viasna on patreon

Барановіча перавялі на турэмны рэжым зняволення. Ён схуднеў на 10 кілаграмаў

2019 2019-02-19T14:20:25+0300 2019-02-20T13:24:18+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/baranovich_tutby.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Святаслаў Барановіч. Фота Tut.by

Святаслаў Барановіч. Фота Tut.by

У папраўчай калоніі №1 г. Наваполацка 12 лютага завершылася судовае разбіральніцтва ў адносінах да Святаслава Барановіча, асуджанага за тое, што ўдарыў супрацоўніка міліцыі ў цывільным на прыпынку грамадскага транспарту. На судовым разбіральніцтве, якое было распачатае яшчэ пяць месяцаў таму, разглядалася пытанне аб змене рэжыму адбыцця пакарання на турэмны.

Рашэнне суда было агучана толькі 15 лютага. Згодна з пастановай суда горада Наваполацка Святаслаў Барановіч "на пакінутую частку тэрміна адбыцця пакарання 1 год і 7 месяцаў і 20 дзён пераводзіцца на турэмны рэжым".

Суддзя суда горада Наваполацка Ф. Янюк, якая выносіла рашэнне аб змене рэжыму, спасылалася на 12 дысцыплінарных спагнанняў толькі за кастрычнік 2018 г. Гэтыя пакаранні Святаславаў абскарджваў у судзе горада Наваполацка і Віцебскім абласным судзе, але безвынікова.

Застаецца адкрытым пытанне калі Святаслаў Барановіч будзе пераведзены на турэмны рэжым, бо у знаходзячыся ў штрафным ізалятары (ШІЗА) ён працягваў атрымліваць пакаранні за дрэнную прыборку, неахайны знешні выгляд і іншыя. На сёння ён мае неадбытыя суткі ШІЗА і ПКТ. Невядома, дзе ён іх будзе адбываць у наваполацкай калоніі ці ўжо турме.

Яго сястра Наталля распавяла “Вясне” аб тым, што ёй вядома пра стан брата:

“Святаслаў знаходзіцца ў цяжкім маральным стане. Магчыма, гэта звязванае з тым, што Святаслаў працяглы час знаходзіцца ў ШІЗА, не мае зносінаў са знешнім светам і пастаянна атрымлівае рознага кшталту дысцыплінарныя пакаранні. Ад адваката вядома, што ён моцна схуднеў, згубіў каля 10 кілаграмаў вагі...”

Са словаў сястры Наталлі, з моманту калі пачаўся судовы працэс (пяць месяцаў таму) Святаслаў ні разу не патрапіў у атрад. На нейкі час быў адпраўлены у памяшканні камернага тыпу (ПКТ), астатні час правёў у ШІЗА. У штрафны ізалятар забаронена браць уласныя рэчы, нават кнігі. У ізалятар нельга атрымліваць лісты, перадачы і карыстацца грашыма на рахунку. Пры такім рэжыме ён ізаляваны ад іншых зняволеных. У ізалятары ложак адкідаецца ад сцяны толькі на ноч, а на дзень вяртаецца да сцяны. У гэты час нельга спаць і ляжаць на ёй.

Падчас адбывання пакарання Святаслаў Барановіч на падставе нейкай “аператыўнай інфармацыі” быў пастаўлены адміністрацыяй калоніі на розныя ўлікі. На ўлік як “асоба, схільная да захопу закладнікаў і хуліганскіх праяваў” ён быў пастаўлены праз чатыры дні пасля таго як патрапіў у калонію. З-за дрэнна прышытай біркі, якую павінны насіць тыя, хто стаіць на такім уліку, ён першы раз быў змешчаны ў ШІЗА.

Нагадаем, што нягледзячы на шматлікія звароты праваабаронцаў, судовае паседжанне адбывалася на тэрыторыі калоніі. На яго не маглі патрапіць ні сваякі, ні сябры, ні журналісты, ні правааборонцы, ні простыя грамадзяне, якім неабыякавы лёс зняволеных у беларускіх турмах. Раней на адным з судовых паседжанняў Барановіч заявіў пра жорсткае і бесчалавечае абыходжанне з боку адміністрацыі папраўчай калоніі №1 горада Наваполацка.


 Навіны ад Spring96.org у Telegram. Падпішыся на наш канал https://t.me/viasna96

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства