Светлагорск: Каб не дазволіць шэсце да дня Канстытуцыі – вырашылі на суткі перакрыць вуліцу
Экалагічныя праблемы ў Светлагорску істотна ўзмацніліся пасля будаўніцтва тут завода беленай цэлюлозы, які ад самага пачатку пусканаладачных работ моцна смуродзіў на ўсё наваколле. Неаднаразова ініцыятыўныя грамадзяне звярталіся ў вышэйстаячыя інстанцыі, сустракаліся і з міністрамі і кіраўнікамі профільных канцэрнаў, праводзілі мітынгі і зборы подпісаў...
Напярэдадні гадавіны прыняцця Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь актывісты Андрэй Смалянчук і Таццяна Наскова звярнуліся ў Светлагорскі райвыканкам за дазволам на правядзенне шэсця, каб нагадаць пра артыкул 46 Канстытуцыі, у якім дэкларуецца, што “Кожны мае права на спрыяльнае навакольнае асяроддзе і на пакрыццё шкоды, прычыненай парушэннем гэтага права…”
Каб прыцягнуць увагу уладаў да праблемаў, якія стварае жыхарам Светлагорска і вёскі Якімава Слабада завод беленай цэлюлозы і спыніць выкіды таксічных хімічных рэчываў, сябры ініцыятыўнай групы вырашылі правесці шэсце ад Школы мастацтваў па вуліцы 50-год Кастрычніка да Цэнтральнай плошчы горада.
Згодна з Законам “Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусі” 1 сакавіка ў райвыканкам была пададзеная адпаведная заява і гарантаваная аплата паслугаў па ахове грамадскага парадку, медыцынскага абслугоўвання і прыборкі тэрыторыі. Адказ заяўнікі павінны былі атрымаць за 5 дзён да заяўленага мерапрыемства, аднак…
Ні Андрэй Смалянчук, ні Таццяна Наскова па стане на 14 сакавіка так і не дачакаліся ад раённай улады ні станоўчага, ні адмоўнага адказу.
А ў той жа час, нечакана, на сайце “Светлагорскіх навін” 13 сакавіка з’явілася паведамленне наступнага зместу:
“У сувязі з правядзеннем будаўніча-мантажных работ па аб'екце «Мадэрнізацыя ўчастка самацечнай каналізацыі» па вуліцы 50 год Кастрычніка з 19:00 14 сакавіка да 19:00 15 сакавіка будзе перакрыты рух аўтатранспарту са зменай руху грамадскага транспарту.”
Раптоўна ўлады спахапіліся і вырашылі правесці па маршруце шэсця рамонтныя работы менавіта ў гэты час. А паведаміць пра гэта заяўнікам масавага мерапрыемства своечасова, чамусьці забыліся, парушыўшы тым самым заканадаўства. Хаця, адказ будзе прадказальны - "няма магчымасці".
Толькі чаму тут дзівіцца, калі нават пікет, на адзіным дазволеным у Светлагорску месцы на стадыёне “Папернік”, правесці аніяк не выпадае: ў заяўлены ў паведамляльным парадку грамадзянамі час тут заўсёды праводзяцца спартовыя мерапрыемствы, пра якія часам ўвогуле мала хто ведае.
“Ну і чым гэта не хітра выбудаваная сістэма? – задаецца пытаннем праваабаронца Алена Маслюкова. – Права правесці масавае мерапрыемства ёсць, а скарыстацца ім нельга”.
Падобна, што рэалізваць сваё права на публічнае выказванне меркавання ў Светлагорску проста немагчыма. Нават нягледзячы на ўсе “ліберальныя” змены ў заканадаўства аб масавых мерапрыемствах.
Навіны ад Spring96.org у Telegram. Падпішыся на наш канал https://t.me/viasna96