Віцебскі аблсавет абяцае разгледзець пытанне аб стварэнні камісіі па правах чалавека
Праваабаронца Павал Левінаў атрымаў адказ на свой зварот, у якім прапаноўваў заснаваць пры Віцебскім абласным Савеце дэпутатаў пастаянную камісію па пытаннях абароны правоў, свабод і законных інтарэсаў грамадзян. Старшыня аблсавету Ўладзімер Цярэнцьеў паабяцаў, што пытанне стварэння такой камісіі будзе разгледжанае ўжо на чарговай сесіі, - піша "Віцебская Вясна".
“Пытанне аб стварэнні пастаяннай камісіі па пытаннях абароны правоў чалавека будзе ўнесенае на разгляд дэпутатаў Віцебскага абласнога Савету дэпутатаў на чарговай сесіі Віцебскага абласнога Савету дэпутатаў”, – гаворыцца ў адказе на зварот праваабаронцы.
“Аб выніках разгляду Вы будзеце паінфармаваны дадаткова”, – паведамляецца ў лісце.
Праваабаронца жадае прысутнічаць на сесіі
Такі адказ ня цалкам задаволіў Паўла Левінава. 31 снежня 2018 года праваабаронца накіраваў у абласны Савет яшчэ адзін зварот – з просьбай правесці паседжанне сесіі, на якой будзе разглядацца гэтае пытанне, “адкрыта і публічна, загадзя паінфармаваўшы аб месцы, даце і часе сесіі”.
Левінаў нагадаў старшыні аблсавету, што згодна з Законам “Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні” “сесіі Савету праводзяцца адкрыта і публічна, грамадзяне маюць права ўносіць у Савет матываваныя прапановы аб неабходнасці прыняцця рашэнняў Савету, пры гэтым разгляд такіх прапаноў мусіць адбывацца з удзелам прадстаўнікоў грамадзян”.
Праваабаронца прапануе таксама, каб Віцебскі абласны Савет дэпутатаў разам з прадстаўнікамі праваабарончых арганізацый і грамадзянскай супольнасці распрацавалі Палажэнне “Аб грамадзкім камітэце па правах чалавека Віцебскай вобласці”.
Нагадаем, што зараз у Віцебскім абласным Савеце дзейнічае пяць пастаянных камісій – па пытаннях агракомплексу і экалогіі, эканамічнага развіцьця, мясцовага самакіравання, прамысловасці і ЖКГ, а таксама па пытаннях сацыяльнай сфэры. Ніводная з іх не не закранае наўпрост пытанні абароны правоў чалавека.
На думку Паўла Левінава, стварэнне камісіі па правах чалавека ў абласным Савеце паспрыяе абароне правоў і свабод грамадзян, а гэтым самым – паменшыць колькасць індывідуальных зваротаў у Камітэт ААН па правах чалавека ад жыхароў Віцебшчыны.
Па колькасьці такіх зваротаў у КПЧ ААН Віцебская вобласьць займае зараз першае месца сярод рэгіёнаў Беларусі.
Навіны ад Spring96.org у Telegram. Падпішыся на наш канал https://t.me/viasna96