viasna on patreon

Абсерваторыя выступіла з заявай у абарону аштрафаваных актывістаў з Брэста

2019 2019-02-21T12:53:43+0300 2019-02-21T13:09:04+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/obs_main.png Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Абсерваторыя па абароне праваабаронцаў, створаная ў партнёрстве FIDH і Сусветнай арганізацыі супраць катаванняў (OMCT), заклікае тэрмінова ўмяшацца ў наступную сітуацыю ў Беларусі.

Апісанне сітуацыі:

Абсерваторыя была праінфармаваная з надзейных крыніц пра судовы пераслед Уладзіміра Вялічкіна, абаронцы экалагічных правоў і члена Праваабарончага цэнтра "Вясна", і адвольныя арышты Віталя Казака і Аляксандра Кабанава, двух актывістаў экалагічнага руху, у кантэксце рэпрэсій экалагічнага пратэстнага руху супраць будаўніцтва акумулятарнага завода ў Брэсце.

Паводле атрыманай інфармацыі, 16 лютага 2019 года Уладзімір Вялічкін, з'явіўшыся па выкліку ў міліцыю, быў затрыманы ў Ленінскім РАУС г. Брэста. Пасля затрымання ён правёў два дні ў ізалятары часовага ўтрымання. 18 лютага ён паўстаў перад судом Ленінскага раёна г. Брэста. Суд прызнаў яго вінаватым ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве па артыкуле 23.34 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях і прызначыў пакаранне ў выглядзе штрафу ў памеры 382,5 беларускіх рублёў.

Абвінавачванні тычыліся мітынгу, арганізаванага ў знак пратэсту супраць будаўніцтва акумулятарнага завода ў Брэсце, які адбыўся 30 снежня 2018 году; у ім узялі ўдзел каля 170 чалавек. Гэта быў 45-й мітынг у чарадзе пратэстаў супраць завода, якія праходзяць на плошчы Леніна ў Брэсце кожную нядзелю з 25 лютага 2018 года.

30 снежня 2018 года Уладзімір Вялічкін, які ўдзельнічаў у гэтым, а таксама ў шматлікіх папярэдніх мітынгах супраць акумулятарнага завода, даў кароткае інтэрв'ю блогеру Сяргею Пятрухіну. Суд палічыў, што інтэрв'ю ўтрымлівала "негатыўныя выказванні ў адносінах да ўлады і прыцягнула ўвагу грамадзян", што і паслужыла падставай для яго затрымання і наступнага абвінавачвання.

Абсерваторыя асцерагаецца, што Уладзіміра Вялічкіна асудзілі з мэтай перашкодзіць яго праваабарончай дзейнасці і, у больш шырокім сэнсе, перашкодзіць дзейнасці брэсцкага экалагічнага руху.

Актывіст Віталь Казак быў арыштаваны і змешчаны ў той жа ізалятар часовага ўтрымання, што і Уладзімір Вялічкін, 16 лютага 2019 года. Яго абвінавацілі ў "арганізацыі несанкцыянаванага масавага мерапрыемства ў неўстаноўленым месцы з удзелам грамадзяніна замежнай дзяржавы" (арт. 23.34 КаАП РБ). Суд прызнаў яго вінаватым і прысудзіў штраф у памеры 1020 беларускіх рублёў.

Раніцай 17 лютага 2019 года ў г. Бяроза быў затрыманы яшчэ адзін актывіст і блогер Аляксандр Кабанаў. У момант арышту ён знаходзіўся на чыгуначным вакзале г. Бярозы, збіраючыся выехаць у Брэст, каб, як звычайна, далучыцца да нядзельнай акцыі. Абсерваторыя мяркуе, што яго арышт быў спробай перашкодзіць яму прыняць удзел у сходзе. Аляксандр Кабанаў напісаў на сваёй старонцы ў Facebook, што яго затрымалі за ўдзел у мітынгу ў Брэсце 10 лютага 2019 года. Ён быў дастаўлены ў аддзяленне міліцыі г. Бяроза і адпушчаны пасля дачы тлумачэнняў аб падзеях 10 лютага 2019 года.

Абсерваторыя нагадвае, што за ўдзел у акцыях пратэсту супраць акумулятарнага завода ў Брэсце пераследуюцца і іншыя праваабаронцы, у прыватнасці, Раман Кісляк. Такія дзеянні паказваюць на тое, што беларускае заканадаўства абмяжоўвае права на мірныя сходы шляхам неапраўданых забаронаў грамадзянам праводзіць мірныя сходы без санкцыі мясцовых уладаў. У Беларусі ўлады рэгулярна адхіляюць заявы на правядзенне мірных сходаў, звязаных з рэалізацыяй практычна любых правоў чалавека або іншымі сацыяльнымі праблемамі, не падаючы адэкватнага абгрунтавання альбо спасылаючыся на закон, які абавязвае арганізатараў аплаціць прысутнасць спецыялістаў першай медыцынскай дапамогі падчас правядзення мерапрыемства, а затым прыбраць месца масавага мерапрыемствы ад смецця.

Абсерваторыя асуджае адвольныя арышты і судовы пераслед Уладзіміра Вялічкіна, паколькі, мяркуючы па ўсім, яно накіравана на тое, каб пакараць яго за законнае і мірнае ажыццяўленне права на свабоду асацыяцыі і сходаў.

Абсерваторыя заклікае пісаць звароты да беларускіх уладаў, патрабуючы:

  • Спыніць любы пераслед, у тым ліку судовы, Уладзіміра Вялічкіна, а таксама ўсіх праваабаронцаў у Беларусі;
  • Забяспечыць фізічную і псіхалагічную недатыкальнасць Уладзіміра Вялічкіна і ўсіх праваабаронцаў у Беларусі;
  • Выконваць усе свае міжнародныя абавязацельствы па выкананні правоў грамадзян на свабоду асацыяцыі і сходаў, замацаваных Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах, у прыватнасці, яго артыкуламі 21 і 22;
  • Выконваць палажэнні Дэкларацыі ААН аб праваабаронцах, у прыватнасці, артыкулы 1, 2, 5 і 12.2 Дэкларацыі;
  • Пры любых абставінах забяспечваць павагу да правоў чалавека і асноўных свабодаў у адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі правоў чалавека і міжнароднымі дакументамі, ратыфікаванымі Беларуссю.

Парыж-Жэнева, 20 Лютага 2019

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства