viasna on patreon

Абсурдныя плакаты, але выразныя мэты. У Мінску прайшоў пікет-манстрацыя Фота Аўдыё

2019 2019-03-06T17:33:17+0300 2019-06-25T15:44:23+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/manstracyya_viasna_5.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Манстрацыя ў парку Дружбы народаў. Фота ПЦ "Вясна"

Манстрацыя ў парку Дружбы народаў. Фота ПЦ "Вясна"

У мінскім парку Дружбы народаў прайшоў пікет-манстрацыя “За адмену ўсіх забаронаў і забарону ўсіх адменаў”. Незвычайнае мерапрыемства зладзілі валанцёры і валанцёркі ПЦ “Вясна”.

Сем чалавек, сярод якіх валанцёры “Вясны” і актывісты, выйшлі з плакатамі, надпісы на якіх практычна не ўтрымлівалі якой-небудзь сэнсавай нагрузкі. Бо абсурд і гіпербалізацыя – важны складнік пікета-манстрацыі. Мерапрыемства ахоўвалі чатыры супрацоўнікі міліцыі (два з іх у цывільным), а непадалёк стаяла машына хуткай дапамогі.

Хоць у плакатах удзельнікаў сэнсу не было, гэта не значыць, што яго не было ў самім мерапрыемстве. Па словах праваабаронцы “Вясны” Наталлі Сацункевіч, якая з’яўлялася арганізатаркай манстрацыі, ва ўдзельнікаў было дзве асноўныя мэты. Першая - гэта  выказаць сваё стаўленне да свабоды сходаў у Беларусі, бо яна, па меркаванні праваабаронцы, поўнасцю дыскрэдытавана і заціснута ў ціскі. А другая – гэта паглядзець, як жа на практыцы працуе паведамляльны прынцып правядзення масавых мерапрыемстваў, які замацаваны ў Законе "Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліке Беларусь", што ўступіў у сілу з іншымі зменамі 26 студзеня гэтага года.

manstracyya_viasna_7.jpg
Валанцёры "Вясны"

Парк Дружбы народаў уваходзіць у спіс тых месцаў, якія прызначаны для правядзення мірных сходаў, і таму, каб правесці мерапрыемства, дастаткова было загадзя паведаміць пра яго ў Мінгарвыканкам. Але, хоць мірны сход і праходзіў у спецыяльна прызначаным да гэтага месцы, паслугі хуткай дапамогі, міліцыі ды “Зеленбуда” усё роўна трэба было аплаціць.

Наталля Сацункевіч распавяла, з якімі складанасцямі сутыкнулася пры заключэнні дамоваў з гэтымі інстанцыямі, тым больш, што манстрацыя апынулася першым масавым мерапрыемствам, якое праходзіла ў Мінску па паведамляльным прынцыпе.

Пасярэдзіне - Наталля Сацункевіч. Фота ПЦ
Пасярэдзіне - Наталля Сацункевіч. Фота ПЦ "Вясна"

“Самым цяжкім было ўсё ўзгадніць з міліцыяй. Пастанова Саўміна патрабуе заключэння дамовы на ахову правапарадку з тэрытарыяльнымі аддзеламі ўнутраных спраў, аднак мне чамусьці сказалі заключаць менавіта з УУС Мінгарвыканкама. На адны тэлефонныя размовы я патраціла каля двух гадзін свайго часу. Аддзел па масавых мерапрыемствах спачатку накіраваў мяне ў бухгалтэрыю, адтуль – у аддзел па прафілактыцы, а адтуль – зноў у адзел па масавых мерапрыемствах. То бок самі супрацоўнікі ГУУС не вельмі ўяўлялі, хто за што адказны і як працаваць па новых законе. У выніку саму дамову я падпісвала ў будцы аховы ГУУС, што яскрава паказвае поўную адсутнасць кліентаарыентаванасці гэтага ведамства.

З хуткай было прасцей. Спачатку яны прапанавалі нам не заключаць з імі дамоваў, а проста звязацца з імі, калі раптам будзе патрэба. Але ж пастанова Саўміна патрабуе дамовы, якую мы ў выніку падпісалі. Але ж застаецца вялікае пытанне: наколькі мэтазгодна здымаць цэлую брыгаду хуткай з працы на такое мерапрыемства? З “Зеленбудам” таксама заключылі дамову, але яго супрацоўнікаў мы сёння на манстрацыі не ўбачылі, і таму не разумею, за што я, як падпісантка дамовы, тут мушу плаціць”.  

Ці выставіць у выніку "Зеленбуд" рахунак за прыборку тэрыторыі і, калі выставіць, то якім ён будзе, стане вядома ў бліжэйшыя дзесяць дзён. Але ўжо зараз зразумела, што ўвядзенне паведамляльнага прынцыпу правядзення масавых мерапремстваў ніяк не спрыяе рэалізацыі ў Беларусі права на свабоду мірных сходаў.


Навіны ад Spring96.org у Telegram. Падпішыся на наш канал https://t.me/viasna96

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства