viasna on patreon

Праваабаронца Алена Маслюкова можа стаць "Лідэркай году”

2018 2018-12-21T13:17:34+0300 2018-12-21T13:24:02+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/premia2112.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Ілюстратыўнае фота.

Ілюстратыўнае фота.

Уручэнне штогадовых прэмій Чэмпіёнаў грамадзянскай супольнасці адбудзецца ў чацвер,10 студзеня. Пра падзею паведамляеццца на старонцы Асамблеі няўрадавых дэмакратычных арганізацый у фэйсбуку.

Па традыцыі, пераможцы вызначаюцца ў некалькі розных намінацыях. У намінацыі «Лідэр/лідэрка году» сёлета прадстаўленыя: 

Ірына Альхоўка, старшыня праўлення МОО "Гендерные перспективы", якая прасоўвала праект закону аб супрацьдзеянні хатняму гвалту;

Павел Белавус, заснавальнік Арт Сядзіба, Адзін з арганізатараў святкавання 100-годдзя БНР;

Вольга Вялічка, дырэктарка Гродзенскага дзіцячага хоспіса, якая арганізавала сацыяльны праект стварэння зручнай вопраткі для людзей з інваліднасцю, выставу "Жыццё ў поўным колеры";

Алена Маслюкова, праваабаронца, лідэрка ініцыятывы супраць запуску заводу па вытворчасці бялёнай цэлюлозы;

Генадзь Фядыніч, старшыня Незалежнага прафсаюза РЭП, які нягледзячы на пераслед праз фальшывую крымінальную справу, працягвае бараніць правы працоўных.

Названыя таксама кандыдатуры на намінацыю "Партнёрства году".

Гэта конкурс “Паскарэнне”. (Talaka.by - Кропка збору неабыякавых людзей, Onliner, група кампаніяў "Gurtam" і velcom арганізавалі конкурс і збор грошаў для найлепшых грамадска значных праектаў).

Праект "DVEPOLOSKI". (Старшыня Лідскай арганізацыі інвалідаў-вазочнікаў Аляксандр Аўдзевіч  і Лідзкая фабрыка красовак запусцілі стартап, у межах якога палова сродкаў з продажу абутку ідзе на дабрачыннасць).

Другая (не)канферэнцыя настаўнікаў EdCamp Belarus 2018. (Таварыства беларускай школы, Global Shapers Minsk Hub пры падтрымцы Амбасады Нідэрландаў, кампаній "Кока-Кола Бэўрыджыс Беларусь" і Activia, PACT, USAID і Imaguru: Бизнес-Клуб/Startup Hub).

Кааліцыйная праца праваабарончых НДА Беларусі пры падрыхтоўцы дакладу для КПЧ ААН. (У выніку прадстаўлення альтэрнатыўнага дакладу і супольных адвакацыйных дзеянняў больш як 60 рэкамэндацый Камітэту правоў чалавека (КПЧ) ААН да ўраду Беларусі маюць у сваім складзе прапановы беларускіх праваабаронцаў дзеля выпраўлення сітуацыі з правамі чалавека ў краіне).

Адукацыйны курс "Мэнэджмэнт у НКА". (Фонд "Новая Еўразія" і Інстытут бізнесу БГУ запусцілі сумесны праект - адукацыйны курс "Мэнэджэмэнт у некамерцыйнай арганізацыі", заснаваны на спалучэнні акадэмічных стандартаў і рэальнага досведу беларускіх НКА).

Прэтэндэнты на іншыя намінацыі пакуль не называліся.


Прэмія «Чэмпіёны грамадзянскай супольнасці» — штогадовая прэмія, якой адзначаюцца найбольш значныя, выбітныя і яскравыя асобы, арганізацыі і падзеі знакавыя для развіцця беларускага трэцяга сектара. Прэмія заснавана Асамблеяй няўрадавых дэмакратычных арганізацый Беларусі ў 2009 годзе.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства