрацыйных арыштаў удзельнікаў мірных сходаў;
  • на працягу месяца пачасціліся выпадкі прыцягнення грамадзян да адміністрацыйнай адказнасці за распаўсюд нібыта экстрэмісцкіх матэрыялаў. У большасці выпадкаў такі пераслед з'яўляецца нічым іншым, як парушэннем свабоды выказвання меркаванняў і не адпавядае устаноўленым міжнародным стандартам у дадзенай галiне;
  • таксама на працягу месяца былі зафіксаваныя факты ціску на праваабаронцаў у сувязі з ажыццяўленнем iмi праваабарончай дзейнасці. Так, у прыватнасці, у дачыненні да сябра ПЦ “Вясна” Алеся Буракова Кастрычніцкім РУУС г. Магілёва была распачатая праверка па арт. 193.1 — у сувязі з дзейнасцю ад імя незарэгістраванага ПЦ “Вясна”, а сябра ПЦ “Вясна” ў Гродне Віктар Сазонаў прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці па арт. 23.34 за назіранне за несанкцыянаваным масавым мерапрыемствам;
  • на працягу месяца ПЦ “Вясна” былі зафіксаваныя факты катаванняў і жорсткага бесчалавечнага абыходжання ў дачыненні да грамадзян;
  • 27 лістапада стала вядома пра прывядзенне ў выкананне двух смяротных прысудаў у дачыненні да раней асуджаных Магілёўскім абласным судом да выключнай меры пакарання Ігара Гершанкова і Сямёна Беражнога;
  • такім чынам, сітуацыя з правамі чалавека цягам месяца істотна не палепшылася.

Палітычныя зняволеныя і палітычна матываваны пераслед

9 лістапада Мінск гарадскі суд, разгледзеўшы апеляцыйныя скаргі кіраўнікоў прафсаюза РЭП Г. Фядыніча і І. Комліка, пакінуў прысуд суда Савецкага раёна ў сіле. Такім чынам, вынесены ў дачыненні да іх 24 жніўня прысуд уступіў у законную сілу.

ПЦ “Вясна” настойваў і працягвае настойваць на зняцці ўсіх абвінавачванняў з Фядыніча і Комліка і спыненні іх палітычна матываванага крымінальнага пераследу.

5 лістапада былі прад'яўленыя абвінавачванні па ч. 2 арт. 349 КК некаторым падазраваным журналістам па г.зв. “справе БелТА”. Мера стрымання абраная ў выглядзе падпіскі аб нявыездзе і належных паводзінах.

Пазней крымінальны пераслед у дачыненні да чатырнаццаці фігурантаў справы быў спынены з прыцягненнем да адміністрацыйнай адказнасці.

У той жа час, 22 лістапада галоўнай рэдактарцы ​​TUT.BY Марыне Золатавай было прад'яўленае абвінавачванне па ч. 2 арт. 425 Крымінальнага кодэкса (бяздзейнасць службовай асобы), які прадугледжвае пазбаўленне волі да пяці гадоў. Такім чынам, М. Золатава застаецца адзінай фігуранткай г.зв. “справы БелТА”.

Нагадаем, 7-9 жніўня ў рэдакцыях TUT.BY, інфармагенцтва БелаПАН, іншых СМІ, а таксама ў кватэрах журналістаў адбыліся ператрусы.

Былі затрыманыя галоўная рэдактарка ​​TUT.BY Марына Золатава, рэдактаркі партала Ганна Калтыгіна, Галіна Уласік і Ганна Ермачонак, галоўная рэдактарка ​​БелаПАН Ірына Леўшына і міжнародная аглядальніца БелаПАН Таццяна Каравянкова, карэспандэнт Deutsche Welle Паўлюк Быкоўскі, рэдактар ​​сайта газеты “Белорусы и рынок” Аляксей Жукаў.

Усе яны правялі па трое сутак у ізалятары часовага ўтрыманьня. Пасля вызвалення большасці падазраваных быў забаронены выезд з краіны. ПЦ “Вясна” ад пачатку расцэньвае дзеянні ўладаў як празмерныя і непрапарцыйныя, што груба парушае свабоду выказвання і дзейнасць незалежных СМІ.

У дачыненні да прэс-сакратара Аб'яднанай грамадзянскай партыі Ганны Красулінай Міністэрствам ўнутраных справаў прынята рашэнне аб высылцы ў “інтарэсах грамадскага парадку”). З'яўляючыся грамадзянкай РФ, Ганна Красуліна мела адміністрацыйныя спагнанні па артыкуле 23.34 КаАП за ўдзел у пікеце па зборы подпісаў у ходзе выбарчай кампаніі ў 2016 годзе і несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве, калі Красуліна сустракала з ізалятара затрыманых пасля Дня Волі 2017 года. У 2018 годзе яна выплаціла штраф за безбілетны праезд у гарадскім грамадскім транспарце. Такім чынам цалкам відавочна, што дзеянні Красулінай не замахваліся на грамадзкі парадак, а ўяўлялі сабой рэалізацыю права на мірныя сходы і свабоду выказвання меркаванняў; парушэнне парадку аплаты праезду ў сілу сваёй нязначнасці не магло быць пакладзена ў аснову рашэння аб высылцы.

Ціск на праваабаронцаў

8 лістапада сябар ПЦ “Вясна” Алесь Буракоў быў выкліканы на гутарку старэйшым лейтэнантам Кастрычніцкага РУУС г. Магілёва Паўлам Катом. Нагодай стала распачатая праверка ў межах крымінальнага працэсу па арт. 193-1 КК (незаконная арганізацыя дзейнасці грамадскага аб'яднання, рэлігійнай арганізацыі ці фонда альбо ўдзел у іх дзейнасці), паколькі, на думку супрацоўніка міліцыі, Алесь Буракоў адмініструе сайт “Правы чалавека ў Магілёве”, звязаны з ПЦ “Вясна”, які, у сваю чаргу, ажыццяўляе сваю дзейнасць без дзяржаўнай рэгістрацыі.

Паводле супрацоўніка міліцыі, праверка была распачатая яшчэ 8 кастрычніка і гэта была не апошняя сустрэча з Алесем.

У сувязі з гэтым ПЦ “Вясна”і Абсерваторыяй па абароне праваабаронцаў прынялі заяву з асуджэннем дзеянняў уладаў у дачыненні сябра ПЦ “Вясна” Алеся Буракова і патрабаваннем неадкладнага спынення распачатых у дачыненні да яго працэсуальных дзеянняў у рамках крымінальнага працэсу.

Варта адзначыць, што ціск на А. Буракова ў сувязі з дзейнасцю ад імя незарэгістраванага ПЦ “Вясна” ажыццяўляецца на фоне неаднаразова і шырока анансаванага ўладамі Беларусі працэсу дэкрыміналізацыі дзейнасці ад імя незарэгістраваных арганізацый і увядзення адміністрацыйнай адказнасці.

23 лістапада суд Свіслацкага раёна вынес пастанову аб прыцягненні да адміністрацыйнай адказнасці па арт. 23.34 КаАП (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве) у выглядзе штрафу ў памеры 15 базавых велічынь (367,5 руб.) сябра ПЦ “Вясна” з Гародні Віктара Сазонава.

27 кастрычніка ў Свіслачы традыцыйна сабраліся актывісты, каб ушанаваць памяць паўстанцаў 1863 года. Людзі ўскладалі кветкі да магілы Віктара Каліноўскага на Свіслацкіх могілках, да помнікаў нацыянальным героям ў самой Свіслачы і Якушоўцы, дзе была сядзіба Каліноўскіх. Запальвалі свечкі, расказвалі пра гераічныя падзеі мінулых часоў. Сам Віктар Сазонаў адзначае, што сёлета прысутнічаў у Свіслачы як назіральнік і праваабаронца, каб адсачыць дзеянні ўладаў і сілавікоў, паколькі кожны год у апошні час удзельнікі гэтай акцыі падвяргаліся пераследу.

Прымусовая праца

Праваабаронца “Вясны” Валянцін Стэфановіч звярнуўся ў пракуратуру Мінскай вобласці, каб тая правяла праверку і ўстанавіла факты незаконнага прыцягнення работнікаў да прымусовай працы, устанавіла адказных за выдачу такіх распараджэнняў і прыцягнула іх да адказнасці, устаноўленай законам.

Пракуратура паведаміла ў адказе, што падстаў для праверкі і прыняцця мераў пракурорскага рэагавання няма ў сувязі з адсутнасцю ў паведамленні канкрэтных звестак пра пагрозу прымянення гвалтоўнага ўздзеяння на работнікаў Мінскай вобласці пры іх прыцягненні да суботнікаў.

У канцы верасня Валянцін Стэфановіч накіраваў заявы ў Пракуратуру Горацкага раёна і Магілёўскі аблвыканкам па факце прыцягнення да прымусовай працы (уборцы ўраджаю) работнікаў розных прадпрыемстваў г. Горкі для аказання шэфскай дапамогі ААТ “Горацкае”. Праваабаронца прасіў адмяніць незаконнае распараджэнне старшыні Горацкага райвыканкама Сяргея Кулагіна на падставе таго, што яно не адпавядае дзеючаму нацыянальнаму заканадаўству і міжнародным нормам у галіне правоў чалавека, а яго выкананне прыводзіць да парушэння правоў грамадзян у форме прыцягнення іх да прымусовай працы.

Пракурор Горацкага раёна Аляксандр Тарасюк проста перанакіраваў зварот Валянціна Стэфановіча ў Магілёўскі аблвыканкам, спаслаўшыся на Указ прэзідэнта “Аб дадатковых мерах па працы са зваротамі грамадзян і юрыдычных асобаў”.

Магілёўскі аблвыканкам звярнуў увагу, што ў адносінах да арганізацый, не падпарадкаваных выканкаму, распараджэнне можа мець толькі рэкамендацыйны характар. Гэта значыць, што яно падлягае выкананню такімі арганізацыямі толькі ў выпадках іх пісьмовай згоды. Гэта асобна павінна быць прапісана ў распараджэнні, але гарвыканкам не палічыў патрэбным рабіць такія агаворкі. Таму ў дакуменце ўказана, што абласныя чыноўнікі ўжо нібыта звярнулі ўвагу кіраўніцтва Горацкага райвыканкама на гэтыя недахопы нарматыўнага акту. Таксама ў адказе аблвыканкама сцвярджалася, што працаўнікам было прапанавана выключна на добраахвотнай аснове, у вольны ад працы час, аказаць дапамогу ва ўборцы гародніны.

У Генеральнай пракуратуры разгледзелі заяву Валянціна Стэфановіча аб правядзенні пракурорскай праверкі па факце прыцягнення вайскоўцаў да ўборцы ўраджаю на сельгаспрадпрыемствах Сенненшчыны.

Начальнік упраўлення па наглядзе за выкананнем заканадаўства ў войсках Мікалай Апалькоў у сваім адказе адзначыў, што падстаў для прыняцця мер пракурорскага рэагавання няма, паколькі праведзенай праверкай было ўстаноўлена, што “вайскоўцы накіроўваліся для аказання дапамогі сельскагаспадарчым арганізацыям ва ўборцы ўраджаю ў парадку, якi прадугледжаны Указам прэзідэнта № 300 “Аб прадастаўленні і выкананні бязвыплатнай (спонсарскай) дапамогі”. “Парушэнняў заканадаўства ў дзеяннях службовых асоб Узброеных сіл, у тым ліку у частцы захавання правоў ваеннаслужачых, не выяўлена”, — падкрэсліваецца ў адказе.

Камітэт па правах чалавека ААН прыняў да разгляду скаргу бацькоў загінулай школьніцы з Маладзечна Вікторыі Папчэня.

Скарга зарэгістраваная 19 лістапада (№ 3265/2018) і накіраваная дзяржаве для адказу па сутнасці выкладзеных у ёй прэтэнзій.

Смяротнае пакаранне

27 лістапада праваабаронцам стала вядома аб прывядзенні ў выкананне смяротных прысудаў у дачыненні да Сямёна Беражнова і Ігара Гершанкова. Абодва былі прысуджаныя да смяротнага пакарання Магілёўскім абласным судом 21 ліпеня 2017 г.

Сёлета Камітэт па правах чалавека ААН зарэгістраваў індывідуальны зварот Сямёна Беражнога і накіраваў Беларусі запыт аб прыняцці часовых мер да вынясення Камітэтам канчатковага рашэння. Праваабаронцы спадзяваліся, што Рэспублікай Беларусь усё ж такі будуць прынятыя часовыя меры аб прыпыненні выканання смяротнага пакарання да разгляду звароту, але беларускія ўлады не адрэагавалі на запыт КПЧ ААН. Аналагічны зварот быў зарэгістраваны КПЧ ААН і ў дачыненьні да Ігара Гершанкова.

На дадзены момант у Беларусі выканання смяротнага прысуду чакаюць два чалавекі: Вячаслаў Сухарка і Аляксандр Жыльнікаў.

Міжнародныя арганізацыі выступілі з асуджэннем прывядзення ў выкананне чарговых смяротных прысудаў у Беларусі.

Свабода меркаванняў і іх выказвання

Праваабаронцы ўсур'ёз занепакоеныя хваляй рэпрэсій за выказванне меркаванняў спосабам, які не падпадае пад агульнапрызнаныя правамерныя абмежаванні. Гаворка ідзе аб выкарыстанні матэрыялаў, якія трапілі ў Рэспубліканскі пералік экстрэмісцкіх матэрыялаў па сумніўных падставах; распаўсюджванне, выраб, захоўванне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці ці прапагандуе такую ​​дзейнасць, прызнаецца правапарушэннем і пераследуецца ў адміністрацыйным парадку.

Так 1 лістапада Вячаслаў Касінераў і Марына Насенка былі аштрафаваныя суддзёй суда Маскоўскага раёна г. Мінска за распаўсюджанае ў сацыяльнай сетцы сваё фота ў шапцы з надпісам “classwar”. Суддзя Тацяна Мотыль ацаніла фота шлюбнай пары ў 1102,5 рублёў штрафу ў суме.

Суддзя Валерый Шпак з суда Кастрычніцкага раёна Гродна разгледзеў 2 лістапада адміністрацыйную справу вакаліста гурта Dzieciuki і журналіста-фрылансера Алеся Дзянісава. За перапост на старонцы музыкі ў сацыяльнай сетцы “Вконтакте” двух відэа з забароненага анархістычнага пабліка аб удзеле брэсцкіх анархістаў у “Маршы недармаедаў” суддзя вынес пастанову аб прыцягненні Дзянісава да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе штрафу ў памеры 612,5 рублёў (25 базавых велічыняў).

16 лістапада ў судзе Кастрычніцкага раёна Гродна завяршыўся яшчэ адзін працэс за рэпост ў сацыяльнай сетцы. Жыхара Івацэвічаў Уладзіслава Сераду суддзя Алена Тоўсцік-Самойла прызнала вінаватым у парушэнні артыкула 17.11 КаАП, гэта значыць у распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў, і пакарала штрафам у 367,5 рублёў.

Малады чалавек размясціў на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы спасылку на матэрыялы забароненых паблікаў: у адным з матэрыялаў распавядалася пра акцыю маскоўскіх анархістаў у падтрымку беларускіх, у двух іншых — пра акцыі супраць так званага дэкрэта “аб дармаедстве”, якія летась прайшлі ў Беларусі.

Катаванні, жорсткае, бесчалавечнае і прыніжаючае абыходжанне

Праваабарончы цэнтр “Вясна” прэзентаваў мультымедыйны праект #БезПраваНаРасправу, прысвечаны выяўленню выпадкаў катаванняў і іншых жорсткіх, бесчалавечных ці прыніжаючых годнасць відаў абыходжання і пакарання. Праект закліканы зламаць сцяну маўчання, страху і беззаконня і паказаць, што катаванням і жорсткім выглядам абыходжання можна і трэба супрацьстаяць.

У лістападзе па скарзе пацярпелай Генеральная пракуратура адмяніла пастанову следчага А. Канцавога, які 12 красавіка 2018 г. спыніў папярэдняе расследаванне па крымінальнай справе па факце гібелі Алега Багданава ў ВУ “Турма № 8” г. Жодзіна 29 студзеня 2016 г. У 2014 годзе зняволены СІЗА перанёс цяжкую аперацыю на сэрцы, з'яўляўся інвалідам 3-й групы і меў патрэбу ў пастаяннай кваліфікаванай медыцынскай дапамозе, назіранні лекара-кардыёлага. Па папярэдніх даных, Багданаву ў СІЗА не аказвалі належнай медыцынскай дапамогі; аднак выяўленыя падчас расследавання справы парушэнні ў аказанні медыцынскай дапамогі следчы не звязаў з смерцю.

5 лістапада на тэрыторыі папраўчай калоніі № 1 у Наваполацку прайшоў судовы працэс па скаргах асуджанага за ўжыванне гвалту да міліцыянта Святаслава Барановіча на накладзеныя на яго дысцыплінарныя спагнанні. У судовым пасяджэнні зняволены паведаміў пра прымяненне да яго жорсткага абыходжання.

Парушэнне права на мірныя сходы

У судзе Ленінскага раёна Гродна разгледжана адміністрацыйная справа ўдзельніка пікету ў гадавіну Кастрычніцкай рэвалюцыі Аляксандра Лаўрэнцьева па ч. 3 арт. 23.34 КаАП. Суддзя Руслан Гурын вынес пастанову аб прыцягненні Лаўрэнцьева да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе штрафу ў памеры 30 базавых велічынь, або 735 рублёў.

Сталі вядомыя вынікі першых адміністрацыйных працэсаў супраць удзельнікаў традыцыйнага Дня памяці паўстанцаў 1863 года, які прайшоў 27 кастрычніка ў Свіслачы і Якушоўцы, паведамляе “Гарадзенская Вясна”. 15 лістапада старшыня Свіслацкага раённага суда Аляксандр Шылін аштрафаваў грамадскіх актывістаў: Юрася Глебіка на 612,5 рублёў, Віктара Пяцельчыца на 245 рублёў.

22 лістапада ў судзе Цэнтральнага раёна Мінска суддзя Таццяна Акавітая аштрафавала на 857,5 рублёў Алеся Абрамовіча за ўдзел у акцыі “Ланцуг памяці”, прысвечанай памяці расстраляных дзеячаў культуры і навукі, якая прайшла ў Менску 29 кастрычніка каля будынку КДБ. Абрамовіч пры гэтым “трымаў лампадку і выкрыкваў лозунг «Жыве Беларусь!»”.

Такім чынам, права на мірныя сходы ў Беларусі рэгулярна парушаецца: працэс атрымання дазволу на правядзенне мірнага сходу празмерна складаны і дарагі для заяўнікаў, а за правядзенне мірных сходаў і пікетаў без дазволу іх удзельнікі падвяргаюцца рэпрэсіям.

Адміністрацыйны пераслед ў лістападзе (інфаграфіка)

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства