viasna on patreon

Суд над Марынай Золатавай: дзень трэці Дапоўнена

2019 2019-02-14T10:26:27+0300 2019-02-14T16:57:46+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/zolatava_sud.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Марына Золатава з адвакаткай у судзе. Фота: ПЦ "Вясна".

Марына Золатава з адвакаткай у судзе. Фота: ПЦ "Вясна".

Суд Заводскага раёна Мінска працягвае разгляд крымінальнай справы Марыны Золатавай, галоўнай рэдактаркі TUT.BY, якую вінавацяць у бяздзейнасці службовай асобы.

У першы дзень было агучанае абвінавачванне, дапытаныя прадстаўнікі тэлеграфнага агенцтва БеЛТА. У другі дзень суд пачаў вывучаць пісьмовыя доказы справы. 


Падрабязна пра першы дзень судовага паседжанняСуд над Марынай Золатавай: дзень першы

Падрабязна пра другі дзень судовага паседжання: Суд над Марынай Золатавай: дзень другі


Допыт сведкі генеральнай дырэктаркі TUT.BY Людмілы Чэкінай

Суд і прысутныя даведаліся ад гэтай сведкі гісторыю стварэння “тут.бай-медыя”, місію, першапачатковыя мэты арганізацыі. Падрабязна распавядае, чым займаюцца яе намеснікі.

Сведка пералічыла абавязкі Марыны Золатавай, з якіх стала вядома, што даваць прамыя распараджэнні супрацоўнікам мастацка-рэдакцыйнага аддзелу яна НЕ МОЖА.

Далейшыя пытанні пракуроркі Юліі Харчэйкінай і суддзі Аляксандра Петраша зводзяцца да таго, што яны настойліва спрабуюць высветліць, наколькі “вялікую сілу” Золатава мае над супрацоўнікамі. Ажно да таго, хто размяркоўвае дзяжурствы, графікі адпачынкаў. Пракурорка высвятляе ступень падпарадкаванасці былых фігурантаў справы (Ермачонак, Бабаед, Уласік, Калтыгінай) да Золатавай, а таксама іх абавязкі. Гэта ўсё для таго, каб выстветліць, ці варта лічыць Золатаву сапраўды службовай асобай.

Харчэйкіна спрабуе высветліць, ці ведала Чэкіна пра “несанкцыянаваны доступ” да інфармацыі. На што тая адказала, што даведалася толькі, калі пачалася крымінальная справа. Таксама Людміла Чэкіна адзначае, што ў іх (у рэдакцыі) існуе шмат пытанняў адносна тых матэрыялаў БЕЛТА, да якіх нібыта ажыццяўляўся несанкцыянаваны доступ. Частка з гэтых матэрыялаў з БЕЛТА нібыта была выдалена, потым перазаліта. Гэта выклікае пытанні.

Генеральная дырэктарка TUT.BY адзначае, што самі супрацоўнікі не адмаўляліся ад таго, што заходзілі праз вядомыя ім паролі на сайт БЕЛТА. Яна не адмаўляе, што гэта правапарушэнне, аднак шкода згашана. Кампанія вылучыла журналістам ды рэдактарам патрэбныя сумы. Але тое, што адбываецца зараз, — несуразмерна правапарушэнню.

Чэкіна таксама растлумачыла, што Золатава вырашыла не заключаць дамову з БЕЛТА, бо лёгка можна выкарыстоўваць інфармацыю, якая з’яўляецца ў БЕЛТА ў адкрытым доступе. На пытанне пракуроркі, пра каго з супрацоўнікаў Золатава ведала, што той карыстаецца паролямі, яна сказала, што толькі пра Калтыгіну, а пра астатніх не ведала.

У сувязі з істотнымі супярэчнасцямі ў паказаннях Чэкінай на папярэднім следстве і цяпер зачытваюць яе паказанні з пратаколаў.


Допыт наступнага сведкі — галоўнага рэдактара сеткавага выдання REALT.BY Уладзіслава Кулецкага. На яго падчас следства аказваўся ціск.

Пракурорка спрабуе высветліць ступень яго падпарадкаванасці Золатавай, калі ён працаваў у TUT.BY. Харчэйкіна задае пытанні наконт таго, хто вырашаў, якія навіны пісаць і ставіць, ці магла Золатава рэдагаваць і прымаць рашэнні аб публікацыі матэрыяла і іншыя моманты адносна яе распараджэнняў.

Кулецкі суду сведчыць, што з Золатавай асабіста выкарыстанне пароляў не абмяркоўваў. Суд вырашыў агучыць яго паказанні, дадзеныя на папярэднім следстве, таму што маюцца супярэчнасці. З іх вынікае, што і Золатава, і Калтыгіна ведалі пра несанкцыянаваны доступ і не лічылі неабходным заключаць афіцыйную дамову. Але Кулецкі сказаў, што частка гэтых паказаннях была напісаная следчым. Суд нагадвае яму, што ён падпісаў гэты пратакол. Кулецкі не адмаўляе гэтага, але дадае, што ён прасіў унесці ў іх змены. На гэта яму адказвалі: "Ці мы напішам вось так і вашых супрацоўнікаў адпусцяць, ці (калі не такія паказанні) — пацерпяць вашыя супрацоўнікі". Кулецкі кажа, што яго сапраўдныя паказанні тыя, якія даў ён цяпер. 

Кулецкі расказвае, што на момант следства "чапляліся" менавіта да двух чалавек — Калтыгінай і Золатавай. "Хацелі пачуць ад мяне тое, што менавіта яны давалі распараджэнні пра паролі. Я казаў, што ў мяне нет такой інфармацыі. Але запісалі зусім інакш", — кажа Уладзіслаў Кулецкі.

Зачыталі паказанні з другога допыта, там таксама ёсць супярэчнасці. Кулецкі паясняе, што ў ім іх (супярэчанняў) менш, але ўсё роўна быццам бы следчыя настойвалі, каб ён выказаўся адносна дасведчанасці Золатавай аб несанкцыянаваным доступе. То бок усё роўна ціск аказваўся.

У судзе глядзяць відэа аднаго з яго допытаў.

“Калі б я не быў згодны з тымі паказаннямі, то я б адтуль (з кабінета следчага) не выйшаў. Я мусіў бы сказаць, што Золатава ведала пра гэта (пра несанкцыянаваны доступ)”, — расказвае пра ціск Уладзіслаў Кулецкі.


Суд аб'явіў перапынак на абед да 14:15


Наступнай сведчыць на судзе Ульяна Бабаед, журналістка партала Tut.by. Адна нататка БелТА каштуе 451 рубель

Як перадае БАЖ, Ульяна Бабаед распавяла, што выкарыстоўвала пароль ад БелТА, калі працавала ў «КП». Пасля пераходу на Tut.by яна працягнула выкарыстоўваць свой пароль.

Бабаед прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасці за 19 нататак, прачытаных у падпісцы БелТА.

"За прачытанне ў падпісцы 19 нататак БелТА на працягу паўтара года я заплаціла 8580 рублёў. Хоць у БелТА няма падпіскі для фізічных асоб, кошт быў выстаўлены мне асабіста. Па сутнасці, адна нататка абышлася мне ў 451 рубель", — сказала Ульяна Бабаед ў судзе.

Ульяна распавяла, што тыя навіны, якія яна чытала ў падпісцы, ужо доўгі час былі ў адкрытым доступе на сайце БелТА. Бабаед прывяла дакладныя даты і час публікацыі ў адкрытым доступе навін, якія яна, па дадзеных следства, чытала ў падпісцы ўжо пазней.

Размова з Марынай Золатавай аб выкарыстанні БелТА быў толькі аднойчы, 19 траўня 2018 года. З размовы Бабаед стала вядома, што да гэтага Золатава не ведала пра выкарыстанні пароляў БелТА.

Як піша euroradio.fm, Ульяна Бабаед адмовілася адказваць на пытанні прадстаўніка выдавецкага дома "СБ. Беларусь сегодня", таму што, на яе думку, яна не мае ніякага дачынення да "СБ", а "СБ" — да яе. Паролямі ад БЕЛТА, выдадзенымі "СБ", Бабаед не карысталася.

Пракурор зачытвае паказанні Бабаед, дадзеныя ёю ў ходзе папярэдняга расследавання.

Ульяна Бабаед не разумее, у чым істотныя супярэчнасці паміж яе паказаннямі на судзе і падчас следства. Таксама яна распавяла, што кіраўнік следчай групы крычаў на яе і пытаўся, чаму TUT.by не піша пра Лукашэнку. Па словах сведкі, яна думала, што ў справе ёсць палітычная падаплёка.

На дысках, якія паказвае пракурор, змяшчаецца асабістая перапіска Ульяны Бабаед, піша euroradio.fm. Яна просіць не агучваць гэтую інфармацыю, толькі пры ўмове закрытага судовага паседжання.

Суддзя кажа, што пасля будзе прызначаны дзень, калі паседжанне будзе закрытым. На ім будуць даследавацца тыя матэрыялы справы, якія падлягаюць разгляду ў закрытым судовым пасяджэнні.

"Я абвінавачаная ці сведка?" — пытаецца сведка.

Допыт Ульяны Бабаед праз амаль тры гадзіны скончаны, піша euroradio.fm.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства