Аднага акцёра з "ЛГБТ-міліцыі" аштрафавалі, іншыя двое таксама затрыманыя Дапоўнена
Раніцай 11 снежня акцёра тэатральнай лабараторыі Fortinbras ізноў даставілі ў суд Цэнтральнага раёна. Цяпер ён чакае магчымасці азнаёміцца з "дапрацаваным" пратаколам. Аднак у будынак суда яго не заводзяць, а трымаюць у спецаўтамабілі.
Адна з сябровак затрыманага распавядае, што на працягу гэтых дзён амаль немагчыма атрымаць аніякай дакладнай інфармацыі: ніхто нічога не тлумачыць, даюць супярэчлівыя дадзеныя. Калі ўчора ў суд прывезлі каля 15 чалавек, скаваных паміж сабой кайданкамі, прысутныя запытваліся, нашто гэта зроблена? Ім адказвалі міліцыянеры: "Каб не збеглі".
"Ён больш за суткі ўжо нічога не еў, але нам не давалі ні паразмаўляць з ім, ні перадаць ваду і трошкі ежы.
Калі ўсіх астатніх затрыманых асудзілі, суд зачыняўся, нас прасілі выйсці з будынку, а лёс нашага сябра быў невядомы", - узгадвае дзяўчына.
Яна дадае, што пазней, калі хлопца зноў адвезлі ў РУУС, міліцыянеры казалі, што ён адміністрацыйна затрыманы і абмежаваны ў правах, але ўсё ж пагадзіліся ўзяць ваду і арэшкі для яго. Аднак затрыманаму іх так і не перадалі.
Сяброўка акцёра адзначае, што сёння ў будынку суда больш міліцыянераў і аховы, на ўваходзе іх наўпрост называюць "палітычнымі".
Суд распачаўся каля 12 гадзін, справу цяпер разглядае суддзя Вікторыя Шабуня. Пратакол складзены на падставе ч. 1 арт. 23.34 КаАП, згодна з якім 28 кастрычніка з 16.35 акцёр знаходзіўся ў гандлёвым цэнтры "Замак", прымаў удзел у касцюмавана-танцавальным прадстаўленні з музычным суправаджэннем з прымяненнем ЛГБТ-сімволікі без адпаведнага дазволу Мінгарвыканкаму. Затрыманы часткова прызнае свае віну: быў у ГЦ "Замак" з іншымі асобамі, у іх было заданне ад тэатральнай студыі па прадмеце "Акцыянізм", акцёры выбралі форму "Постмадэрнісцкая мастацкая акцыя" і выкарыстоўвалі элементы аддзення, свістулькі, вясёлкавыя нашыўкі, раздавалі цукеркі. Ніхто ў гандлёвым цэнтры на іх не скардзіўся, ніхто не казаў, каб яны спыніліся.
Пасля з'яўлення відэароліка ў інтэрнэце, у ГЦ "Замак" былі выпатрабаваныя запісы з відэакамераў. Суд перайшоў да прагляду відэаматэрыялаў, аднак сама суддзя не глядзіць іх.
Абарона звярнула ўвагу на парушэнне працэсуальных нормаў: не выклікалі адваката па патрабаванні затрыманага, не далі копію перапісанага ў другі раз пратакола; кажа пра прыярытэт міжнароднага права перад нацыяльным заканадаўствам і просіць адміністрацыйную справу спыніць.
Суддзя абвясціла перапынак для прыняцця рашэння да 14 гадзін.
Тым часам на старонцы Беларускага свабоднага тэатра у фэйсбуку з'явілася інфармацыя пра затрыманне двух іншых удзельнікаў акцыі:
Двое іншых студэнтаў Fortinbras затрыманыя да суду і знаходзяцца ў ЦІПе. Суд будзе заўтра, дакладны час невядомы.
Суддя Вікторыя Шабуня вынесла рашэнне прызнаць акцёра тэатральнай студыі Fortinbras вінаватым у здзяйсненні адміністрацыйнага правапарушэння і прыцягнуць да адказнасці ў выглядзе штрафу ў 15 базавых велічынь.
Нагадаем, хлопец быў затрыманы на вуліцы супрацоўнікамі міліцыі яшчэ ў суботу, 8 снежня, дастаўлены ў РУУС Цэнтральнага раёна г. Мінска, дзе на яго быў складзены пратакол па арт. 23.34 КаАП "Арганізацыі ці ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве". Пасля гэтага актор быў дастаўлены ў ІЧУ, дзе ўтрымліваўся да суда.
Толькі ў другой палове дня 10 снежня яго прывезлі ў суд. Аднак, суддзя Іван Касцян дзіўным чынам без разгляду накіраваў справу на дапрацоўку ў РУУС. Разам са справай у РУУС адвезлі і затрыманага.
6 снежня Свабодны тэатр апублікаваў у сваім «Фэйсбуку» відэа акцыі «Дэканструкцыя міліцыянта», якая прайшла ў мінулую сераду ў Мінску. Студэнты акцёрскай студыі ў адмысловых мундзірах з пагонамі ў колерах вясёлкавага сцягу спынялі людзей за «неадпаведны настрой», пыталі аб усмешцы, танчылі і раздавалі свісткі.
"Страшэнны вобраз міліцыянта мае патрэбу ў дэканструкцыі. Мы пераўтварылі страх у каханне. Любы можа быць ЛГБТ, а ЛГБТ часцяком маюць патрэбу ў абароне ад нашага гамафобнага грамадства. Таму мы паказалі міліцыі прыклад і самі стварылі адмысловы дэпартамент па абароне правоў ЛГБТ", - гаворыцца ў анатацыі да відэа.