viasna on patreon

#FLOWERPOWER: серыя альтэрнатыўных паштовак да 8 сакавіка Фота

2019 2019-03-05T16:10:27+0300 2019-03-07T15:05:11+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/pivon.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Праваабарончы цэнтр "Вясна" выпусціў серыю альтэрнатыўных паштовак да 8 сакавіка. Бо гістарычна гэты дзень – не проста "жаночы дзень", а дзень салідарнасці жанчын у барацьбе за роўныя правы і магчымасці. Жанчыны ў многіх краінах выходзілі ў гэты дзень на дэманстрацыі і пікеты, прыцягваючы грамадскую ўвагу да сваіх праблем. Таму праваабаронцы "Вясны" не змаглі таксама застацца ў баку.

Паступова свята страціла сваю прававую афарбоўку і стала днём прызнання мужчын у каханні і вернасці, а таксама днём дарэння жанчынам кветак і іншых падарункаў. У гэтым дзень жанчыны паўсюдна чуюць пра тое, якім выдатным упрыгожваннем працоўных калектываў яны з'яўляюцца, як важная гэтаму свету іх прыгажосць, пяшчота і слабасць.

Відавочна, што 8 сакавіка – свята, сэнс якога выкручаны на 180 градусаў. Таму праваабаронцы "Вясны" разам з творчай камандай аднадумцаў вырашылі распрацаваць серыю паштовак, якія нагадаюць беларускам і беларусам аб праўдзівым прызначэнні гэтага дня.

Праект #FLOWERPOWER прыдуманы ўдзельнікамі майстэрні па стварэнню візуальных прадуктаў для НКА і актывістаў “Всё Ясно! Беларусь” ад арганізацый Human Constanta і Крэатон. Ідэю для паштовак распрацоўвалі прадстаўніца ПЦ "Вясны" Дзіяна Пінчук, ілюстратарка Стася Сакалоўская, крэатар Алег Давыдчык і крэатарка Дар'я Герасіменка.

“Мы штодня сутыкаемся з недасведчанасцю людзей аб сапраўднай сутнасці свята. У беларускім грамадстве пераважае два падыхода да 8 сакавіка: Дзень вясны і прыгажосці ці поўнае яго адмаўленне. Атрымліваецца, што адзіны сімвал гендэрнай роўнасці працуе супраць гендэрнай роўнасці. Нам захацелася неяк паўплываць на гэтую сітуацыю, і дапамагчы людзям правільна расставіць акцэнты ў гэты дзень”, — распавядае гісторыю стварэння паштовак каардынатарка праекта Дзіяна Пінчук.

Вясновыя кветкі на паштоўках звяртаюць увагу на існуючыя гендэрныя праблемы ў беларускім грамадстве: няроўная аплата працы, хатні гвалт, дыскрымінацыя па гендэрнай прыкмеце. Многія не задумваюцца, напрыклад, што ў нашай краіне да гэтага часу існуе так званы "Спіс забароненых прафесій для жанчын" (Пастанова Мінпрацы ад 12 чэрвеня 2014 г. № 35). Гэты спіс існуе яшчэ з савецкіх часоў. Жанчынам у Беларусі закрыты доступ прыкладна да 180 прафесіям і 42 рабочым сферам. Да гэтага часу ў Беларусі не прыняты закон аб супрацьдзеянні хатняму гвалту. Да гэтага часу ў жанчын узнікаюць цяжкасці ў руху па кар'ернай лесвіцы і доступу да высокіх пасад. Да гэтага часу беларускі парламент пераважна прадстаўлены мужчынамі.

"Кветкі — традыцыйны сімвал 8 сакавіка. У рамках задачы мы не хацелі пазбаўляцца ад гэтага знака, як і ад самога свята. Наадварот, мы вырашылі згуляць на паўсюднасці кветак і надзяліць букеты новым сэнсам. Зараз гэта не далікатныя кветачкі, а Кветкі, якія, па сутнасці, выйшлі з лозунгамі на мітынг, каб нагадаць усяму свету пра жаночыя правы і свабоды, — дадаюць іншыя ўдзельнікі_цы праекта Стася, Дар'я і Алег.

Паштоўкі #FLOWERPOWER будуць прэзентаваны 7 сакавіка падчас мерапрыемства "8 сакавіка. Разбуральніцы легенд”, якое ладзіць Валанцёрская служба "Вясны" ў межах мерапрыемстваў да Міжнароднага жаночага дня W-day. Паштоўкі выдадзеныя на дзвюх мовах— беларускай і рускай. Кожны_ая прысутны_ая зможа выбраць паштоўку, якой правільна павіншуе блізкіх людзей з Міжнародным днём салідарнасці жанчын у барацьбе за раўнапраўе. Таксама на мерапрыемстве можна будзе паслухаць лекцыю ад запрошаных экспертак па гендэрных правах пра гісторыю дня 8 сакавіка.

 Акрамя гэтага, БЯСПЛАТНА паштоўкі можна атрымаць:

  • у “Грамадскай прыёмнай” ПЦ “Вясны" (г. Мінск, праспект Незалежнасці, 78А, 48) штодзень з 10 да 18 гадзін;
  • поштай па ўсёй Беларусі, запоўніўшы ВОСЬ ГЭТУЮ ФОРМУ
#FLOWERPOWER: серыя альтэрнатыўных паштовак да 8 сакавіка
#FLOWERPOWER: серыя альтэрнатыўных паштовак да 8 сакавіка

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства