viasna on patreon

Дзень Волі – 2019: што, дзе і калі Дапоўнена

2019 2019-03-22T09:58:52+0300 2019-03-23T10:04:36+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/06-25-03.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Канцэрт на Дзень Волі ў 2018 годзе.

Канцэрт на Дзень Волі ў 2018 годзе.

Прапануем падборку імпрэзаў і мерапрыемстваў, якія запланаваныя ў Беларусі ў гонар святкавання дня абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі.

Гародня.

Цэнтрам святкавання Дня Волі ў гэтым годзе будзе Гародня — 100 гадоў таму менавіта гэты горад некаторы час з’яўляўся сталіцай БНР і акурат тут быў адзначаны першы Дзень Незалежнасці.

У суботу, 23 сакавіка, у Каложскім парку адбудзецца вялікі канцэрт, на правядзенне якога атрыманы дазвол гарадскіх уладаў. А апоўдні, перад святкаваннем, жадаючых запрашаюць на ўрачыстае набажэнства за Беларусь і беларускі народ у Барысаглебскую царкву.
Кампанія #БНР101, якая летась ладзіла менскае «Свята Незалежнасці» каля Опэрнага тэатру, разглядае яго як асноўную імпрэзу, бо не атрымала дазволу на пляцоўкі ў цэнтры Менску.

Мінск.

Канферэнцыя, прысвечаная Дню Волі адбудзецца ў суботу, 23 сакавіка ў Міжнародным адукацыйным цэнтры. Мерапрыемства арганізоўвае Кансерватыўна-Хрысціянская Партыя – БНФ. Чакаюцца выступы гісторыкаў і паэтаў, удзельнікаў нацыянальна-вызвольнага руху, вядомых дзеячаў гісторыі і культуры. Адрас:  Менск, Міжнародны адукацыйны цэнтр, вул. Газеты “Правда”, 11. Ст. метро “Пятроўшчына”. Пачатак у 11-30.

У Кіеўскім скверы 24 сакавіка а 13:00 у адбудзецца святочны мітынг-канцэрт, прымеркаваны да 101-годдзя з дня абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі. Арганізатарамі выступаюць Беларуская хрысціянская дэмакратыя, Рух “За Свабоду”, Аб’яднаная грамадзянская партыя і Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада). Чакаюцца выступы гуртоў «Няхай», «КаS», «Водар», «Дай дарогу!», «Разбітае сэрца пацана» і «N.R.M». Таксама запланаваныя фудкорт, рамесніцкія лаўкі, палітычны намётавы гарадок.

Таксама 24 сакавіка ў Менску ў рэстарацыі «Грай» пройдзе «Школа БНР» — тры лекцыі пра гісторыю і сымбалі БНР, а таксама канцэрт: B:N:, Naka і «Мутнае вока». Імпрэза бясплатная, але патрэбная рэгістрацыя, піша Радыё Свабода.

Магілёў.

Аргкамітэт святкавання Дня Волі ў Магілёве паведаміў, што галоўнае святочнае мерапрыемства пройдзе ў гатэлі «Губернская». У нядзелю, 24 сакавіка, у зале пасяджэнняў магілёўцаў чакаюць да 6 гадзін вечара. Як паведамляе mspring.online.  Па завяршэнні свята абвешчаны салодкі стол. Пры гэтым арганізатары заклікалі гараджан браць на Дзень Волі свае пачастункі. Уваход - вольны.

Раней аргкамітэт адмовіўся ад ідэі правядзення вулічнага мітынгу, спаслаўшыся на складанасць атрымання дазволу на мірны сход ад гарадскіх уладаў.

25 сакавіка ў Магілёве пройдзе дабрачынная тэматычная экскурсія, прысвечаная 101-й гадавіне БНР. Пачатак а 16:30, ад Замкавай гары.
Гомель.

Адзначэнне Дня Волі ў Гомелі пройдзе традыцыйна з ускладаннем кветак і святочным канцэртам. Паводле планаў, 25 сакавіка грамадскія актывісты і палітыкі збіраюцца наведаць магілы дзеяча беларускага нацыянальга супраціву Цімоха Вострыкава і ўдзельніка рэвалюцыі ва Украіне Міхаіла Жызнеўскага. А таксама ўскласці кветкі да дома, дзе жыла міністарка БНР Палута Бадунова. Увечары адбудзецца святочны канцэрт, паведамляе Беларускае Радыё Рацыя.

Віцебск.

Прадстаўнікі мясцовых дэмакратычных сілаў вырашылі запрасіць усіх гараджан да помніка князю Альгерду, каб ускласці кветкі, а затым прайсціся па вуліцы Суворава да помніка Уладзіміру Караткевічу. Яшчэ адзін прыпынак для ўскладання кветак – гэта мемарыяльная дошка на будынку колішняй мастацкай вучэльні, дзе калісьці вучыўся яшчэ адзін пісьменнік-зямляк Васіль Быкаў. Паводле Беларускага Радыё Рацыя, заявак у мясцовыя адміністрацыі на правядзенне пікетаў, сходаў або мітынгаў сёлета не падавалі, бо гэта марны занятак, які паказаў папярэдні досвед. За мінулыя 10 год улады задаволілі ўсяго адну такую заяўку, хаця зваротаў па дазволы было не менш як паўтары сотні.

А 24 сакавіка ў арт-пабе «Торвальд» пройдзе святочны бясплатны канцэрт Зміцера Вайцюшкевіча.

Берасце.

Берасцейскія ўлады не далі дазвол на правядзенне святочнага пікету ў Дзень Волі: двухгадзінная акцыя вызначалася на 25 сакавіка на пешаходнай вуліцы Савецкай

Як паведаміў naviny.by адзін з заяўнікаў пікетавання, кіраўнік Брэсцкай абласной арганізацыі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ігар Маслоўскі, гарвыканкам матываваў адмову ў правядзенні пікета тым, што ён вызначаўся ў не ўстаноўленых для гэтага месцах. У адпаведнасці з рашэннем гарвыканкама масавыя мерапрыемствы па заяве грамадзян можна праводзіць толькі ў двух месцах: на пляцоўцы каля сцэны ў парку Воінаў-інтэрнацыяналістаў і на стадыёне «Лакаматыў».

Слуцк.

Слуцкая раённая бібліятэка не дазволіла Аліне Нагорнай правесці адукацыйную імпрэзу да Дня Волі,  На адукацыйнай імпрэзе юрыст Ігар Случак планаваў распавесці пра БНР з праўнага гледзішча. Таксама былі запланаваныя квіз і акустычны канцэрт, паведаміла "Свабодзе" Нагорная.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства