Савет Міністраў не хоча, а Пракуратура не можа прыцягнуць Шуневіча да адказнасці
Генеральная пракуратура ў другі раз разглядзела зварот праваабаронцы “Вясны” Валянціна Стэфановіча, які быў перанакіраваны туды з Савета Міністраў.
Тая ж начальніца аддзела па наглядзе за захаваннем правоў і свабодаў грамадзянаў Марына Папова прадублявала свой ранейшы адказ, зазначыўшы, што міністрам МУС Ігарам Шуневічам у інтэрв’ю на канале АНТ было выказана асабістае меркаванне і падстаў для прыняцця мераў пракурорскага рэагавання няма.
Цікава, што разам з гэтым Генеральная пракуратура паведаміла праваабаронцу, што пытанні прыцягнення да дысцыплінарнай адказнасці кіраўніцтва МУС не ўваходзяць у яе кампетэнцыю, і прапанавала прынятае рашэнне абскардзіць вышэйстаячай службовай асобе Генеральнай пракуратуры.
Аднак, Валянцін Стэфановіч менавіта таму і накіроўваў заяву ў Савет Міністаў, бо толькі там могуць прыняць адпаведнае рашэнне аб прыцягненні службовай асобы да дысцыплінарнай адказнасці ў адпаведнасці з арт. 11 Палажэння аб Міністры Рэспублікі Беларусь:
“За невыкананне цi неналежнае выкананне заканадаўчых актаў Рэспублікі Беларусь, пастаноў Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь, іншае невыкананне службовых абавязкаў Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь прымяняе да Міністра меры дысцыплінарнага спагнання, за выключэннем звальнення”.
Але Савет Міністраў ухіліўся ад адказу.
Нагадаем, Праваабарончы цэнтр “Вясна” за подпісам старшыні Алеся Бяляцкага і юрыста Валянціна Стэфановіча накіравалі заявы ў Генеральную пракуратуру і Следчы камітэт з тым, каб гэтыя дзяржорганы правялі праверку па факце дыскрымінацыйных выказванняў міністра унутранных спраў Ігара Шуневіча па тэлебачанню.
Гаворка ішла пра інтэрв’ю міністра, у якім ён выказаўся адносна грамадзянаў Рэспублікі Беларусь, што належаць да супольнасці ЛГБТК+, назваўшы іх “дзіравымі”.
Следчы камітэт без усялякіх лінгвістычных экспертыз вырашыў, што ў выказваннях міністра Шуневіча няма распальвання варожасці. Мала таго, у сваім адказе СК напісаў, што “чые-небудзь меркаванні, каментарыі падзей, якія адбыліся, не з’яўляюцца падставай для правядзення праверкі ў парадку, устаноўленым КПК”.
Навіныад Spring96.org у Telegram. Падпішыся на наш канал https://t.me/viasna96