viasna on patreon

Лепельскіх баптыстаў пакаралі за распаўсюд хрысціянскай літаратуры

2018 2018-12-18T11:14:09+0300 2018-12-18T11:14:08+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/leppelska_carkva.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Лепельская царква хрысціян веры евангельскай. Фота ПЦ "Вясна"

Лепельская царква хрысціян веры евангельскай. Фота ПЦ "Вясна"

У Лепелі за спевы і распаўсюд хрысціянскай літаратуры каля мясцовага рынку былі затрыманыя баптысцкія вернікі – сужэнцы Андрэй і Таццяна Фокіны, паведамляе "Беларускі партызан" са спасылкай на сайт Forum 18. «Нас затрымалі як злачынцаў і даставілі ў пастарунак», – распавёў  Андрэй Фокін.

Інцыдэнт адбыўся 27 кастрычніка. А 30 кастрычніка суд аштрафаваў іх за парушэнне закону аб масавых мерапрыемствах паводле часткі 3 артыкулу 23.34 КаАП. Андрэя Фокіна на 661,5 рублёў, яго жонку – на 539 рублёў. Гэткі прыкладны памер сярэднямесячнага заробку ў Лепелі.

Паводле Андрэя Фокіна, міліцыю на іх выклікаў чыноўнік мясцовага райвыканкаму. Ён таксама адзначыў, што міліцыянты проста скапіявалі пратаколы, складзеныя ў дачыненні да яго і ягонай сям'і за аналягічныя ўчынкі ў 2017 годзе. Вернік заяўляе, што іх судзілі як прадстаўнікоў рэлігійнай арганізацыі, хаця яны ёсьць проста сужэнцы. На думку асуджанага, суд вынес загадзя падрыхтаваную пастанову.

Фокіны абскардзілі гэтае рашэнне ў Віцебскім абласным судзе, але 21 лістапада суддзя Святлана Іванова прызнала рашэнне Лепельскага суда законным.

Андрэй Фокін таксама распавёў, што яны не плацілі 1035 рублёў штрафу, выпісаныя ім у 2017 годзе. Не маюць яны і грошай на новыя штрафы. Пры гэтым з заробку Таццяны Фокінай былі прымусова ўтрыманыя сумы для аплаты леташняга штрафу. Улады таксама пагражаюць забраць у Андрэя Фокіна правы кіроўцы, пакуль не будзе выплачаны штраф, і накласці забарону на маёмасць для пакрыцця штрафаў.

Фокін сказаў, што падаў апеляцыю на дзеянні судовага прыстава ў Віцебскі абласны суд 10 снежня.

Пры гэтым ён распавёў, што не мае намеру спыняць бібліятэчнае служэнне. «Калі нас выганяць з аднаго месца, мы знойдзем іншае і звернемся да ўсіх магчымых установаў, але мы ніколі не здадзімся», – заявіў вернік.

Фокін мяркуе, што новая хваля ціску можа быць звязаная са зменай кіраўніка Лепельскага выканкаму. Міхаіл Кісялевіч быў прызначаны на гэтую пасаду ў верасні 2018 году. «Гэты чалавек добра нас знае, таму ён вырашыў выкарыстаць сваё становішча для дэманстрацыі сваёй улады», – заявіў Фокін. Ён сказаў, што чыноўнік з Лепельскага выканкаму выклікаў міліцыю і назіраў за затрыманнямі.

Сам жа Міхаіл Кісялевіч заявіў, што не ведае Андрэя Фокіна і не нясе адказнасці за штрафы. Кіраўніца ідэалягічнага аддзелу Алена Барадзейка таксама адмаўляе, што міліцыю выклікаў мясцовы чыноўнік. Пры гэтым яна настойвала, што ніякая іншая рэлігійная суполка не спявае і не выступае ў грамадскіх месцах. Каб спыніць пераслед, яна заявіла, што грамада, да якой належаць Фокіны, павінна зарэгістравацца. Тады, паводле яе словаў, «яны могуць спяваць без якіх-небудзь абмежаванняў».

Сям'я Фокіных належыць да Міжнароднага саюзу цэркваў евангельскіх хрысьціян-баптыстаў, які адкідае неабходнасць дзяржаўнай рэгістрацыі. МСЦ ЭХБ таксама адмаўляецца плаціць штрафы, накладзеныя за выкананьне правоў на свабоду сумлення. У Лепелі чальцы царквы арганізуюць вулічную бібліятэку з 1990-х гадоў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства