«Маўчанне - золата», ці Што такое абгавор і як супрацьстаяць ўгаворам следчых?
Як стала вядома ў судовым працэсе над рэдактаркай TUT.BY Марынай Золатавай, на шэраг сведак абароны падчас следства аказваўся ціск з тым, каб яны абгаварылі сваю калегу.
У прыватнасці Галіна Уласік распавяла суду, што на допыце следчыя ёй сказалі, што яна павінна заявіць, што заходзіла ў платную падпіску БелТА па ўказанні Золатавай. Пасля таго, як журналістка адмовілася даваць такія паказанні, яе адправілі ў ІЧУ на тры дні.
У прававым лікбезе ад "Вясны" расказваем, што такое абгавор і як супрацьстаяць ціску следчых.
Што такое абгавор? Абгавор - паказанні абвінавачанага, пацярпелага, сведкі, якія ілжыва выкрываюць іншую асобу ў здзяйсненні злачынства. Абгавор варта адрозніваць ад даносу, які можа быць зроблены і не ў працэсе дачы паказанняў. Абгавор можа быць як добрасумленнай памылкай, так і загадзя ілжывым паказаннем. |
Якія могуць быць наступствы абгавору? Самае горшае, што можа адбыцца - невінаваты чалавек, якога абгаварылі, можа патрапіць у турму. Акрамя таго, самі ж следчыя часта папярэджваюць, што за дачу загадзя ілжывых паказанняў для сведак прадугледжана крымінальная адказнасць - штраф, або арышт, або абмежаванне волі на тэрмін да двух гадоў, або пазбаўленне волі на тэрмін да трох гадоў. На гэта варта указваць, калі вас прымушаюць падпісацца пад непраўдзівымі сведчаннямі. |
Пра што варта памятаць у кабінеце следчага? Па-першае, кожны мае права адмовіцца ад дачы паказанняў супраць самога сябе, членаў сваёй сям'і і сваіх блізкіх сваякоў (арт. 27 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь). За адмову альбо ўхіленне сведкі ад дачы іншых паказанняў прадугледжана адказнасць - штраф, або папраўчыя работы на тэрмін да двух гадоў, або арышт. Для падазраванага і абвінавачанага за адмову ад дачы паказанняў, а таксама за дачу загадзя ілжывых паказанняў адказнасць не прадугледжаная. Па-другое, вы павінны ведаць свае правы і абавязкі, а таксама ў якасці каго вас выклікалі або даставілі на допыт. Калі вам не паведамілі гэтага самі супрацоўнікі, то вы заўсёды можаце пацікавіцца пра гэта. Па-трэцяе, вы не абавязаныя памятаць усё і заўсёды, драбнюткія дэталі і абставіны. Не трэба казаць больш, чым пытаюцца, і тым больш адказваць на пытанні, якія вам не задавалі. Не варта і спяшацца з адказамі. Падумайце, перш чым адказваць. Памятаеце, што на другой шалі - рэальны тэрмін турэмнага зняволення для вашага/ёй калегі ці сябра/сяброўкі. |
Ці можа адвакат сведкі прысутнічаць на допыце? З 31 студзеня 2018 года ўступілі ў сілу змяненні ў Крымінальна-працэсуальны кодэкс, у якіх замацоўваецца права сведкі запрашаць адваката для атрымання юрыдычнай дапамогі пры ажыццяўленнi працэсуальных дзеянняў з яго удзелам. Аднак на практыцы следчыя часта парушаюць законнае права на абарону сведкі і нават падазронага - не дапускаюць адваката ў першыя гадзіны пасля затрымання і на першыя допыты. У такім выпадку, прасіце запрасіць адваката для ўдзелу ў працэсуальных дзеяннях, а таксама не давайце паказанняў без яго прысутнасці. |
Якую ролю адвакат можа выконваць у допыце сведкі? Задача адваката - абараняць правы і законныя інтарэсы сведкі. Непасрэдна ў ходзе допыту, праверкі паказанняў на месцы, іншых следчых і працэсуальных дзеянняў з удзелам сведкі адвакат сочыць за тым, каб на сведку не аказвалася незаконнага ўздзеяння, не парушаліся іншыя яго правы, паказанні сведкі былі поўна і дакладна адлюстраваныя ў пратаколе. Пры наяўнасці заўваг наконт правільнасці і паўнаты запісаў у пратаколе адвакат можа ўносіць пісьмовыя заўвагі ў пратакол. |
Што рабіць, калі вам даюць падпісаць пратакол, з якім вы не згодныя? У першую чаргу, варта вельмі ўважліва прачытаць пратакол. Калі ў ім ёсць звесткі, з якімі вы не згодныя, ці яны запісаны не дакладна, то вы можаце паказаць на гэта следчаму і патрабаваць іх выпраўленняў. Калі ён адмовіцца ўносіць змены, вы заўсёды можаце зрабіць гэта ўласнаручна перад тым, як падпісаць пратакол. Не спяшайцеся падпісваць пратакол, ад вашага росчырка можа залежаць лёс чалавека. |
Што рабіць, калі вы ўсё ж такі падпісалі пратакол, у якім абгаварылі абвінавачанага? Як правіла, у судовым працэсе суддзя аддае перавагу тым сведчанням, якія былі дадзеныя ў ходзе следства, а не тым, якія вы будзеце заяўляць на паседжанні. Але варта ўсё ж такі суду ўказаць, якія менавіта паказанні былі няслушныя і па якой прычыне (ціск, пагрозы следчага, запалохванне, прымяненне фізічнай сілы і катаванні) былі дадзеныя падчас допыту, а таксама заявіць праўдзівыя сведчанні. Калі адразу пасля допыту вы падалі скаргу начальніку следчага падраздзялення або ў пракуратуру на парушэнні ў працэсе правядзення вашага допыту - на гэта таксама можна ўказаць суду. Самаагавор і абгавор іншай асобы пры адсутнасці доказаў, якія пацвярджаюць абвінавачванне, не можа быць пакладзены ў аснову абвінаваўчага прысуду. |
Калі ў вас засталіся пытанні, пішыце на пошту "Вясны" - viasna@spring96.org
Чытайце таксама: «Маўчаць, я сказаў!», Ці што такое «падпіска аб неразгалошванні»?