Бяляцкі: Прычына крымінальнай справы супраць Аюба Ціціева — яго праваабарончая дзейнасць
Кіраўнік Праваабарончага цэнтра “Вясна” Алесь Бяляцкі распавёў сайту palitviazni.info пра паездку ў Чачню, суд над чачэнскім праваабаронцам Аюбам Ціціевым і сітуацыю з палітвязнямі ў Расіі.
Нагадаем, што 18 сакавіка ў Шалінскім судзе быў вынесены прысуд кіраўніку грозненскага аддзялення ПЦ “Мемарыял” Аюбу Ціціеву. Суд прызнаў даказанай віну праваабаронцы і асудзіў яго на 4 гады калоніі-пасялення.
– Другая паездка ў Чачню была звязана з адной і той жа справай – судовым працэсам над чачэнскім праваабаронцам Аюбам Цюціевым, – кажа Алесь Бяляцкі. – Пабываўшы на судзе, перакананы, што прычынай крымінальнай справы супраць Аюба была яго праваабарончая дзейнасць. Ён збіраў інфармацыю пра расстраляных ў 2017 годзе маладых людзей, якіх падазравалі ў прыналежнасці да ўзброеных фарміраванняў, хаця ніякіх доказаў гэтаму не было.
І 27 чалавек расстралялі, пахавалі па розных могілках у Чачні. Інфармацыю цяжка было схаваць, і, у рэшце рэшт, сваякі знаходзілі магілы хлопцаў. Пры гэтым многія баяліся пра гэта казаць, бо любое агучванне сітуацыі ставіла пад пагрозу жыццё і існаванне іхніх сем’яў. Бо нярэдка здаралася так, што ў сваякоў тых, каго падазравалі ў тэрарызме ці ўдзеле ў “партызанцы”, разбуралі дамы, а сем’і выганялі з краіны. І людзі баяліся казаць пра згаданую справу. А вось Аюбу Ціціеву многія давяралі і давалі яму інфармацыю, якая, у рэшце, і з’явілася ў СМІ.
— Праз крымінальную справу вырашылі знішчыць праваабарончы рух?
— Праца, якой займаўся Аюб Ціціеў, вельмі сур’ёзна ставіла пад пытанне легітымнасць іх дзеянняў. Ён быў для ўладаў стрэмкай ў воку. Таму яму проста падкінулі ў машыну пакет з марыхуанай, хаця Аюб заўсёды быў спартоўцам і паслядоўным вернікам.
Ва ўладаў была мэта – прынізіць яго годнасць, бо практыка здаровага ладу жыцця ў Чачні практычна ўзведзена ў ранг дзяржаўнай палітыкі. У краіне амаль не прадаецца алкаголь, па тэлевізары ўвесь час паказваюць нейкія адзінаборствы ці іншыя спартовыя спаборніцтвы. Гэта для мясцовай улады культавае пытанне. Там рэгулярна праводзяцца зачысткі населеных пунктаў у працяг кампаніі барацьбы супраць ужывання наркотыкаў, затрымліваюцца дзесяткі людзей. Але затым звычайна знаходзяць “стрэлачнікаў”. Затым адбываюцца паказальныя судовыя працэсы, якія падтрымліваюць узровень страху ў грамадстве, але маюць далёкае дачыненне да заканадаўства.
Няма ніякага сумневу, што справа Аюба Ціціева – палітычная. Яна абмяркоўвалася на самым высокім узроўні. Прэзідэнт Францыі Макрон размаўляў наконт гэтага з Пуціным, былі сабраны дзесяткі тысяч подпісаў у абарону Ціціева і накіраваны ўладам. Але, тым не менш, улады давялі яе да суда.
— У судзе дамагчыся справядлівасці было нерэальна?
— Адвакаты выдатна адпрацавалі працэс, і супрацоўнікаў пракуратуры проста знішчылі фактамі і аргументамі. Але суддзя заплюснула вочы на ўсе нестыкоўкі ў справе, не прымала ніякія хадайніцтвы адвакатаў даследваць тое ці іншае пытанне больш глыбока. Відавочна, што яна была несамастойнай. Суд там цалкам знаходзіцца пад кантролем улады. У створанай уладамі Чачні сённяшняй дзяржаўнай мадэлі няма месца для праваабаронцаў.
Адбылося знішчэнне праваабарончай арганізацыі. Пасля арышту Ціціева ўсе прадстаўнікі “Мемарыяла” з’ехалі з Чачні, бо была пагроза для іхняга жыцця.
Пры гэтым трэба ўлічыць, што Аюбу ў пэўным сэнсе пашанцавала, бо яго арыштавалі 9 студзеня, а 10 студзеня яго сям’я (жонка і двое сыноў) ўжо з’ехалі з Чачні. Таму што ў іншым выпадку не выключаўся і горшы варыянт развіцця падзей. Былі выпадкі, калі затрымлівалі сваякоў, і тады ўжо шляхам шантажу дабіваліся прызнання віны патрэбнага ім чалавека. Аюб гэты год пад вартай годна пратрымаўся ў СІЗА.
— Колькі на сёння палітвязняў у Чачні?
— Дакладных лічбаў няма, але ўвогуле ў Расіі – каля 200 чалавек, якія прызнаны расійскімі праваабаронцамі палітычнымі зняволенымі. Каля 100 чалавек пасадзілі па рэлігійных матывах, сярод іх шмат сведкаў Еговы, якіх у Беларусі, напрыклад, пакуль што яшчэ не чапаюць. Акрамя таго, некалькі дзясяткаў чалавек, хто зараз знаходзіцца за кратамі ў Расіі і прызнаюцца палітычнымі зняволенымі, з’яўляюцца грамадзянамі Украіны. Кінарэжысёр Алег Сянцоў, Павел Грыб, якога беларускія ўлады выдалі расійскім, крымскія татары, абвінавачаныя ў сепаратызме і экстрэмізме, якія не па сваёй волі апынуліся пад расійскай юрысдыкцыяй…
— У Расіі тэма палітвязняў гучыць?
— Зараз гэтая тэма ізноў загучала ў поўную сілу. Справы Алега Сянцова і Аюба Ціціева маюць міжнародны рэзананс, яны атрымалі прэстыжныя міжнародныя прэміі. І гэтыя прэміі з’яўляюцца “чорнай меткай” для расійскіх уладаў.
Пры гэтым усё, як бачым, адбываецца ў межах заканадаўства Расіі, якая ўваходзіць разам з Беларуссю ў Саюзную дзяржаву. І ад такога пагаршэння сітуацыі з правамі чалавека ў Расіі нічога добрага ў Беларусі чакаць таксама не даводзіцца.
Дарэчы, Рамзан Кадыраў атрымаў ад беларускіх уладаў летась ордэн Дружбы народаў. Цікава было б даведацца: за якія такія заслугі?