За “дэманстратыўныя ўдары ў звон” Урбановіча аштрафавалі на 40 базавых
Суддзя Лагойскага раёна Аксана Сарахман 18 снежня разглядзела адміністрацыйную справу па ч. 3 арт. 23.34 КаАП у адносінах да старшыні “Маладога фронту” Дзяніса Урбановіча.
Яго абвінавацілі ў актыўным удзеле ў складе групы грамадзянаў пікітаванні побач з падземным пераходам, які вядзе да ўрочышча Курапатаў, без адпаведнага дазволу Мінскага райвыканкаму з мэтай публічнага выказвання свайго стаўлення да функцыянавання рэстарана “Поедем, поедим” и палітычных рэпрэсій 1930-1940гг., дзе “дэманстратыўна ажыцяўляў нанясення ўдараў у звон”.
У той вечар – 29 кастрычніка – адбывалася акцыя “Ноч расстраляных паэтаў”, у якой удзельнічала каля 70 чалавек. У падземным пераходзе ля выхаду ў бок Курапатаў была ўсталяваная імправізаваная сцэна, на якой выступалі і чыталі вершы рэпрэсаваных паэтаў госці. Але толькі Дзяніс Урбановіч быў затрыманы 7 лістапада і на яго быў складзены пратакол.
Сам Дзяніс Урбановіч на судовым паседжанні не прысутнічаў.
Суддзя вынесла рашэнне – пакараць актывіста штрафам у 40 базавых велічынь.
Нагадаем, “Ноч расстраляных паэтаў” - акцыя, якая адбываецца ў ноч з 29 на 30 кастрычніка ў Курапатах, у гадавіну ночы, калі НКВД расстраляла цэлую групу выбітных беларускіх літэратараў. Сярод іх былі Анатоль Вольны, Платон Галавач, Алесь Дудар, Міхась Зарэцкі, Васіль Каваль, Майсей Кульбак, Юрка Лявонны, Валеры Маракоў, Юлі Таўбін, Міхась Чарот ды іншыя, агулам 22 чалавекі.
Усяго ў тую ноч былі знішчана больш за 100 прадстаўнікоў беларускай творчай і навуковай інтэлігенцыі і дзяржаўнага апарату.