viasna on patreon

Гомельскі абласны суд не стаў на бок светлагорскай праваабаронцы

2019 2019-01-22T14:49:10+0300 2019-01-22T15:17:04+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/masliukova_sud_abl.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Алена Маслюковай з групай падтрымкі каля Гомельскага абласнога суда 22.01.2019

Алена Маслюковай з групай падтрымкі каля Гомельскага абласнога суда 22.01.2019

У Гомельскім абласным судзе 22 студзеня разглядалася скарга праваабаронцы са Светлагорску Алены Маслюковай на рашэнне Светлагорскага раённага суда ад 12 лістапада. У той дзень раённы суд не знайшоў парушэнняў у рашэнні райвыканкама, які адмовіў ў правядзенні ў горадзе мітынгу супраць працы завода беленай цэлюлозы.

Нагадаем, Светлагорскі райвыканкам не дазволіў правесці шостага кастрычніка 2018 года мірную акцыю супраць завода беленай цэлюлозы на стадыёне “Папернік” (адзіным месцы ў горадзе, дзе ўвогуле магчыма правесці акцыі). Праваабаронца Алена Маслюкова не пагадзілася з такім незаконным і хлуслівым рашэннем. Чаму хлуслівым? Справа ў тым, што ў адмоўным адказе райвыканкама адзначалася, што мірны сход немагчымы, бо на стадыёне ў заяўлены час запланавана правядзенне моладзевага першынства па футболе. Шостага кастрычніка Алена Маслюкова вырашыла праверыць гэтую інфармацыю, прыйшла ў 16.00 на стадыён і не ўбачыла аніводнага гульца ў футбол – стадыён быў пусты.

Тады праваабаронца звярнулася ў раённы суд. На двух паседжання былі апытаны сведкі – трэнеры і метадысты спартовай школы, якой належыць стадыён “Папернік”. Іх паказанні разыходзіліся паміж сабой, а адзін сведка нават сказаў, што загад перанесці спаборніцтвы на шостае кастрычніка быў дадзены ўжо пасля таго, як стала вядома пра жаданне актывістаў правесці мірную акцыю. Але ўсё гэта не стала аргументам для суддзі Светлагорскага суда Людзмілы Сядзько, і яна не задаволіла скаргу Маслюковай. 

Алена Маслюкова. Фота з суда 22.01.2019
Алена Маслюкова. Фота з суда 22.01.2019

Разгляд скаргі Алены Маслюковай у Гомельскім абласным судзе цягнуўся агулам каля 30 хвілін. Падчас сваёго выступу праваабаронца патлумачыла, што падала заяву на правядзенне мітынгу па прычыне складанай экалагічнай сітуацыі ў горадзе, каб прыцягнуць увагу грамадскасці да праблемы і такім чынам абараніць права людзей на чыстае паветра. Праваабаронца адзначыла,  што карысталася сваім канстытуцыйным і міжнародным правам  ў інтарэсах грамадскасці.

Суд вынес рашэнне: скаргу Маслюковай пакінуць без задавальнення, а рашэнне Светлагорскага раённага суда – без зменаў.

Але праваабаронца здавацца не збіраецца і будзе рыхтаваць скаргу ў Вярхоўны суд.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства