viasna on patreon

Гары Паганяйла: Справа закончыцца нічым, і ўсе гэта разумеюць

2019 2019-02-12T15:31:01+0300 2019-02-20T13:14:15+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/dsc00535-737x415.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабаронца Гары Паганяйла. Фота: irp-blr.org

Праваабаронца Гары Паганяйла. Фота: irp-blr.org

Сёння, 12 лютага, у судзе Маскоўскага раёна разглядаецца справа галоўнай рэдактаркі інфармацыйнага партала Tut.by Марынай Золатавай.

“Як бы не закончыўся суд, улада ў гэтай сітуацыі ў любым выпадку прайграе, – распавёў сайту palitviazni.info юрыст-праваабаронца Гары Паганяйла. – Размова ідзе пра страту іміджа Беларусі на Захадзе, пра страту патэнцыйных інвестараў, пра страчаныя магчымасці…”

Нагадаем, Марына Золатава засталася адзінай абвінавачванай па «справе БелТА», астатнія фігуранты — 14 супрацоўнікаў розных СМІ — былі вызваленыя ад крымінальнай адказнасці з прыцягненнем да адміністрацыйнай. Акрамя штрафаў журналісты былі абавязаны кампенсаваць прад’яўленую шкоду. Сумы розныя — ад 3 да 17 тысяч рублёў, інфармуе TUT.BY.

Галоўнага рэдактара партала абвінавачваюць па ч. 2 арт. 425 Крымінальнага кодэкса (Бяздзейнасць службовай асобы), санкцыя артыкула — ад штрафу і да 5 гадоў пазбаўлення волі.

– Па “справе БЕЛТА” праходзіла 14 супрацоўнікаў розных СМІ, але да суда дайшла толькі справа Марыны Золатавай. На ваш погляд, чаму так адбылося?

– Улады паднялі вельмі вялікі шум з нагоды “злачынства стагоддзя”, і пры гэтым селі ў добрую лужыну. Але і зусім аскандаліцца не хочуць, таму вырашылі, хаця б Марыну Золатаву, асудзіць. Абсалютна відавочна, што ніякіх сур’ёзных абвінавачванняў па справе няма, і ў іншым варыянце да інфармацыйнага партала мог бы быць грамадзянска-прававы іск аб кампенсацыі стратаў, калі б іх можна было даказаць.

Але тут, як ужо многія адзначалі, вырашылі ўдарыць менавіта па TUT.BY, бо пастаянны ціск на незалежныя СМІ – гэта ў крыві ўлады. Вырашылі хоць некага пакараць і прыцягнуць да крымінальнай адказнасці Золатаву, каб павучыць іншыя незалежныя СМІ.

Безумоўна, справа закончыцца нічым, і ўсе гэта разумеюць. Пра рэальнае зняволенне не можа ісці і размовы.

– На пасяджэнні Камітэта ААН па правах чалавека, дзе Беларусь трымала справаздачу аб захаванні правоў чалавека, прадстаўніца Следчага камітэта Галіна Суздальцава заявіла, што ў “справе “БелТА” няма ніякай палітыкі, і што гэта “банальнае хакерства”…

– Хакерства – гэта доступ да нейкай закрытай інфармацыі з выкарыстаннем пэўных праграмных тэхналогій. А ў нашым выпадку абсалютна іншая сітуацыя. Журналісты БЕЛТА самі расказалі калегам з іншых выданняў пароль да закрытай інфармацыі, і некаторыя гэтым скарысталіся. Ні пра які ўзлом тут і і гаворкі няма, таму вельмі дзіўна, калі такія заявы робяць прадстаўнікі Следчага камітэта. Хакерства – гэта зусім іншы крымінальны артыкул.

– Ці можна было вырашыць гэтую спрэчную сітуацыю на ўзроўні суб’ектаў гаспадарання?

– Не толькі можна, але так і патрэбна было зрабіць. І гэта было б таксама прафілактыкай правапарушэнняў такога кшталту. Навошта было падымаць такі гвалт вакол усяго гэтага?

Але ва ўлады, відаць, свае падыходы і бачанне сітуацыі. Зараз модна казаць пра злачынствы ў вобласці лічбавай бяспекі, таму і вырашылі на гэтай хвалі распачаць крымінальную справу.

– Справу як быццам ініцыянавала кіраўніцтва БЕЛТА, якое звярнулася ў міліцыю з тым, што, маўляў, нехта ажыццяўляе незаконны доступ да закрытай інфармацыі. Вы верыце, што гэта і насамрэч ініцыятыва дзяржаўнага інфармацыйнага агенцтва? Альбо вушы тырчаць з іншага месца?

– Думаю, перш чым падаць заяву ў міліцыю, БЕЛТА параілася са сваімі куратарамі зверху, а можа і самі куратары вырашылі праявіць ініцыятыву. Таму пытанне аб узбуджэнні крымінальнай справы вырашалася зусім у іншых кабінетах. Можа быць, не на ўзроўні кіраўніка краіны, але сілавікі дакладна прынялі рашэнне падняць чарговы вэрхал на ўвесь свет.

Мяркую, і Савет бяспекі, і ідэалагічнае ўпраўленне ведалі пра ўсё гэта. Там абмяркоўвалі, узвешвалі плюсы і мінусы ад такога скандала, і, у рэшце рэшт, схіліліся да таго, што скандал ім сёння неабходны. У дачыненні да такіх персон проста так крымінальныя справы не ўзбуджаюцца.

– Стала вядома, што яшчэ да таго, як была ўзбуджана крымінальная справа, тэлефоны незалежных журналістаў праслухоўвалі. Гэта законна?

– Гэта абсалютна неканстутыцыйна і незаконна. І гэта яшчэ раз пацвярджае палітычны характар гэтай справы. Бо праслухоўвалі, аказваецца, яшчэ да таго, як кіраўніцтва БЕЛТА падало заяву ў міліцыю. На якой падставе?! Хто даў санкцыю на праслухоўванне?

Таму мы бачым, якія ва ўладаў падыходы да незалежных СМІ. Ім вельмі хочацца мець інфармацыю пра ўнутраную кухню гэтых СМІ, жадалі б, натуральна, мець і кантроль над імі.

– Ваш прагноз наконт прысуда для Марыны Золатавай?

– Будзе ўмоўнае пакаранне альбо штраф. Могуць вызваліць ад выканання службовых абавязкаў. Але ж тут таксама трэба разумець, што рэдактар – гэта проста чалавек, які выконвае палітыку рэдакцыі. А рэдакцыя – гэта не адна Марына Золатава. Таму ніякага эфекту ўлады не дасягнуць, з вялікага грому будзе малы дождж.

– Заснавальнік TUT.BY Юрый Зісер сказаў, што ад гэтай справы не выйграе ніхто: ні сам інфармацыйны партал, ні ўлада…

– Я б крыху па-іншаму сказаў: улада ў гэтай сітуацыі ў любым выпадку прайграе. А пра выйгрыш для яе тут наогул не варта казаць. Размова ідзе пра страту іміджа Беларусі на Захадзе, пра страту патэнцыйных інвестараў, пра страчаныя магчымасці. Вось такі “падарунак” вырашылі зрабіць краіне сілавікі.


  Навіны ад Spring96.org у Telegram. Падпішыся на наш канал https://t.me/viasna96

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства