viasna on patreon

Глыбоцкага журналіста Лупача аштрафавалі амаль на 900 рублёў

2019 2019-02-22T11:13:48+0300 2019-02-22T11:21:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/sud_lupach.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Журналіст раздрукаваў квіток аб аплаце папярэдняга штрафу памерам 1,6х1,8 м і занёс яго ў суд. Фота belsat.eu

Журналіст раздрукаваў квіток аб аплаце папярэдняга штрафу памерам 1,6х1,8 м і занёс яго ў суд. Фота belsat.eu

Журналіст-фрылансер з Глыбокага Зміцер Лупач атрымаў першы ў 2019 годзе штраф за супрацу з тэлеканалам "Белсат". Справу Змітра Лупача разглядалі ў судзе Глыбоцкага раёну. Нагодай стаў рэпартаж пра помнік у гонар стагоддзя камсамолу, паведамляе belsat.eu.

Яго абвінавачвалі ў тым, што журналіст напрыканцы мінулага году зрабіў сюжэт пра тое, што ў Глыбокім паставілі помнік камсамолу. З гэтай нагоды міліцыянты завялі адміністрацыйную справу і апыталі па ёй двух сведкаў: Святлану Палідавец і Алену Маёраву. На суд з’явілася толькі Святлана Палідавец, Алена Маёрава не прыйшла, спаслаўшыся на хваробу.

На пачатку судовага паседжання Зміцер папрасіў весці яго на беларускай мове, бо якраз у гэты дзень, 21 лютага, адзначаецца Дзень роднай мовы. Суддзя хадайніцтва не задаволіў, спаслаўшыся на тое, што ў Беларусі дзве дзяржаўныя мовы. Не дазволіў ён і рабіць фотаздымкі. Сведка Святлана Палідавец, якая працуе настаўніцай, сказала суду, што больш не будзе даваць ніякіх інтэрв’ю журналістам, каб не мець праблемаў. Зміцер Лупач сказаў, што не лічыць сябе вінаватым. Тым не менш, суддзя Андрэй Тарасевіч пакараў журналіста штрафам у 35 базавых велічынь (892 рублі 50 капеек) па артыкуле 22.9 КаАП.

Гэта першы суд над журналістам, які праходзіў у 2019 годзе. У мінулым годзе Змітра Лупача судзілі ажно дзевяць разоў, і агульная сума штрафаў за той год склала больш за 6300 рублёў.


   Навіны ад Spring96.org у Telegram. Падпішыся на наш канал https://t.me/viasna96

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства