Затрыманая журналістка Вольга Чайчыц
Журналістка-фрылансер Вольга Чайчыц, якая супрацоўнічае з польскім тэлеканалам „Белсат”, затрыманая 21 студзеня ля ўрочышча Курапаты пад Менскам. Відэатрансляцыю затрымання Чайчыц вяла ў „Фэйсбуку”, паведамляе БелаПАН.
Журналістка рыхтавала на месцы гібелі ахвяр сталінскіх рэпрэсій рэпартаж для „Белсата”. Як толькі яна з відэааператарам на аўтамабілі ад’ехалі ад урочышча, іх машыну спынілі супрацоўнікі ДАІ. У дачыненні да кіроўцы пачалі складаць пратакол нібыта за парушэнне правілаў дарожнага руху. Затым да журналісткі падышлі двое іншых супрацоўнікаў міліцыі і прапанавалі паехаць з імі ў Бараўлянскі РАУС для разбору.
Паводле слоў аднаго з іх, Чайчыц абвінавачваюць у парушэнні заканадаўства аб сродках масавай інфармацыі (артыкул 22.9 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях). Журналістка запярэчыла, што вырабам прадукцыі СМІ, згодна з заканадаўствам, займаюцца рэдакцыі, а яна, як і любы іншы грамадзянін Беларусі, мае права на збор інфармацыі згодна з артыкулам 34 Канстытуцыі.
Пакуль Чайчыц везлі, з ёй на заднім сядзенні аўтамабіля знаходзіўся супрацоўнік міліцыі ў цывільным, які вёў відэаздымку. Пасля прыбыцця ў РАУС у журналісткі запатрабавалі выключыць і здаць мабільны тэлефон, і трансляцыя спынілася.