За ўшанаванне памяці Героя Украіны Жызнеўскага ў Мінску асудзілі актывістаў Дапоўнена
Пасля завяршэння жалобнай акцыі ў гонар Героя Украіны Міхаіла Жызнеўскага ў Мінску 22 студзеня супрацоўнікі міліцыі затрымалі дваіх удзельнікаў ушанавання.
Вечарам ля помніка Тарасу Шаўчэнкі, што побач з амбасадай Украіны, сабралася каля дзесятка актывістаў, якія ўсклалі кветкі і запалілі знічы ў гонар Міхаіла Жызнеўскага. Затым яны праспявалі «Магутны Божа» і гімн Украіны.
Прыкладна каля 20 гадзін вечара, калі ўдзельнікі ўшанавання пачалі разыходзіцца, на праспекце Незалежнасці супрацоўнікі міліцыі гвалтоўна затрымалі Дзяніса Урбановіча і Вольгу Мікалайчык і адвезлі іх у РУУС Цэнтральнага раёна.
Пазней праваабаронцы даведаліся, што актывістаў да суда змясцілі ізалятар часовага ўтрымання на Акрэсціна.
23 студзеня ў судзе Цэнтральнага раёна адбыўся разгляд іх адміністрацыйных спраў. Вольга Нікалайчык атрымала 40 базавых велічынь штрафу (1020 рублёў). Дзяніс Урбановіч атрымаў максімальны штраф - 50 базавых (1275 рублёў). Старшынствавала на пасяджэнні суддзя Вікторыя Шабуня.
Беларус Міхаіл Жызнеўскі пяць гадоў таму стаў адной з першых ахвяр Еўрамайдана, - піша БелаПАН. Дваццаціпяцігадовы актывіст партыі УНА-УНСО беларус Міхаіл Жызнеўскі ўваходзіў у самаабарону Майдана, удзельнічаў у ахове яго аб’ектаў, дзяжурыў у палатках, дапамагаў у працы УНА-УНСО. Быў забіты падчас супрацьстаяння на вуліцы Грушэўскага ў Кіеве 22 студзеня 2014 года. На месцы яго гібелі ўстаноўлены помнік. 13 чэрвеня 2017 года Жызнеўскі быў удастоены звання Героя Украіны (пасмяротна). Пахаваны на могілках вёскі Сцяг Працы Гомельскага раёна