viasna on patreon

“Без суда і следства” супрацоўнікі міліцыі знішчылі цэлую бібліятэку актывіста

2018 2018-12-04T10:14:16+0300 2018-12-04T10:33:57+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/biblioteka_knigi_argentina_4.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Справа грамадскага актывіста Ігара Багачака цягнецца яшчэ з "гарачай вясны-2017". Напярэдадні Дня волі 24 сакавіка 2017 года да актывіста дадому з аглядам прыйшла міліцыя. З сабой супрацоўнікі міліцыі ўнеслі 70 кніг, журналаў і брашур нібы ў межах артыкула 17.11 КаАП. На Ігара Багачака была заведзена адміністрацыйная справа за захоўванне экстрэмісцкай літаратуры і прадукцыі.

Літаратуру ў сваю чаргу, як і падаецца ў такіх сітуацыях, супрацоўнікі міліцыі адправілі на экспертызу. Але нешта пайшло не так. Экспертыза праводзілася больш за два месяцы, і была скончана, калі ўжо прайшоў тэрмін прыцягення актывіста да адміністрацыйнай адказнасці.

У сувязі з гэтым адміністрацыйную справу па арт. 17.11 КаАП спынілі з-за заканчэння тэрмінаў для прыцягнення да адказнасці, але літаратуру яму так і не вярнулі.

Вядома, актывіст хацеў вярнуць сваю бібліятэку. Але супрацоўнікі міліцыі паведамілі яму, што экспертыза прызнала ўсю канфіскаваную літаратуру і прадукцыю экстрэмісцкай, і таму яна была знішчаная. Іх ніколькі не смучала адсутнасць рашэння суда па адміністрацыйнай справе ў дачыненні да хлопца, як у прынцыпе і адсутнасць самой справы. Вядома, што лёс такіх рэчаў можа вырашацца толькі рашэннем суда.

Зразумела, дзеянні супрацоўніка міліцыі С. Кулічэнка абурылі хлопца, бо, як той кажа, “без суда і следства”, знішчылі яго цэлую бібліятэку. З дапамогай юрыстаў праваабарончага цэнтру “Вясна” Ігар Багачык падрыхтаваў скаргу. Хоць яна першапачаткова адрасавалася ў пракуратуру Савецкага раёна, яе ўсё роўна пераслалі ў Савецкі РУУС. Вядома, што там не знайшлі парушэнняў з боку сваіх падначаленых, і начальнік Савецкага РУУС М. Гамола паведаміў, што ўсё было ў межах закона. Праўда, невядома якога. Актывіст хацеў даведацца гэта, і з дапамогай праваабаронцаў “Вясны” абскардзіў гэты адказ у ГУУС Мінгарвыканкама.

І нарэшце, начальнік ГУУС Мінгарвыканкама А. Купчэня ўбачыў у гэтай сітуацыі нешта ненармальнае, ці, кажучы юрыдычнай мовай, незаконнае. І толькі 22 лістапада 2018 года Ігару Багачаку паведамілі, што за неналежнае выкананне службовых абавязкаў у дачыненні да ўчастковага інспектара міліцыі С. Кулічэнка, у прыватнасці парушэнне нормаў адміністрацыйнага і працэсуальна-выканаўчага заканадаўства, “прынятыя меры рэагавання ў выглядзе пазбаўлення бягучай прэміі”.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства