viasna on patreon

У багажніку з кайданкамі: так працуюць “прафесіяналы” ў пагонах з Воранава

2019 2019-03-02T09:21:00+0300 2019-03-02T13:21:02+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/bagashnik.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Ілюстратыўнае фота: kiev.sq.com.ua

Ілюстратыўнае фота: kiev.sq.com.ua

Неймаверную гісторыю міліцэйскай жорсткасці і пракурорскага непрафесіяналізма распавёў праваабаронцам жыхар гарадскога пасёлка Радунь Воранаўскага раёна Віктар Кныш.

14 лістапада 2018 году каля 18 гадзін вечара мужчына ішоў па вуліцы дахаты, быў трохі на падпітку. Раптам каля яго спыніўся аўтамабіль «Ніва», у якім знаходзіўся ўчастковы інспектар І. Дода, які, як пазней аказалася, стаў пры гэтым здарэнні яшчэ і ... пацярпелым.

Увагу ўчастковага прыцягнуў чалавек, які ішоў без святлоадбівальных элементаў на адзенні. Участковы загадаў мінаку спыніцца і прайсці ў аўтамабіль для разбіральніцтва.

Аднак, згодна з паказаннямі, дадзенымі у судзе супрацоўнікам міліцыі, Віктар Кныш нібыта «праігнараваў патрабаванне і працягнуў рух, патлумачыўшы, што ідзе дадому". А пры гэтым, ён яшчэ «штурхаўся, хапаўся за форменнае абмундзіраванне».

«Пацярпелы» участковы з прымяненнем фізічнай сілы скруціў мінака, сашчапіў рукі кайданкамі за спіной і, закінуўшы Віктара Кныша ў багажнік аўтамабіля, павёз яго ў Воранава. Пры гэтым у салоне машыны нікога не было. Транспарціроўка ажыццяўлялася на адлегласці 30 кіламетраў з гарадскога пасёлка Радунь да бальніцы ў Воранава.

Варта адзначыць, што Віктар Кныш - невялікага целаскладу, і пры гэтым зусім нядаўна, у студзені 2018 года, перанёс інфаркт.

Пасля медыцынскага агляду на Віктара склалі адміністрацыйны пратакол за парушэнне правілаў дарожнага руху. Аднак праз некаторы час яму было інкрымінавана яшчэ адно правапарушэнне па арт. 23.4 КаАП (непадпарадкаванне законным патрабаванням супрацоўніка міліцыі).

Віктар не пагадзіўся з вынесеным пакараннем, паколькі палічыў, што суд разгледзеў справу няпоўна і неаб'ектыўна, не прыняў да ўвагі паказанні сведкі, а акрамя таго, факт перавозкі яго ў закрытым багажніку аўтамабіля палічыў прыніжэннем чалавечай годнасці і прычыненнем фізічных пакут.

Скаргі Віктара у суд засталіся без задавальнення. Тады ён звярнуўся ў пракуратуру Воранаўскага раёна.

Пракурор вымушаны быў адрэагаваць на скаргу і прыняў меры. Прагледзелі запісы з камер бальніцы, куды даставілі затрыманага (прадказальна, яго не сталі даставаць з багажніка прама перад усім народам), прагледзелі адміністрацыйную справу (ніхто не бачыў, як затрыманага сунулі ў багажнік). І ўсё на тым: «на падставе вышэйпададзенага, у ходзе праведзенай праверкі Вашы довады аб перавозцы Вас старэйшым участковым інспектарам Додай І.Ф. у багажным аддзяленні аўтамабіля не знайшлі свайго пацвярджэння».

У праваабаронцаў з "Вясны" ёсць альтэрнатыўны погляд на сітуацыю.

“Тое, пра што заявіў у пракуратуры Віктар Кныш, - не што іншае, як наўмыснае здзяйсненне службовай асобай дзеянняў, якія відавочна выходзяць за межы правоў і паўнамоцтваў, дадзеных яму па службе, што пацягнула прычыненне істотнай шкоды правам і законным інтарэсам грамадзян або дзяржаўным ці грамадскім інтарэсам (перавышэнне ўлады або службовых паўнамоцтваў). Прычым - спалучанае з гвалтам, пакутай і абразай пацярпелага. А гэта, між іншым - цяжкае злачынства, якое караецца пазбаўленнем волі на тэрмін да дзесяці гадоў. А хто не згодны з тым, што гэта жорсткасць і абраза - паспрабуйце пракаціцца ў багажніку самі,» - каментуе дзеянні пракуратуры юрыст Павел Сапелка.

Што звычайна робіць пракурор пры паступленнi звестак аб здзяйсненні злачынства? Прадпрымае меры па расследаванні, тым больш, што КПК ўжо досыць даўно надзяліў пракурораў правам узбуджаць крымінальныя справы ў дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі. У крайнім выпадку - перасылае заяву ў Следчы камітэт для арганізацыі праверкі.

Праверка праводзіцца па правілах раздзела 20 Крымінальна - працэсуальнага кодэкса. Нават у рамках праверкі можна правесці агляд месца злачынства, адзення заяўніка і пашукаць сляды адзення або пацярпелага на абшыўцы і элементах багажніка і наадварот - абшыўкі і элементаў багажніка на вопратцы заяўніка; апошняе асабліва важна, бо міліцыянты маглі, у адрозненне ад пракурора, часу не губляць і пачысціць багажнік. Гэта нескладана, прасцей толькі наогул нічога не рабіць і абыякава ставіцца да сваіх суграмадзян.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства